Калектыў магазіна “Родны кут” аграгарадка Ражанка ўдастоены высокай узнагароды

 

Мой “Родны кут”, як ты мне мілы… Ва ўзнёслыя паэтычныя радкі кожны з работнікаў і пакупнікоў гэтай крамы ўкладвае яшчэ і свой асабісты сэнс. Да прыкладу, Ганна Марозік у сістэме спажыўтаварыства працуе 38 год, з’яўляецца не толькі прадаўцом 6-га (самага высокага!) разраду, але і паспяхова ўзначальвае прадуктовы магазін па вуліцы Шчучынскай аграгарадка Ражанка, які ўваходзіць у гандлёвае сеціва “Родны кут”.

 

Яе каляжанкі – прадаўцы 5-га разраду Алена Пракаповіч і Наталля Валюк – таксама ўжо паспелі набыць багаты вопыт работы. Усіх траіх аб’ядноўвае тое, што яны шчыра любяць сваю прафесію і сваіх землякоў, што Ражанка – насамрэч іх родны куточак, дзе раслі, сталелі і якому засталіся вернымі. Тут, на малой радзіме, яшчэ глыбей пусцілі карані, стварылі сем’і, выхавалі і выхоўваюць добрых дзяцей. А магазін пад мілагучным брэндам “Родны кут”, дзе паспяхова працуюць, дзякуючы іх прафесіяналізму карыстаецца папулярнасцю ў мясцовых жыхароў.

 

 

– Удзячна лёсу, што ўсё склалася менавіта так, – прызнаецца Ганна Станіславаўна. – Мне заўжды шанцавала на добры калектыў. А адзін, як вядома, у полі не воін. Вось і зараз мы з дзяўчатамі ўсё вырашаем разам: з якіх канкрэтна тавараў заяўку сфарміраваць, у якой колькасці заказаць, чым з навінак пакупнікоў парадаваць, як правільна і зручна для людзей раскласці тавар.

 

Сапраўды, у магазіне так званай крокавай даступнасці ёсць усё неабходнае. Паколькі большасць пакупнікоў у мікрараёне аграгарадка ўжо досыць сталага ўзросту, то дарэчы прыйшліся палічкі з прамысловымі таварамі паўсядзённага попыту. Ну а харчовыя прадукты тут у самым што ні ёсць шырокім асартыменце.

 

 

– Хлеб – усяму галава, а таму мы яго атрымліваем з Мастоў не проста свежым – гарачым! Як і беспадобныя булачкі з рознымі начынкамі. Аматары печыва гэта вельмі цэняць, – расказваюць прадаўцы. – Вельмі разнастайны асартымент калбасных вырабаў ад лепшых вытворцаў рэспублікі. Любім напрамую працаваць з Гродзенскім, Ашмянскім, Слонімскім, Брэсцкім, Віцебскім мясакамбінатамі. На ўра ідзе малочная прадукцыя. Падабаюцца гаспадынькам паўфабрыкаты з нашага Шчучынскага філіяла: якасны фарш, свініна па-сялянску, пельмені ручной работы, галубцы, вэнджаная рыба...

 

 

– Тут усё заўсёды свежае. Люблю рабіць пакупкі менавіта ў гэтай краме. І прадаўцы ветлівыя, добразычлівыя, – сцвярджае маладая мама Анастасія Пядзюк, якая з маленькім сынам зайшла “на закупы”.

 

 

Абслугоўваць хутка і якасна дапамагае ўкаранёная тры гады таму аўтаматызацыя касавых сістэм. Ражанкаўскія прадаўцы асвоілі інавацыі аднымі з першых, ахвотна дзяліліся навыкамі з іншымі, а зараз не могуць нарадавацца, наколькі зручна стала працаваць з дапамогай камп’ютара. Немалаважна, што была праведзена мадэрнізацыя гандлёвага аб’екта, устаноўлена новае халадзільнае абсталяванне.

 

– Менавіта таму, што ў гэтым калектыве адкрыты да ўсяго новага, пастаянна вучацца і развіваюцца, з душой адносяцца да сваёй справы, у магазіне з году ў год назіраецца дынаміка росту тавараабароту, нягледзячы на жорсткую канкурэнцыю, – лічыць Ганна Сяргей, намеснік дырэктара Шчучынскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. – Мы не раз узнагароджвалі нашых лепшых працаўніц, а напярэдадні прафесійнага свята калектыў ражанкаўскага “Роднага кута” ўдастоены Ганаровай граматы ўпраўлення гандлю і паслуг Гродзенскага аблвыканкама і абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю спажыўкааперацыі і прадпрымальніцтва. Вельмі заслужаная ўзнагарода!

 

 

Як падкрэсліла Ганна Генрыхаўна, усяго на сённяшні дзень у Шчучынскім філіяле аблспажыўтаварыства дзейнічаюць 67 стацыянарных гандлёвых аб’ектаў, 45 з іх – у сельскай мясцовасці. 11 аўтамагазінаў абслугоўваюць амаль 8 тысяч вяскоўцаў. Паспяхова працуюць дзве фірменныя крамы “Марк Фармэль”. Па тэмпе росту рознічнага тавараабароту Шчучынскі філіял займае трэцяе месца у Гродзенскім аблспажыўтаварыстве. Сацыяльна значна і тое, што менавіта магазіны сеткі “Родны кут” прадастаўляюць 10-працэнтныя зніжкі на пэўны пералік тавараў грамадзянам льготнай катэгорыі – у тым ліку і пенсіянерам.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.


 

Шчучынскі райвыканкам і Прэзідыум раённага Савета дэпутатаў віншуюць усіх работнікаў гандлю і ветэранаў з прафесійным святам, выказваюць шчырыя словы падзякі за штодзённую працу, імкненне павышаць узровень сэрвісу, шчырае жаданне дарыць людзям добры настрой. Жадаем вам поспехаў у рабоце, асабістага шчасця, моцнага здароўя. Няхай у кожным доме валадарыць дабрабыт, будзе мірным неба і квітнеючай наша зямля.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!