Камандны падыход. У Воранаўскім раёне прайшоў першы абласны дэпутацкі турзлёт
На мінулых выхадных у аграгарадку Пагародна Воранаўскага раёна прайшоў першы абласны дэпутацкі турзлёт, які сабраў дэпутатаў Гродзеншчыны розных узроўняў: ад маладзёжных парламентарыяў да прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
На працягу двух дзён народныя абраннікі ўдзельнічалі ў разнастайных конкурсах і спаборніцтвах, каб вызначыць лепшых турыстаў. Мерапрыемства было прысвечана васьмідзясятай гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Можна сказаць, што гэтай тэматыкай турзлёт быў прасякнуты ад пачатку да канца. Пра бяссмертны подзвіг нашых продкаў нагадвалі розныя тэматычныя мерапрыемствы, песні ваенных гадоў ля вогнішча, уладкаванне турыстычных лагераў у салдацкай і партызанскай стылістыцы.
Дэпутаты Шчучыншчыны бралі ўдзел у трузлёце ў складзе аб’яднанай каманды Шчучынскага, Мастоўскага і Ваўкавыскага раёнаў. Назва каманды “Мы разам” сведчыла аб адзінстве прадстаўнікоў суседніх рэгіёнаў, якое наша дружына не раз прадэманстравала падчас спаборніцтваў.
Сваімі чаканнямі і ўражаннямі перад пачаткам унікальнага турзлёту падзяліўся дырэктар Скрыбаўскай СШ, дэпутат Мажэйкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр Шалесны:
– Цудоўнае мерапрыемства. Не кожны дзень мы, дэпутаты розных узроўняў, можам сустрэцца і абмеркаваць актуальныя пытанні ў нефармальнай абстаноўцы. Сімвалічна, што гэты турыстычны злёт прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў, памяць аб подзвігу продкаў павінна жыць. Наша аб'яднаная каманда называецца "Мы разам". Спадзяюся, што ў нас з суседзямі атрымаецца перамагчы ў спаборніцтвах.
Адкрывала першы абласны дэпутацкі турзлёт старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта:
– Дарагія сябры, я вельмі рада вітаць самых трывалых, вытрыманых, адважных, крэатыўных. Тых, хто ў душы яшчэ адчувае сябе юным, упэўненым, непераможаным. Сёння мы праводзім з вамі вельмі важнае, цікавае мерапрыемства – першы дэпутацкі турыстычны злёт. Ён прымеркаваны да вельмі важнай і сур’ёзнай даты ў нашай гісторыі – васьмідзесяцігоддзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наш народ у тыя цяжкія і складаныя дні Вялікай Айчыннай вайны мужна пераадольваў усе цяжкасці. Вядома, мы з гонарам узгадваем іх подзвіг, схіляемся перад іх мужнасцю і адвагай. Наша з вамі сустрэча – гэта даніна памяці і павагі тым, хто трывала стаяў на перадавой і ў акупацыі. Я жадаю і нам усім пераадолець усе выпрабаванні, якія мы разам з вамі запланавалі на гэтыя два дні. Я зычу вам поспеху і перамог, кожнаму над сабой і разам у камандзе.
Пасля адкрыцця мерапрыемства ўдзельнікі дэпутацкага турзлёту ўсклалі кветкі ля помніка загінулым ў гады вайны сувязісткам.
Далей турзлёт працягваўся паказальным пляц-канцэртам манеўранай групы і кінолагаў Лідскай пагранічнай групы. Цуды баявой падрыхтоўкі і зладжанасці паказалі байцы падчас свайго выступу. Смелыя трукі, цяжкія баявыя прыёмы, а таксама камандныя дзеянні ўражвалі гледачоў.
Насычаная конкурсная праграма турзлёту стартавала з інтэлектуальнай гульні. Капітанам нашай аб’яданай каманды на гэтым этапе стаў дэпутат Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Дубок, які ўпэўнена даў правільныя адказы на ўсе конкурсныя пытанні. Добры вынік члены нашай каманды паказалі на спаборніцтвах па дартсе. Важным этапам турзлёту стала прэзентацыя палатачных лагераў. Падчас прэзентацыі члены нашай каманды ўзгадалі ўспаміны салдат, якія вызвалялі Шчучын, Масты і Ваўкавыск, спявалі песні ваенных гадоў.
Далей турыстычны злёт працягнуўся дыялогавай пляцоўкай, на якой удзельнікі абмеркавалі 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, патрыятычнае выхаванне моладзі і 30-годдзе інстытута прэзідэнцтва ў Беларусі.
Выдатным заканчэннем першага дня стаў конкурс патрыятычнай песні, дзе наша дружына выканала песню Булата Акуджавы “Нам нужна одна победа”. Далей гэтая кампазіцыя стала неафіцыйным гімнам турзлёту.
У другі дзень турзлёту ўвага ўдзельнікаў была звернута на фінальную частку спаборніцтваў па валейболе. Спартсмены з Мастоўскага раёна годна выступалі за нашу каманду і па выніках турніру заваявалі залатыя медалі, абыграўшы ў фінале дружыну Свіслацкага раёна.
Апошнім этапам перад падвядзеннем вынікаў тузлёту сталі спаборніцтвы па перацягванні каната, ў якіх нашы дэпутаты таксама добра паказалі сябе.
Выступ нашай каманды на турзлёце высока ацаніла старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк:
– У нас прыўзняты настрой. Каманда ў нас была згуртаваная, годна трымалася на працягу спаборніцтваў. Усе разумелі, што патрэбны годны вынік. Але самае галоўнае, што мы сустрэліся з цудоўнымі людзьмі – з нашымі калегамі дэпутатамі, з членамі маладзёжнага парламента з Мастоўскага і Ваўкавыскага раёнаў. Гэтыя два дні мы пастаянна адчувалі “сяброўскі локаць” і былі разам.
І сумесныя дзеянні прадстаўнікоў трох раёнаў сапраўды былі высока ацэнены членамі журы, якія прысудзілі камандзе “Мы разам” першае агульнакаманднае месца. На закрыцці мерапрыемства было вырашана, што такія дэпутацкія турзлёты будуць праводзіцца і далей. У наступны раз эстафету ў Воранаўскага раёна прыме Навагрудчына.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.