Хроніка здарэнняў

Спакуса-зладзейка

Гэта здарэнне адбылося яшчэ летам: бясследна знік веласіпед, які стаяў ля магазіна ў аграгарадку Ражанка. А нядаўна была заведзена крымінальная справа на грамадзяніна, які спакусіўся на чужы двухколавы транспарт. Як высветлілася, на крадзеж пайшоў мясцовы жыхар, які, дарэчы, раней у канфлікт з законам не ўступаў.

 

Начыстую…

З дачнага дома, які размешчаны ў вёсцы Ройшы, зламыснік выкраў маёмасці на агульную суму каля 3000 рублёў. У спісе “прыхватызаванага” – ад аўтаматычнай пробкі, каструль і вудачак да помпы “Ручаёк” і машыннага зараднага ўстройства. Злодзей, збіўшы замок, “пачысціў” і хлеў (вынес гаспадарчы інвентар, тачыльны станок і палівачны шланг), а таксама падворак, адкуль прыхапіў тэлевізійныя антэну і кабель, драўляныя брускі і шмат чаго іншага. Як бачым, дзейнічаў з размахам і з упэўненасцю, што ўласнік сядзібы не застукае за ганебным заняткам, бо жыве ў іншым месцы і рэдка наведваецца ў вёску.

 

Бражны дух

Супрацоўнікі міліцыі нядаўна “патушылі” два ачагі самагонаварэння. У прыватнасці, у доме жыхара аграгарадка Вялікае Мажэйкава, дзе знаходзіліся самагонны апарат, 38 літраў гатовага прадукту і 70 літраў брагі. А таксама ў доме пенсіянера з вёскі Бераставіца, дзе знойдзена 18 літраў самагону.

 

Усё спатрэбіцца

Так вырашыў злодзей, які пад покрывам цемры прыбраў да рук 10 шчытоў апалубкі, пакінутых без нагляду на мосце паблізу вёскі Зачэпічы, дзе цяпер ідуць рамонтныя работы. Вядзецца вышук зламысніка.

 

Па той жа схеме

Невядомы зламыснік з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі з выхадам у інтэрнэт, завалодаўшы рэквізітамі банкаўскай карткі жыхаркі Шчучына, з яе карт-рахунка ўчыніў крадзеж 59 рублёў. Заведзена крымінальная справа.

Такіх злачынстваў, калі сляды прайдзісветаў, махляроў і іншых прадстаўнікоў крымінальнага свету хаваюцца на неабсяжных прасторах інтэрнэту, цяпер многа. І расследаваць іх складана. Таму праваахоўнікі перасцерагаюць грамадзян: “Не размяшчайце ў сацыяльных сетках даныя сваіх плацежных картак, не высылайце іх па просьбе іншых людзей”.

 

Таццяна ВІТАЛЬЕВА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!