Хроніка здарэнняў

Такі вось фокус…

 

Аб тым, што пакідаць веласіпед пры ўваходзе ў пад’езд, на лесвічнай пляцоўцы ля дзвярэй – гэта вельмі неабачліва, гавораць і пішуць многа. Толькі прыслухоўваюцца да добрай парады не ўсе, таму і фактаў крадзяжу двухколавага транспарту, на жаль, менш не становіцца. Як пацвярджэнне – нядаўні выпадак: з пад’езда дома па вуліцы Астроўскага знік горны веласіпед “Стэлс Фокус”. Праваахоўнікі высветлілі, што “фокус” з крадзяжом позна вечарам “паказаў” жыхар вёскі Стараўшчына. Малады чалавек ужо уступаў у канфлікт з законам. Цяпер на яго зноў заведзена крымінальная справа.

 

Вясновыя “сюрпрызы”

 

Падчас правядзення сельскагаспадарчых работ на полі ля вёскі Збражкі была знойдзена 82-міліметровая мінамётная міна. Небяспечны “сюрпрыз” доўгі час хавала і поле ля вёскі Ашмянцы. Тут арсенал яшчэ большы: 80-міліметровая мінамётная міна, два 76-міліметровыя артылерыйскія снарады і тры рэактыўныя снарады РС-82. Мяркуецца, што ўсё гэта – водгалас часоў Вялікай Айчыннай вайны. Боепрыпасы вывезены і знішчаны.

 

Пачысціў кладоўку

 

Раённы аддзел Следчага камітэта завёў крымінальную справу на навучэнца сельгасліцэя, які прабраўся ў кладоўку аднаго з дамоў у Васілішках і выкраў прадукты харчавання, чатыры каструлі і канцылярскія прылады. Следчыя высвятляюць матывы такіх крымінальных дзеянняў. Да гэтага выпадку юнак ні ў чым падобным заўважаны не быў. “Дэбют”, з якога боку ні глянь, атрымаўся няўдалы.

 

На работу “пад мухай”

 

У стане алкагольнага ап’янення на тэрыторыі фермы аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна была затрымана жывёлавод, а на участку другога – палявод. Ахвотнікі працаваць “пад мухай” будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

 

Падрыхтавана па матэрыялах РАУС

Таццяна ВІТАЛЬЕВА. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!