Каб помнілі і ганарыліся

 

2023 год багаты на літаратурныя юбілеі. Таму сёлета першае пасяджэнне літаратурна-музычнай гасцёўні “Ад усёй душы” было прысвечана пісьменнікам-юбілярам. У раённай бібліятэцы імя Цёткі сабралася нямала чытачоў як старэйшага пакалення, так і гімназістаў.     

 

18 лютага споўніцца 130 гадоў з дня нараджэння Максіма Гарэцкага -- аднаго з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы, фалькларыста, навукоўца. Яго іншы раз параўноўваюць з сусветна вядомым нямецкім пісьменнікам Рэмаркам.  Як і Рэмарк (дарэчы, сёлета адзначаецца 125-годдзе з дня яго нараджэння), Гарэцкі быў удзельнікам Першай сусветнай вайны. Свае запіскі, зробленыя на фронце, Максім Іванавіч паклаў у аснову антываеннага мастацка-дакументальнага твора “На імперыялістычнай вайне”. На тры гады пазней Рэмарк надрукаваў свой раман “На заходнім фронце без змен”. У 1939 годзе кнігі Рэмарка былі спалены фашыстамі на плошчы Берліна. Сам пісьменнік выратаваўся ў эміграцыі.

 

 

Раманы, аповесці, навуковыя працы Максіма Гарэцкага сведчаць аб яго таленце і вялікім патэнцыяле. Шкада, што жыццё нашага пісьменніка трагічна абарвалася ў 45 гадоў: ён стаў ахвярай рэпрэсій.

 

Наступныя лісткі юбілейнага календара нагадалі прысутным аб 80-годдзі з дня нараджэння паэта Мар’яна Дуксы, дарэчы, ганаровага грамадзяніна Смаргоні. Далей удзельнікі пасяджэння мелі магчымасць паслухаць вершы і песні на словы Уладзіміра Карызны, Міхася Стрыгалёва, Анатоля Грачанікава, чые 85-гадовыя юбілеі мы таксама сёлета адзначаем. А вось чароўнай паэтэсе Яўгеніі Янішчыц споўнілася б 75… У Кастуся Кірэенкі сёлета 105-годдзе. Аповед пра кожнага з творчых людзей суправаджаўся слайдамі, абменам думкамі. І яшчэ да адной высновы прыйшлі шчучынскія аматары літаратуры. Усе адзначаныя юбіляры родам з вёскі. Мабыць, у гэтым першааснова іх шчырай любові і трапяткіх адносін да роднай мовы. А наша мова – гэта наша духоўная спадчына, якую мы павінны зберагчы і перадаць тым, хто ідзе за намі. У гэтым таксама заключаецца мудрасць чалавечага жыцця.

 

 

Тамара МЕНСКАЯ, супрацоўніца раённай бібліятэкі імя Цёткі.

Фота Таццяны СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!