Каменка. Памяць у камяні і... сэрцах людзей

У якасці спадарожніка, а дакладней – гіда, у вандроўцы па славутасцях Каменкі старшыня сельвыканкама С.А. Панас параіў запрасіць былую выкладчыцу гісторыі С.Б. Кахновіч. Соф’я Баляславаўна не адмовіла, бо сваім захапленнем багатай духоўнай і культурнай спадчынай тутэйшых мясцін заўжды гатова падзяліцца з іншымі.
– У нас насамрэч ёсць што паглядзець і ёсць чаму падзівіцца, – гаворыць яна. – А сэрцам мястэчка, яго душой, безумоўна, з’яўляецца касцёл Антонія Падуанскага, дзе захаваліся метрычныя запісы аб нараджэнні 6 чэрвеня 1841 года і хрышчэнні 20 чэрвеня Альжбеты Паўлоўскай – будучай знакамітай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, якая з’явілася на свет у маёнтку Мількаўшчына, што за сем кіламетраў ад Каменкі. Цяпер гэта тэрыторыя Гродзенскага раёна. Там дзейнічае музей, з якім мы цесна супрацоўнічаем.

Турысты пакідаюць запіскі святому Антонію – апекуну пілігрымаў
У наступным годзе споўніцца 110 гадоў, як быў пабудаваны гэты велічны неагатычны храм, што зараз так упрыгожвае цэнтр Каменкі. Узводзілі яго талакою. Кажуць, ад магнацкага роду Сапегаў, уладальнікаў гэтых зямель, пастаўлялі камень і цэглу, ад паноў Незабытоўскіх – дрэва. Дый простыя людзі ахвяравалі, што маглі, часам – апошнюю капейчыну, непасрэдна ўдзельнічалі ў будаўнічых работах, на якія натхняў ксёндз Баляслаў Яроцкі. У яго гонар у касцёле ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
– Нашы продкі былі людзьмі памятлівымі і ўдзячнымі, – заўважае С.Б. Кахновіч. – Звярніце ўвагу, гэта далёка не адзіная мемарыяльная дошка. А ў памяць пра папярэдні драўляны касцёл Трох Каралёў на месцы былога алтара ў 1911 годзе ўстаноўлены каменны крыж. Мы яго аберагаем як святыню. Касцёл наш ніколі не зачыняўся, дзейнічаў нават у часы дамініруючага атэізму. Каменскія вернікі збераглі рэліквіі, змаглі ўтрымаць нейкую асаблівую, так бы мовіць, намоленую аўру гэтых мясцін, – з гонарам падкрэслівае Соф’я Баляславаўна. – На жаль, сярод святароў былі рэпрэсіраваныя. Ксёндз Юзаф Грасевіч 25 год адбыў у сталінскіх лагерах, але не зламаўся, ад веры не адмовіўся, зноў вярнуўся служыць у Каменскі касцёл. На яго тэрыторыі і пахаваны. 
…Заходзячы ў храм праз цэнтральны ўваход, абавязкова звернеш увагу на акно-ружу пад стромкім шпілем, на дзверы з мастацкай коўкай і … наступіш на пліту, што датуецца 1739 годам. На ёй надпіс на старалацінскай мове.


– Усюды звяртаемся, каб дапамаглі нам перакласці гэты тэкст. Вось бачыце – першае слова “дом”. Магчыма, у хуткім часе даведаемся, аб чым гаворыцца ў гэтым каменным пасланні, – дзеліцца наш гід і працягвае расказваць пра храм і яго заступніка.
Аказваецца, Антоній Падуанскі – асабліва ўшаноўваемы святы. Ён, пасля адпаведнай малітвы, “вяртае” згубленыя ключы, а галоўнае – дапамагае тым, хто згубіўся ў гэтым няпростым жыцці, накіроўвае на правільны шлях, з’яўляецца апекуном маладых сем’яў, падарожнікаў і г.д. Таму ў касцёле ўстаноўлена спецыяльная скарбонка, куды не толькі мясцовыя парафіяне, але і турысты часцяком апускаюць запіскі са сваімі просьбамі. Кажуць, усё збываецца. 
Надзвычай уражвае інтэр’ер касцёла. Алтар з цёмнага дрэва па-майстэрску выразаны ў выглядзе … фасада гатычнага храма, а насупраць аздоба старадаўняга віленскага аргана, прывезенага сюды ў 1908 годзе, проста люстэркава паўтарае гэту вытанчаную готыку. Бадай, такога больш нідзе не пабачыш: арыгінальна і надзвычай гарманічна. 


