Хроніка здарэнняў. Падрыхтавана па матэрыялах Шчучынскага РАУС

Злодзей пад бокам

Замок на дзвярах – не перашкода для таго, хто хціва паглядае на чужую маёмасць. Не спыніў ён і непрацуючага, раней судзімага жыхара Берагоўцаў. Той сарваў «вартаўніка» з дзвярэй дачнага дома ў суседніх Рымках і вынес 400 кілаграмаў зерня. Прыхапіў і лом чорных металаў. На момант візіту праваахоўнікаў частка ўкрадзенага ўсё яшчэ знаходзілася ў зламысніка. Ёсць падставы меркаваць, што грамадзянін не раз хадзіў на такія «справы».

 

Яшчэ адзін наш зямляк з аналагічным «статусам» прамышляў на рынку: сцібрыў у аднаго з прадаўцоў сувенірныя вырабы. Устанавіць яго асобу дапамаглі ўстаноўленыя ў людным месцы камеры відэаназірання. Ні выкарыстаць, ні падарыць украдзеныя сувеніры зладзюжка так і не паспеў…

 

Грошай і мабільнага тэлефона пазбавілася жывёлавод адной з МТФ. Як высветлілася, работнік гэтага ж сельгаспрадпрыемства незаўважна «праверыў» яе шафку ў раздзявальні і забраў, што знайшоў.

 

На кожнага з фігурантаў заведзены крымінальныя справы.

 

Асцярожна: прадаўцы… паветра

У непрыемнай сітуацыі аказалася жыхарка Шчучына, якая кантактавала ў адной з сацыяльных сетак з патэнцыяльным, як яна думала, прадаўцом мабільнага тэлефона. Як толькі грошы пакупніцы – каля 300 рублёў -- патрапілі на банкаўскую картку ілжэ-прадаўца, здзелка і завяршылася. Інтэрнэт-махляр застаўся з прыбыткам, а наша зямлячка – у мінусе. Зрэшты, у такой сітуацыі не толькі яна. Праз інтэрнэт-махлярства страціў больш за 200 рублёў і гараджанін, які захацеў набыць карціну. Так бы мовіць, нейкі  прадавец «паветра» падманным шляхам завалодаў грашовымі сродкамі шчучынкі, якая праз інтэрнэт дамовілася набыць адзенне. Праз віртуальных махляроў знікалі грошы і з плацежных картак іншых людзей.

 

Кішэннікі

Аматары праверыць чужыя кішэні не выводзяцца. Вось толькі некалькі фактаў. Ад дзеянняў невядомага пакуль зладзюжкі пацярпеў вясковец, які гасціў у знаёмай з горада: з кішэні знікла ажно 500 рублёў.

 

Напэўна, нячысцік паблытаў непрацуючага жыхара Каменкі: заўважыўшы ў пад’ездзе аднаго з дамоў мясцовага жыхара, які тут прыснуў, ён праверыў кішэні і выцягнуў у вяскоўца, дарэчы, таксама непрацуючага, 50 рублёў. Не разбагацеў, а праблем сабе дабавіў.

 

Своеасабліва «аддзячыў» прымаючаму боку і жыхар Ваўчкоў – з кашалька, які ляжаў на стале і належаў гаспадыні дома, выграб 150 рублёў.

 

Цыбуля і не толькі

Расследуецца крымінальная справа па факце крадзяжу бензагенератара і 160 кілаграмаў цыбулі са складскога памяшкання на тэрыторыі былога аэрадрома.

 

Ад рук злодзея пацярпеў яшчэ адзін прадпрымальнік: з бытавога памяшкання на рабочым месцы зніклі акумулятарны дрыль, перфаратар, электрычны заклёпвальнік. Страты склалі больш за 1300 рублёў.

 

Горкая «ягадка»

Два шчучынцы сталі фігурантамі крымінальных спраў, заведзеных па артыкуле 168 Крымінальнага кодэкса РБ. Страсць засланіла розум: маладыя людзі ў розных месцах і ў розны час уступілі ў палавую сувязь з асобамі, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту.

 

Не ягадкамі пахне і справа маладзёна, які з дапамогай мабільнага тэлефона у месенджары Тэлеграм адправіў матэрыялы парнаграфічнага зместу непаўнагадовай дзяўчынцы.

 

Рыбка з крымінальным прысмакам

Два жыхары Шчучына неяк закінулі рыбалоўную сетку ў возера ля адной з вёсак, якое знаходзіцца ў арэндзе ў ІП з абласнога цэнтра. Улоў склаў 83 кілаграмы, але не парадаваў, бо, па-першае, паласавацца рыбкай не паспелі, а па-другое, праз забаронены промысел «вылавілі» мужчыны для сябе яшчэ і крымінальную справу.

 

Таццяна ВІТАЛЬЕВА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!