Каб зімовая забава не абярнулася трагедыяй. Што трэба ведаць перад выхадам на лёд?

 

На гэтым тыдні ў Шчучынскім раёне ўсталявалася сапраўднае зімовае надвор’е. Якія правілы бяспекі трэба ведаць перад выхадам на лёд і як не дапусціць трагедыі, разбіраліся разам са старшынёй раённай арганізацыі ТВВАД, старшым матросам-ратавальнікам Валерыем Шагам.

 

– Сапраўды, на многіх вадаёмах ужо сфармаваўся трывалы лёд. Бяспечным для чалавека лічыцца лёд, які мае таўшчыню больш за 7 см. Аднак трэба ўлічваць, што выпаў снег і зараз ён прыкрыты. Таму ацаніць стан лёду вельмі цяжка. Напрыклад, на шчучынскім возеры ёсць падводныя цячэнні, якія падмываюць лёд, і ў некаторых месцах ён становіцца слабым. Такія ўчасткі ёсць па перыметры ўсяго вадаёма. Таму выходзіць тут на лёд зараз небяспечна, – адзначыў Валерый.

 

Калі лёд не прысыпаны снегам, то ацаніць яго трываласць можна на вока. Лёд таўшчынёй большай за 7 см пачынае набываць светла-блакітны колер. Калі ж вы бачыце бурбалкі альбо снег, ці пену пад лёдам, то на яго лепш не выходзіць, ёсць пагроза праваліцца ў ваду.

 

Вядома, што часцей за ўсё зімой на лёд выходзяць рыбакі. Часта яны не маюць пры сабе неабходных сродкаў бяспекі: выратавальных камізэлек, вяровак і шыльяў. У такіх людзей значна памяншаюцца шанцы на выжыванне пры правальванні пад лёд. Яшчэ рыбакам вельмі важна дасканала ведаць вадаём, які яны абралі для зімовай лоўлі. Магчыма, на возеры ёсць цячэнні ці іншыя фактары, якія могуць аслабіць лёд у пэўных месцах. Таму калі вадаём для вас незнаёмы – няма чаго туды ісці.

 

 

Не рэкамендуецца выходзіць на лёд вялікай групай, знаходзячыся на замёрзлым вадаёме, трэба трымаць дыстанцыю паміж людзьмі. Разам з тым, калі вы сабраліся ісці на лёд, то пажадана, каб у вас быў напарнік, які ў выпадку бяды зможа прыйсці на дапамогу.

 

– Зразумела, што нават самае ўважлівае выкананне правілаў бяспекі не можа зберагчы ад няшчасных выпадкаў, – заўважыў Валерый Шаг. – Таму калі чалавек праваліўся пад лёд, яму нельга панікаваць. Трэба крычаць, як мага гучней клікаць на дапамогу і паспрабаваць вылезці. Пажадана выбірацца з вады пераварочваючыся з грудзей на спіну. Ні ў якім разе нельга станавіцца нагамі на лёд, бо можна паўторна праваліцца. Да берага варта дабірацца паўзком. Пасля таго як чалавек дабраўся да бяспечнага месца, яму трэба хутка абагрэцца. Важна выклікаць хуткую дапамогу альбо знайсці бліжэйшае цёплае памяшканне, каб не пераахаладзіцца.

 

Калі вы бачыце, што нехта правальваецца пад лёд, не трэба стрымгалоў несціся на дапамогу.

 

Першапачаткова патэлефануйце выратавальнікам і ў хуткую дапамогу. Ні ў якім разе нельга бегчы па лёдзе, да пацярпелага патрэбна дабірацца паўзком. Чалавеку, які тоне, можна падаць рэмень, шалік, альбо куртку і такім чынам пастарацца выцягнуць яго на лёд. Далей пацярпелага абавязкова трэба абагрэць.

 

– На вялікі жаль, да нас ужо паступалі сумныя звесткі аб смерці рыбакоў падчас зімовай рыбалкі. Так, 21 лістапада ў Магілёўскай вобласці патануў мужчына, які хацеў праверыць трываласць лёду. У нашым раёне, дзякуй богу, падобных выпадкаў у гэтым годзе не здаралася, – канстатуе Валерый Іосіфавіч.

 

 

У адсутнасці ахвяр вялікая заслуга агітацыйнай і прафілактычнай работы, якую сумесна праводзяць ТВВАД, РАНС і РАУС. У тым ліку гэтымі арганізацыямі ладзяцца сумесныя рэйды па вадаёмах. Адзін з іх прайшоў на гэтым тыдні на гарадскім возеры. Як адзначыў інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Віталій Панасевіч, у рамках рэйда супрацоўнікі правялі прафілактычныя размовы з рыбакамі на лёдзе, праверылі сродкі бяспекі і нагадалі асноўныя правілы знаходжання на вадаёме ў зімовы перыяд.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота з архіва РАНС.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!