Усе дарогі вядуць … у школу
Мы даведаліся, што менавіта ў школьным двары ўстаноўлены памятны каменны знак у гонар лётчыкаў, якія загінулі ў небе над Каменкай у першы дзень Вялікай Айчыннай вайны. У школьным краязнаўчым музеі яго кіраўнік Алена Віктараўна Хвайніцкая і юныя экскурсаводы цікава раскажуць пра гераічныя старонкі нашай гісторыі. 
127-мы знішчальны авіяполк базіраваўся на запасным аэрадроме “Лесішча” ля вёскі Прудцы і не быў, як іншыя, разбіты ў першыя гадзіны вераломнага нападзення гітлераўцаў. Лётчыкі зрабілі 180 баявых вылетаў, збілі больш за 20 нямецкіх самалётаў. А пілоты Кузьмін і Ярохін адважна пайшлі на таран. Іх бессмяротныя подзвігі ўвайшлі ў гісторыю Вялікай Айчыннай. 
Ужо ў нашы дні, аднаўляючы ход падзей, вялікі ўклад унеслі і мясцовыя жыхары, успаміны відавочцаў. А эскіз мемарыяльнага знака і яго ўвасабленне ў камяні належыць залатым рукам настаўніка працоўнага навучання Вітольда Часлававіча Струпінскага. Ён выгравіраваў на валуне самалёт, пад якім прымацавана памятная дошка з імёнамі дзевяці загінуўшых лётчыкаў – зусім юных лейтэнантаў, што ў далёкім 1941-м у апошні раз паднялі свае “чайкі” з аэрадрома “Лесішча”.


… Калі мы ад цэнтра аграгарадка крочылі да школы, не маглі не звярнуць увагу на старыя забудовы. Жылыя дамы з мансардамі родам з мінулага стагоддзя – цікавы ўзор грамадзянскага будаўніцтва.
– Кажуць, жыў у нашых мясцінах такі дойлід, што ўзводзіў жытло менавіта ў такім стылі. Больш заможныя местачкоўцы толькі да яго і звярталіся, – тлумачыць старшыня Каменскага сельвыканкама С.А. Панас.
Любому турысту будзе цікава параўнаць новую і старую школы, што стаяць у адным двары па суседстве. Першая будавалася ў 1923 годзе, другая – у 1976-м. 
Шляхетны след
Дык вось, пазнаёміўшыся з архітэктурнай жамчужынай Каменкі – неагатычным касцёлам, наведаўшы краязнаўчы музей і памятны знак загінуўшым лётчыкам, самы раз адправіцца ў маляўнічыя мясціны, дзе калісь знаходзілася летняя рэзідэнцыя князёў Незабытоўскіх – фальварак Глыбокае. 
У тамтэйшым ландшафце адразу кідаюцца ў вочы зялёныя сведкі былой раскошы: векавы дуб-велікан вышынёю ў 33 метры, граб-экзот, тутавыя дрэвы – шаўкавіца белая і чорная, якія, дарэчы, сёлета былі на дзіва ўраджайнымі. І ўсё гэта шляхетнае прывітанне з мінуўшчыны, дзе па добрай традыцыі кожны маёнтак акружаў парк з дзівоснай флорай, а многія расліны прывозілі здаля. 
Непадалёку ад гэтых мясцін, ля вёскі Залесна, будзе цікава заехаць да радавога захавання сям’і Паўлоўскіх. Самы вялікі помнік – на магіле бацькі Элізы Ажэшкі, тут жа пакояцца і яе цётка Каміла, іншыя сваякі. Вельмі часта ля гэтага жывапіснага кургана-мемарыяла спыняюцца аўтобусы з турыстамі: людзі з розных куточкаў свету чытаюць малітву, ускладваюць кветкі… 


