Калі мы разам – мы мацней! На мінулым тыдні прайшоў ХІ абласны фестываль творчасці маладых інвалідаў

Пад такім дэвізам на мінулым тыдні прайшоў ХІ абласны фестываль творчасці маладых інвалідаў, з якога шчучынская каманда прыехала з дыпломам, цудоўным настроем і падарункамі. 

 

У гэтым крэатыўным свяце прымалі ўдзел супрацоўнікі і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Рыхтаваліся да знакавай падзеі яшчэ з верасня. Затое які яркі, відовішчны нумар атрымаўся! Прыгожую песню “Белая Русь” у выкананні Аксаны Шостак і Алены Болтак дапаўняла харэаграфічная кампазіцыя членаў танцавальнага гуртка “Надзея”. А разынкай фіналу стаў выхад Вольгі Сцефановіч, якая сімвалізавала малую радзіму і ва ўбранні якой былі адлюстраваны славутасці шчучынскага краю. 

 

– Пасля шквалу апладысментаў да нас падыходзілі калегі, шчыра дзякавалі, называлі сапраўднымі артыстамі, – дзеляцца ў аддзяленні, дзе з самага ранку адчуваецца хваля творчага пад’ёму. – А яшчэ ўсіх уразіла вялікае пано з гербам Шчучына, “вытканае” ў тэхніцы арыгамі. Для яго спатрэбілася 20 тысяч папяровых модуляў, якія ўручную выраблялі вялікай і дружнай камандай!

 

Аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў пры ТЦСАН было створана яшчэ ў 2010-м. На працягу апошніх шасці гадоў яго ўзначальвае надзвычай творчы, нераўнадушны чалавек – Аксана Канстанцінаўна Шостак. Няспешна і выверана падбіраліся кадры, затое цяпер ініцыятыўным калектывам загадчыца можа толькі ганарыцца. Бадай, самыя галоўныя вартасці кожнага з супрацоўнікаў аддзялення – душэўнасць і чуласць, уменне знайсці агульную мову з наведвальнікамі – людзьмі няпростага лёсу, захапіць іх цікавай справай, раскрыць творчы патэнцыял асобы.

 

Зараз заняткі ў аддзяленні наведваюць 28 чалавек, чатыры з якіх інваліды-калясачнікі. З таго часу, як у распараджэнні ТЦСАН з’явілася “Газель” з пад’ёмнікам, 11 маладых людзей прыязджаюць з сельскай мясцовасці. Вадзіцель спецтранспарту Ч.Б. Новік заўжды гатоў падставіць надзейнае плячо дапамогі сваім пасажырам.

 

Другім домам называюць людзі з інваліднасцю сваё аддзяленне дзённага знаходжання. Тут ім па-сапраўднаму цікава, бо створаны ўсе ўмовы, каб завязаць сяброўства, абмяняцца думкамі, развіць здольнасці, навучыцца чамусьці новаму, напрыклад, асвоіць камп’ютарныя праграмы. 

 

– Кіраўнік гуртка “Віртуальная рэальнасць” Алена Болтак гатова перадаць іншым свае багатыя веды, адзняць і зманціраваць відэасюжэт, падрыхтаваць макет для друкаванай прадукцыі, – расказвае А.К. Шостак. – Залатыя рукі і ў Наталлі Рудкоўскай, якая на занятках вучыць падапечных прыкладному мастацтву. Рукатворныя сувеніры і ўпрыгажэнні нашых рамеснікаў мы нават павезлі на кірмаш у Смаргонь, дзе госці “Дажынак” з задавальненнем іх набывалі.

 

 

У адказе за спартыўна-аздараўленчы напрамак Алена Кавальская, але ў калектыве запатрабаваны ўсе яе рознабаковыя здольнасці, актыўная грамадзянская пазіцыя. Талент сцэнарыста і рэжысёра адкрыўся ў спецыяліста па сацыяльнай рабоце Вольгі Сцефановіч. Да таго ж калегі цэняць яе арганізатарскія здольнасці. 

 

У мінулую пятніцу, калі мы наведаліся ў аддзяленне, яго творчая каманда збіралася выехаць з канцэртнай праграмай у Васілішкаўскі дом-інтэрнат.

 

– У апошні час мы наладзілі сувязі з дамамі-інтэрнатамі, – канстатуе Аксана Канстанцінаўна Шостак. – Плённае супрацоўніцтва ў нас з РЦКіНТ і яго дырэктарам Святланай Паўлаўнай Жвірбля, якая выдзяляе для падапечных нашага аддзялення білеты на спектаклі і канцэрты зорак эстрады, ніколі не адмаўляе ў сцэнічных касцюмах, дзякуючы чаму мы так дастойна выглядаем на фестывальнай сцэне. Зараз у нас чарговы сумесны праект: ладзім свята “Вясёлка дабрыні”, у якім, дарэчы, прымуць удзел прадстаўнікі раённых арганізацый Беларускага таварыства інвалідаў і БелТІЗ. 

 

Добрымі сябрамі і спонсарамі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі сталі раённыя арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК і рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, нераўнадушныя людзі з ліку жыхароў нашага горада. Сапраўды, калі ўсе мы разам – мы мацней. 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Таццяны ПАНОВАЙ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!