Ім засталася спадчына… У сям’і Накладовічаў са Скрыбаўцаў усе ўмеюць і любяць ткаць паясы-абярэгі па старадаўніх тэхналогіях
Добрае чуваць далёка. Вось і слава пра дружных ды працавітых Накладовічаў са Скрыбаўцаў распаўсюджваецца не толькі сярод аднавяскоўцаў і народных майстроў Прынеманскага краю. Справа ў тым, што Ала, Юрый і іх дарослыя ўжо дачушкі Марыя і Караліна – сапраўдныя захавальнікі народнай спадчыны. Усё ў гэтай сям’і робяць разам і па прынцыпе: працаваць дык працаваць, а адпачываць – дык цікава, актыўна і таксама… працуючы! Бяруць у рукі прылады і плятуць паясы, адраджаюць старадаўнія тэхналогіі, што пакінулі ў спадчыну іх продкі.
Найлепшы рэлакс для Накладовічаў – змяніць абстаноўку, выехаць з майстар-класамі і выставай сваіх работ на чарговы фальклорны фестываль ці Дзень беларускага пісьменства. Там можна абмяняцца досведам з такімі ж апантанымі энтузіястамі, на людзей паглядзець і сябе паказаць.
– Матуля мая, Марыя Данілаўна Данцэвіч, была з роду адмысловых майстроў, – узгадвае Ала Накладовіч. – Да гэтага часу ў нашым доме як дарагія рэліквіі захоўваюцца яе саматканыя дываны, абрусы і навалачкі-вышыванкі, вязаныя сурвэткі, ручнікі, кожны з якіх сапраўдны твор народнага мастацтва. Я гэтыя рэчы ніколі і ні за якія грошы не прадам. Бо гэта была б здрада. Наадварот, мы з дочкамі імкнёмся працягваць нашы сямейныя традыцыі. Вечарамі вышываем, я мару навучыцца прасці на калаўроце (спецыяльна воўну берагу!), планую асвоіць ткацтва на вялікіх старажытных кроснах. Гэты ўнікальны станок у нас ад продкаў застаўся. Вось толькі, каб паставіць такія кросны, вялікае памяшканне патрабуецца. Магчыма, калі-небудзь цётчыну хаціну для гэтых мэтаў абуладкуем: там спрадвеку з усяе акругі ткаллі збіраліся, разам працавалі, узоры падбіралі, песні спявалі, вячоркі ладзілі. А старэйшыя абавязкова перадавалі маладым дзяўчатам сваё майстэрства.
Бадай, самае незвычайнае, што жаночая палова не на жарт зацікавіла народнымі рамёствамі і адзінага мужчыну ў сям’і. Юрый Накладовіч працуе ў Вялікім Мажэйкаве станочнікам на вытворчай базе Шчучынскай МПМК-167. Пра такіх кажуць: ну і рукасты мужчына! Сапраўды, дрэва, здаецца, пяе ў ягоных руках, дый увогуле, за што б ні ўзяўся, усё атрымліваецца. А ткацтва, як аказалася, не выключна жаночая справа. У старажытныя часы ткачамі ды шаўцамі нярэдка былі менавіта мужчыны. Вось і Юрый авалодаў многімі тэхнікамі. Аднак аддае перавагу ткацтву “на калодках”, калі атрымліваюцца не толькі паясы, але і функцыянальныя вяроўкі, што сяляне здавён прымянялі ў гаспадарцы.
– Напрыклад, тэхніка “на ніце” таксама вельмі старажытная. Мне калісь мама яе паказала. А яшчэ можна ткаць “на бёрдачку”, “на дашчэчках” – невялікіх дошках з дзіркамі. Усё гэта мы асвоілі ды апрабавалі, з задавальненнем перадаём свае навыкі усіх жадаючым, – гаворыць Ала Накладовіч. – Паясы атрымліваюцца ўсялякі раз розныя, але абавязкова з прыгожым малюнкам і складаным пляценнем. Яны – брэнд нашай сям’і і, безумоўна, абярэгі.
У свой час Ала Сцяпанаўна закончыла Курскае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча грамадзянскай авіяцыі, аднак жыццёвыя шляхі-пуцявіны зноў прывялі яе на малую радзіму. Тут сустрэла свой лёс – мясцовага хлопца Юрыя Накладовіча з вёскі Кіралі, выйшла замуж і ўжо на працягу трыццаці год яны не толькі носяць адно прозвішча, але, як кажуць, глядзяць у адным напрамку. Разам будуюць планы і іх ажыццяўляюць, імкнуцца зрабіць сваё жыццё цікавым і напоўненым.
Творчая і крэатыўная Ала пэўны час працавала ў сферы культуры, і калі павышала кваліфікацыю на курсах, з захапленнем вывучала народныя рамёствы. Потым і сама вяла ў Вялікім Мажэйкаве гурток “Умелыя рукі”. Пляценню паясоў надавала асаблівую ўвагу. На тых занятках і, безумоўна, дома вучыліся майстэрству яе дочкі. І няхай іх прафесіі зусім не звязаны з народнай творчасцю (Марыя – галоўны бухгалтар у Лідскім ліцэі меліярацыйнага будаўніцтва, а Караліна працуе паштальёнам у мясцовым аддзяленні сувязі), аднак дзяўчаты не на жарт пранікліся ідэяй адраджэння народнай спадчыны.
Ала Сцяпанаўна Накладовіч цяпер працуе страхавым агентам. Яна– камунікабельная, добразычлівая, гатовая заўжды дапамагчы людзям – жаданы госць у дамах вяскоўцаў. Акрамя асноўнай работы, міжволі загаворыць з прадстаўнікамі старэйшага пакалення пра народныя традыцыі, ткацтва і іншыя рамёствы, уласцівыя для гэтай мясцовасці. Па запатрабаванні сваёй душы яна стала сапраўднай захавальніцай народнай культуры і запаліла такі ж творчы агеньчык у сэрцах сваіх самых блізкіх і родных людзей.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.