Ад Лесішча да Шчукаў
Далей каменскія краязнаўцы рэкамендуюць наведаць тое самае урочышча Лесішча, дзе ў 1940-1941 гадах базіраваўся палявы аэрадром, а затым трымаць накірунак на вёсачку з рамантычнай назвай Рамашкі. Там сапраўды можна натрапіць на рамонкавыя лугі, а яшчэ …. на ўнікальны лясны куточак з насаджэннямі інтрадуцыраванай сасны Веймутава – надзвычай рэдкага ў нашых мясцінах віду хвойкі. Гісторыя з’яўлення гэтых дрэў і тое, як яны прыжыліся на беларускай зямлі, сапраўдная загадка, што патрабуе дадатковага даследавання.
А за Рамашкамі, у накірунку Каменкі, ёсць аўтэнтычнае балота, якое цудам да гэтага часу не зачапіла меліярацыя. Гэтаму запаведнаму куточку сапраўды б не пашкодзіла надаць афіцыйны статус лакальнага заказніка і ахоўваць як унікум. Тут вялікая папуляцыя баброў, што ўздоўж рачулкі будуюць свае хаткі, тут гняздзяцца жураўлі і чорныя буслы, а балотныя травы проста зачароўваюць сваім водарам.
І яшчэ адну мясціну ў гэтай вандроўцы недаравальна прапусціць – былую вёсачку Шчукі, на месцы якой з’явілася паляўніча-рыбалоўная гаспадарка “Каменскае”. Па сутнасці гэта сучасны турыстычны комплекс з кафэ ў стылі дома паляўнічага, эка-катэджамі для пражывання, абуладкаванай тэрыторыяй, лазняй, заапаркам, конным дваром… Тут – усё для рэлаксацыі, тут адпачывае душа. 


Эмі Розэнблюм у захапленні ад беларускай гасціннасці 
Бадай, самым запамінальным турыстам апошняга часу стала амерыканка “з каменскімі каранямі” Эмі Розенблюм з Нью-Йорка. Яе маці юнай дзяўчынай у пачатку ХХ стагоддзя пакінула бацькоўскую хату ў пошуках лепшай долі. У Амерыцы дачка каменскіх яўрэяў выйшла замуж, але малая радзіма “не адпускала”. 
У 1934 годзе бацькі Эмі прыязджалі на Беларусь, сустракаліся з ўсімі сваякамі і знялі аматарскі фільм пра Каменку і яе жыхароў. Кажуць, што тая стужка абышла ледзь не ўвесь свет.
І вось ужо сама Эмі ў досыць сталым узросце захацела ўбачыць мястэчка, дзе жылі яе дзед з бабуляй, дзе калісь нарадзілася яе мама.
Людзі старэйшага пакалення расказвалі Эмі, які жудасны генацыд перажылі мясцовыя яўрэі падчас акупацыі гітлераўцаў, як жыхары Каменкі, рызыкуючы ўласным жыццём і жыццём сваіх дзяцей, хавалі яўрэяў ў сваіх дамах. Эмі плакала... Яна адарвала кавалачак кары ад старой яблыні на памяць пра свае ўласныя карані. А як кранулі яе падораныя каменцамі кветкі з вясковага агародчыка!
“Край раскрытых душ і дзвярэй,” – гэтыя словы Уладзіміра Караткевіча як нельга лепш адлюстроўваюць сутнасць каменскага края. Потым Эмі ў далёкай Амерыцы паказвала зробленыя на Беларусі фотаздымкі, эмацыянальна расказвала, як сардэчна яе, незнаёмку, прымалі на радзіме продкаў. Яе слухалі і … не маглі паверыць. Няўжо так бывае? Бывае! Цяпер і іншыя сваякі з роду Розэнблюм плануюць наведаць Каменку. 
Гэта толькі адзін эпізод. А увогуле пасля вяртання з вандроўкі па Каменцы і ваколіцах – цэлы караван гісторый, сустрэч, уражанняў. Але, мабыць, лепш адзін раз убачыць, чым сто раз пачуць.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ. Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!