Калектыў хірургічнага аддзялення №1 Шчучынскай ЦРБ і ў рабоце першы

“Вы ж толькі не стамляйце Аляксандра Валер’евіча размовай, – папярэдзіла мяне паставая медсястра. – Ён толькі што правёў аперацыю, на сёння ўжо трэцюю. Хірургія ёсць хірургія”. Пачутае азначала толькі адно: у калектыве хірургічнага аддзялення №1 здаровы мікраклімат, тут усведамляюць важнасць і каштоўнасць сваёй работы.

 

Загадчык першай хірургіі А.В. Чудоўскі зайшоў у свой кабінет крыху стомлены, але задаволены. За больш чым 30 гадоў работы ў Шчучынскай ЦРБ, 21 з якіх на пасадзе кіраўніка аддзялення, ён адаптаваўся і да высокіх нагрузак, і да бальнічнага экстрыму. Размову пачаў з паказчыкаў, якія вызначаюць работу калектыву ў 2019 годзе і дазволілі яму стаць пераможцам раённага спаборніцтва. Найперш назваў тыя, што зразумелыя і не медыку:

 

– Знізілася працягласць лячэння ў аддзяленні, а таксама смяротнасць – да 1,53 працэнта, у 2018 годзе яна складала 2,23 працэнта. Выканана 646 аперацый, што на 111 больш, чым у папярэднім годзе. Павялічылася колькасць планавых і экстраных аперацый. Чаму так? Насельніцтва старэе, пажылыя людзі жывуць адны, адцягваюць зварот да ўрача і трапляюць да нас, калі хвароба ўжо добра прыцісне. Вось і атрымліваецца, што на 65-67 працэнтаў аддзяленне працуе на экстраную хірургію. Гэта патрабуе асаблівай арганізацыі работы: трэба мець рэзерв свабодных ложкаў, быць гатовым прыняць пацыента ў любую хвіліну і стаць ля аперацыйнага стала…

 

Дарэчы, і на сёння, расказвае Аляксандр Валер’евіч, выпалі дзве экстраныя аперацыі – ушчымленая сцегнавая грыжа і гангрэна ступні, і адна планавая – варыкознае расшырэнне вен. А ўвогуле спектр аперацый вельмі шырокі, яны выконваюцца на грудной клетцы, брушной поласці, сасудах… Цяпер хірургі ў чаканні лапараскапічнай стойкі, што дазволіць асвоіць новыя віды аперацый малаінвазіўнымі метадамі. Пацыент менш часу правядзе ў стацыянары і на бальнічным лісце, знізяцца затраты. Ды і ўрачы зацікаўлены рэалізаваць свой патэнцыял, узяўшы ў рукі апарат новага пакалення.

 

Хірургія – гэта празмерна высокія нагрузкі і надзвычай высокая адказнасць. А яшчэ – работа ў камандзе. З усведамленнем гэтага працуюць усе 34 члены калектыву: 4 урачы, 26 медыцынскіх сясцёр і санітаркі.

 

– Не ўсё залежыць ад хірурга. Мала зрабіць добра аперацыю, трэба яшчэ выхадзіць пацыента. Поспех лячэння хворых залежыць ад усіх нашых супрацоўнікаў, – падкрэслівае А.В. Чудоўскі. – Яны ў нас розныя па ўзросце і вопыце, але аб’яднаны адным жаданнем – дапамагчы людзям. Моладзь у нас проста цудоўная! Добрых слоў заслугоўваюць паставыя медсёстры Кацярына Майко і Вераніка Богдан, працэдурная медсястра Ганна Кароза. Высока цаню вопыт і прафесіяналізм нашых ветэранаў – паставых медсясцёр Марыі Вікенцьеўны Ігнатовіч і Людмілы Янаўны Макаравай, аперацыйных медсясцёр Ліліі Браніславаўны Богдан, Ірыны Леанідаўны Паўлавец, Тэрэзы Вітольдаўны Каранкевіч, Аксаны Васільеўны Локцевіч, старшай медсястры аперблока Тамары Вацлаваўны Кочневай. Нядаўна працуе галоўная медсястра Святлана Іванаўна Дараховіч, але ўжо змагла яшчэ мацней з’яднаць калектыў.

 

Асабліва ўхвальныя словы кіраўніка пра калег Андрэя Іосіфавіча Здановіча і Аляксандра Віктаравіча Будрэвіча. Для гэтых урачоў, як і для самога Чудоўскага, хірургія – не работа, а служэнне. А іх высокі прафесіяналізм пацверджаны часам. Дарэчы, гэтым хірургам ёсць каму перадаваць вопыт. У мінулым годзе прыйшлі на працу ў аддзяленне Вольга Анатольеўна Фісенка і Яўген Іосіфавіч Антухевіч – граматныя маладыя спецыялісты, у якіх ёсць жаданне спасцігаць сакрэты прафесіі.

 

– Вельмі важна, што мы не губляем свае хірургічныя кадры. Лічы, усе ўрачы – ураджэнцы Шчучыншчыны, – ганарыцца Аляксандр Валер’евіч. – І вялікі дзякуй галоўнаму ўрачу ЦРБ Івану Уладзіміравічу Загароўскаму за зацікаўленасць у развіцці нашай хірургіі, ва ўкараненні новых метадаў лячэння, набыцці сучаснага медыцынскага абсталявання. Такія адносіны – стымул працаваць яшчэ лепш.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!