Каб працавалася лягчэй. Праваахоўнікі сумесна з прадстаўнікамі “Белмытнясэрвіс” раздалі пітную ваду і падарункі хлебаробам

 

На гэтым тыдні ў Шчучынскім раёне стаіць надзвычай гарачае надвор’е, слупок тэрмометра паднімаецца да 34 градусаў па Цэльсію. Калі многія шукаюць паратунку ад спёкі ў цяньку, то аграрыі, не зважаючы на капрызы прыроды, працягваюць сваю працу ў полі. Справа хлебаробаў важная і ганаровая, згодныя з гэтым і супрацоўнікі міліцыі. Нядаўна яны правялі акцыю, у рамках якой перадалі аграрыям пітную ваду і падарункі.

 

Арганізатарам акцыі выступіла прэс-служба упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама сумесна з аддзелам ДАІ Шчучынскага РАУС і Гродзенскім філіялам РУП “Белмытнясэрвіс”. Як адзначае выконваючы абавязкі начальніка прэс-службы УУС Гродзенскага аблвыканкама Яраслаў Васілеўскі, такія мерапрыемствы сталі ўжо добрай традыцыяй для іхняга ведамства:

 

– Мы стараемся праводзіць цікавыя мерапрыемствы не толькі ў абласным цэнтры, але і па ўсім Гродзенскім рэгіёне. Мінулы раз з падобнай акцыяй мы наведвалі Бераставіцкі раён, яшчэ раней былі на Зэльвеншчыне, а зараз прыехалі на Шчучыншчыну. Работнікі сельгаспрадпрыемстваў выконваюць надзвычай важную працу для нашай краіны. Забеспячэнне харчовай бяспекі Беларусі – адказная справа. Бачна, што аграрыі ставяцца да сваіх абавязкаў сумленна і з душой, я б нават сказаў – па-роднаму. Таму мы і стараемся аддзячыць ім за добрую працу.

 

 

Удзельнікі акцыі віталі хлебаробаў у полі, выказвалі словы падзякі, дарылі падарункі і цікавіліся актуальнымі праблемамі. Механізатары сваёй радасці не хавалі. Напрыклад, Юрый Вербаль з ААТ “Дэмбрава” прызнаецца, што такая ўвага з боку праваахоўнікаў для яго прыемная і дае стымул працаваць лепш. Як бачым, настрой у аграрыяў баявы. Хлебаробы стараюцца мабілізаваць усе ўнутраныя сілы для таго, каб максімальна якасна сабраць сёлетні ўраджай і забяспечыць краіну хлебам.

 

Разам з тым, у такую анамальную спёку дапамога і падтрымка можа спатрэбіцца каму заўгодна. Так, на сваім маршруце ўдзельнікі акцыі сустрэлі мужчыну, у якога былі непаладкі з аўтамабілем. Пасля размовы аказалася, што дапамога да яго ўжо выехала, аднак без вады мужчыну не пакінулі.

 

 

– Улічваючы цяперашнія ўмовы надвор’я, гэта акцыя вельмі актуальная, – лічыць інспектар па адміністратыўнай практыцы аддзела ДАІ Шчучынскага РАУС Павел Мікалайчык. – Людзі працуюць у полі з ранку да ночы, і на маю думку, іх неабходна падтрымліваць маральна. Таксама немалаважна раздаваць пітную ваду, якая ў спёку лішняй ні для каго не будзе. Гэта патрэбна ў першую чаргу для падтрымання аптымальнага стану чалавека, які кіруе транспартным сродкам у такіх складаных умовах, як зараз.

 

 

Сёлета ўпершыню да падобнай акцыі далучыліся прадстаўнікі Гродзенскага філіяла РУП “Белмытнясэрвіс”. Сувенірная прадукцыя ад гэтай арганізацыі стала прыемным падарункам для механізатараў. Вядучы спецыяліст філіяла па ідэалагічнай рабоце Ірына Мешкіна спадзяваецца, што падобныя акцыі стануць добрай традыцыяй і для іхняй арганізацыі.

 

Акцыя падтрымкі аграрыяў у нашай вобласці будзе праводзіцца да канца ўборачнай кампаніі. Па словах Яраслава Васілеўскага, яны пастараюцца наведаць яшчэ некалькі раёнаў Гродзеншчыны.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!