Хто і як стварае “раёнку”, аб чым пісалі журналісты паўстагоддзя таму і як наладжана праца рэдакцыі сёння? Аб гэтым і многім іншым гімназістам расказалі журналісты Шчучынскай раённай газеты “Дзянніца”

Хто і як стварае “раёнку”, аб чым пісалі журналісты паўстагоддзя таму і як наладжана праца рэдакцыі сёння? Аб гэтым і многім іншым гімназістам расказалі журналісты Шчучынскай раённай газеты “Дзянніца”.

 

З нагоды 80-гадовага юбілею ў рэдакцыі з’явілася музейная экспазіцыя, якая карыстаецца папулярнасцю ў наведвальнікаў. Юнакі, дзяўчаты і іх настаўнікі адразу “зацанілі” цікавыя экспанаты: друкарскія машынкі, адзін з першых камп’ютараў, рэтра-фотаапараты, радыёпрыёмнікі, лічыльныя машынкі…    

 

Старыя падшыўкі дапамаглі даведацца, аб чым пісалі журналісты раней. Пра былых і сённяшніх карэспандэнтаў, якія плённа працавалі і працуюць на журналісцкай ніве, красамоўна распавялі фота.
 Побач з рэтра-тэхнікай на паліцах – новыя тэхналогіі: сучасныя фотаапараты, дрон, планшэт, ноўтбук, а таксама кнігі нашых калег. Асаблівае месца займаюць праекты, якія сталі лаўрэатамі прэстыжнага нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая Ліцера”.

 

 Рабяты цікавіліся, якія навучальныя ўстановы рыхтуюць журналістаў і ці варта выбіраць гэту прафесію. Варта, калі вы чалавек цікаўны, неабыякавы, творчы. Калі гатовы быць у цэнтры здарэнняў, працаваць аператыўна і самааддана. Як і ў кожнай прафесіі, калі гараць вочы і вы любіце тую справу, якой займаецеся, усё абавязкова атрымаецца! 

 

Мы яшчэ доўга ўспаміналі яркіх герояў газетных палос, цікавыя выпадкі і запамінальныя мерапрыемствы. Спадзяюся, юнакі і дзяўчаты зразумелі, што зусім не важна, працуе журналіст у раённым выданні або абласным ці рэспубліканскім, усё адно ён працуе з душой і спадзяецца на зваротную сувязь з чытачом.

 

Сёння кожны шосты жыхар Шчучыншчыны выпісвае нашу “раёнку”. А, значыць, газета стала сябрам і займае пачэснае месца сярод шматлікіх выданняў. Мы ўдзячны за давер усім нашым чытачам! 

 

Хто ведае, магчыма, хтосьці з гімназістаў, якія былі ў нас на экскурсіі, звяжа сваё жыццё з журналістыкай, а можа нават вернецца працаваць у родны горад і нашу рэдакцыю. А пакуль мы рады сябраваць і супрацоўнічаць!

 

Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара. 

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!