Хроніка здарэнняў

 

Няхай ім пуста будзе!

 

Такія “пажаданні” шлюць людзі зладзюжкам, якія бессаромна прыбіраюць да рук чужую маёмасць і рэчы. Па сутнасці, часта гэта і ёсць “пустыя” асобы: працаваць не хочуць, а каб пракарміцца, выцікваюць, дзе і чым пажывіцца… Ведаючы, што спадчыннікі далёка, актыўна “чысцяць” апусцелыя сядзібы. Так, з нежылога дома ў вёсцы Клачкі выкралі бензатрымер, з дома ў вёсцы Доўгая – варачную панэль і дзверцы ад печы, сталы, тэлевізар, а з гаспадарчай пабудовы – саламарэзку і розны інвентар. Добра пажывіліся зламыснікі і ў вёсцы Зеневічы – на сядзібе, што засталася ў спадчыну: адсюль вынеслі алюмініевы посуд, помпу “Ручаёк”, бензапілу “Хускварна”, а таксама некалькі рыдлёвак, сякер, плугоў і іншых праладаў… Страты склалі больш за дзве тысячы рублёў.

 

Расрываць падобныя злачынствы складана, бо гарадскія ўладальнікі апусцелых вясковых сядзіб наведваюцца сюды рэдка. А калі факт крадзяжу становіцца вядомы, сляды злачынцаў ужо ці людзі затопчуць, ці дажджы змыюць…

 

Колькі вяровачцы ні віцца…

 

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што шчучынскія сышчыкі ў шапку не спяць. Ім ужо ўдалося ўстанавіць асобу падазраванага ва ўчыненні крадзяжу бензапілы з пакінутага ў спадчыну дома ў вёсцы Тумашаўцы (гэта судзімы мясцовы жыхар), плугоў, электрарухавіка і газавага балона ў Старынках  (на ганебную справу пайшлі трое непрацуючых вяскоўцаў). Вядома таксама, хто паквапіўся на спіртное і слодычы са спадчыннай сядзібы ў вёсцы Вялікае Сяло: на дрэнную справу пайшлі хлопец з гэтай вёскі і жыхар суседняй.

 

Ні грошай, ні рэчы

 

На чыстай вады махляра нарвалася нядаўна жыхарка Шчучына. Жанчына мела намер набыць садовыя арэлі. Як цяпер часта бывае, прадавец знайшоўся ў інтэрнэт-прасторы. Зламыснік дзейнічаў так пераканаўча, што наша зямлячка паверыла ў яго шчыраць і пасля перапіскі перавяла 500 рублёў на ўказаны рахунак у адным з банкаў.

 

Рукі часаліся?

 

Раённы аддзел Следчага камітэта вядзе расследаванне крымінальнай справы, заведзенай на невядомага, які з хуліганскіх намераў пашкодзіў лакафарбавае пакрыццё двух аўтамабіляў, што стаялі паблізу аднаго з дамоў у Шчучыне. Машыны, між іншым, былі прыпаркаваны па ўсіх правілах дарожнага руху. Страты ацэнены на агульную суму 600 рублёў.

 

Злосці поўныя косці

 

РАСК і пракуратура раёна завялі некалькі крымінальных спраў на грамадзян, ахвотных у парыве злосці актыўна і небяспечна “памахаць” рукамі і нават нагамі. Сярод фігурантаў – і вяскоўка-пенсіянерка, якая, знаходзячыся ў гасцях, падчас сваркі нанесла ўдары нагой гаспадару дома. Мужчына атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні. А вось у канфлікце, які ўспыхнуў у Баярах, пацярпелай аказалася госця: жанчыну ўдарыў у твар той, хто яе частаваў. Фінал – закрыты пералом сківіцы. Фігурантам яшчэ адной крымінальнай справы стаў жыхар аграгарадка Ражанка, бо сістэматычна збіваў сваю жонку.

 

Не прайшла міма

 

Заведзена крымінальная справа на жанчыну, якая на лесвічнай пляцоўцы ў бальніцы Жалудка ўчыніла крадзеж кашалька з грашыма. Рэч пакінуў без нагляду на падаконніку мясцовы жыхар.

 

Два ўгоны

 

Угон аўтамабіля ад дома па вуліцы Гастэлы паспрабаваў учыніць жыхар Шчучына. Але перашкодзілі абставіны. А нецвярозаму жыхару Астрыны ўгон удаўся: на чужым аўто ён нават паездзіў па дарогах нашага, а потым і суседняга раёна, дзе і быў затрыманы супрацоўнікамі АДАІ.

 

Таццяна ВІТАЛЬЕВА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!