І цяпер тут "Родны кут". Як рамонт і аўтаматызацыя гандлёвых аб'ектаў павышаюць якасць абслугоўвання

 

 

Нядаўна на вуліцы Заводскай зноў адчыніў дзверы для пакупнікоў магазін, які раней насіў назву “Родничок”. Цяпер у яго брэндавае імя спажыўкааперацыі – “Родны кут” і фірменны зялёны колер на фасадзе. Часовы перапынак у рабоце гандлёвага аб’екта быў абумоўлены рамонтам, які Шчучынскі філіял аблспажыўтаварыства праводзіў сваімі сіламі і за ўласныя сродкі.

 

– Змены не толькі знешнія, але і ўнутры гандлёвага модуля, – расказвае дырэктар Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства Вануш Рубікавіч Навасардзян. – Заменена падлога, абноўлены сцены і столь, прыбудаваны склад. Устаноўлена новае гандлёвае і халадзільнае абсталяванне. Крама камп’ютарызавана, прадуманы асартымент. І прадаўцам зручна працаваць, і пакупнікам добра – ёсць доступ амаль да ўсіх тавараў. Дарэчы, тут зручны графік работы летам – з дзевяці гадзін раніцы да дзевяці вечара.

 

 

Па словах дырэктара, на чарзе – рамонтныя работы і ў магазіне “Прадукты” г.п. Жалудок. Ужо рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя. Плануецца абнавіць гандлёвы аб’ект да канца года.

 

Яшчэ адзін участак работы шчучынскіх кааператараў – аўтаматызацыя сваіх гандлёвых аб’ектаў у горадзе і на вёсцы. Пятнаццаць з іх ужо прайшлі гэту працэдуру, у тым ліку магазін “Дамашні” ў Шчучыне, крамы ў Астрыне, Каменцы, Ражанцы, Рэзах і іншых населеных пунктах. У іх устаноўлены спецыяльныя касы са штрых-кодамі. Адпаведныя работы вядуць спецыялісты вылічальнага цэнтра Белкаапсаюза. Цяпер прадаўцу крамы, дзе праведзена аўтаматызацыя, не трэба думаць, якую цану ўстанавіць на тавар, што ўключыць у асартымент, які тавар прапанаваць на акцыі і г.д. Ён канцэнтруе сваю ўвагу на абслугоўванні пакупніка, а ўсе гандлёвыя працэсы рэгулююцца дыстанцыйна, з агульнага, так бы мовіць, цэнтра кіравання, размешчанага ў адміністрацыйным будынку.

 

 Аўтаматызацыя – патрабаванне часу, яна дазваляе гандлёвым аб’ектам спажыўкааперацыі павысіць якасць абслугоўвання, больш аператыўна і поўна рэагаваць на запатрабаванні пакупнікоў, падкрэсліў В.Р. Навасардзян.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!