Хваля каранавіруса чакаецца ў хуткім часе: хварэць будзе шмат дзяцей

 

Дзіцячыя паліклінікі ўжо рыхтуюцца да пад'ёму захваральнасці на каранавірусную інфекцыю, які прыпадзе на канец студзеня—пачатак лютага. Прагназуецца, што ў дзяцей будуць назірацца дастаткова цяжкія праявы — трахеабранхіты і інфекцыі верхніх дыхальных шляхоў. Медыкі раяць тэрмінова прышчапіць дзяцей, а таксама асаблівую ўвагу аддаваць іх здароўю, імунітэту і захаванню правілаў гігіены, у тым ліку масачнага рэжыму. Калі чакаць новую хвалю, каму і пры якіх умовах можна прышчапляцца ад COVІD-19, як правільна лячыцца дома і ўмацаваць імунітэт, нам расказала ўрач-інфекцыяніст 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Юлія Мілько.

 

— Юлія Васілеўна, на што цяпер хварэюць дзеці?

— Безумоўна, гэта вострыя рэспіраторныя інфекцыі рознай этыялогіі. Выпадкаў каранавіруснай інфекцыі са студзеня рэгіструецца няшмат — адзінкавыя, і пакуль мы знаходзімся прыкладна на тым узроўні, які быў летам. Але стала больш захворванняў, якія з'яўляюцца профільнымі для ўрача-інфекцыяніста — монануклеозы, нават адзінкавыя барэліёзы, ёсць невялікі пад'ём ветраной воспы, дыярэя віруснай этыялогіі. Якраз падчас пад'ёму каранавіруснай інфекцыі выпадкаў гэтых хвароб былі адзінкі. У канцы мінулага года было шмат ВРІ грыпападобнага характару — з высокай тэмпературай, трахеітамі, і дзеці хварэлі масава.

— Аднак у хуткім часе быццам бы зноў чакаецца рост каранавіруснай інфекцыі...

— Так, у канцы студзеня—пачатку лютага мы чакаем пад'ём захваральнасці на каранавірусную інфекцыю. Днямі праводзіўся рэспубліканскі вэбінар на дадзеную тэму, дзе нашы вядучыя інфекцыяністы расказалі, якія меры варта прыняць для гатоўнасці да павелічэння колькасці пацыентаў, далі рэкамендацыі і падзяліліся разлікамі па магчымай захваральнасці, каб мы ведалі, чаго чакаць. Прычым прагназуецца, што на педыятрычную службу нагрузка будзе большай, чым на дарослую. Таму мы рыхтуемся.

З 27 снежня мінулага года ў Беларусі пачалася вакцынацыя падлеткаў з 12 да 17 гадоў. Яна магчымая з пісьмовай згоды законных прадстаўнікоў. Падлетак павінен быць здаровым — без праяў вострай рэспіраторнай інфекцыі. Калі ён мае хранічныя захворванні, то яны мусяць быць у стадыі рэмісіі. Калі раней хварэў на COVІD-19, то пасля выздараўлення павінна прайсці шэсць месяцаў.

— Якія супрацьпаказанні да прышчэпкі?

— Як я ўжо адзначыла, гэта наяўнасць вострага захворвання ці абвастрэнне хранічнага, а таксама зафіксаваныя цяжкія алергічныя рэакцыі на любыя іншыя прафілактычныя прышчэпкі, у тым ліку анафілактычны шок ці алергія на кампаненты самой вакцыны. Супрацьпаказаннем лічыцца, калі ў дзіцяці ёсць некантраляваныя эпілептычныя прыступы ці наяўнасць прагрэсуючых захворванняў нервовай сістэмы.

— Калі падлетку рабілася прышчэпка ад грыпу, праз які час яго можна вакцынаваць ад COVІD-19?

— Праз месяц.

— Якое ваша меркаванне — ці трэба прышчапляць дзяцей?

— Адназначна трэба. У інфекцыйны працэс уцягваецца з кожнай хваляй усё больш дзяцей. Пры гэтым калі ў першыя хвалі хварэлі старэйшыя дзеці, то цяпер з вопыту тых краін, дзе ўжо шырока распаўсюджаны штам «Амікрон», чакаецца, што масава будуць інфіцыраваны дзеці нават да пяцігадовага ўзросту. Усё часцей у дзяцей сустракаецца абцяжарванне клінічных праяў.

— Ці можна самому адрозніць COVІD-19 ад грыпу і ВРІ?

— У іх ва ўсіх агульная сімптаматыка. Гэта высокая тэмпература, ускладненасць насавога дыхання, насмарк, кашаль, фарынгіт. І пры грыпе, і пры каранавіруснай інфекцыі характэрныя ламота ў целе, слабасць, стомленасць. Калі пацыент пераносіць ковід, ён адчувае, чым адрозніваецца хвароба. Як правіла, COVІD-19 праходзіць хвалепадобна, нават у лёгкай форме: спачатку адчуваеш сябе вельмі дрэнна, пасля, здавалася б, стала лягчэй, а потым зноў цяжкі стан вяртаецца. Таму, паколькі агульная сімптаматыка падобная, дакладна дыягнаставаць каранавірусную інфекцыю можна, толькі зрабіўшы ПЛР-тэст і экспрэс-тэст на антыген да SARS-CoV-2.

— Калі дзіця лечыцца дома, як палепшыць яго стан?

— У такім выпадку прызначаецца толькі сімптаматычная тэрапія: калі тэмпература, прымаем гарачкапаніжальнае, пераважна парацэтамол, і абавязкова вітаміны групы С, D і цынк. Акрамя таго, частае піццё, калі заложаны нос — сасудазвужальныя кроплі, калі баліць горла — таксама штосьці для аблягчэння. У дамашніх умовах дадатковае лячэнне не патрабуецца. Калі бачым, што далучаецца бактэрыяльная інфекцыя, могуць прызначацца антыбіётыкі.

Аднак на дамашнім лячэнні знаходзяцца толькі дзеці з лёгкай формай. Калі сітуацыя ўскладняецца, ёсць падставы падазраваць бранхіт ці пнеўманію, калі тэмпература вышэй як 38,5 трымаецца больш за тры дні, да сімптомаў ВРІ дадаюцца кішэчныя — рвота, дыярэя, болі ў жываце, гэта адназначна шпіталізацыя, бо рызыкі вельмі высокія.

Такое небяспечнае ўскладненне COVІD-19, як мультысістэмны запаленчы сіндром, сустракаецца цяпер часцей, чым у папярэднія хвалі. Яно характарызуецца высокай тэмпературай і мультысістэмным запаленнем — некалькіх органаў і сістэм, і можа закончыцца нават лятальным зыходам. Адметна, што гэтае ўскладненне можа з'яўляцца як падчас самой інфекцыі, так і пасля яе заканчэння. Таму нават пры падазрэнні на мультысістэмны сіндром дзеці знаходзяцца пад назіраннем у рэанімацыі.

— Якім чынам дзіцяці ўмацаваць імунітэт, каб яно перанесла хваробу як мага лягчэй?

— Важныя здаровы спосаб жыцця, паўнацэннае харчаванне, прыём вітаміну D круглы год. Гэта вітамін, які трэба ўжываць не падчас інфекцыі, бо дадатковыя яго дозы ў час хваробы на яе ход не ўплываюць, а вось яго дэфіцыт вельмі абцяжарвае інфекцыйны працэс. Таму яго варта прымаць загадзя і пастаянна ў абазначаных урачом ці інструкцыяй прафілактычных дозах.

 

ЗВЯЗДА

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!