Хроніка здарэнняў

 

Усё тая ж “хвароба”

 

Мы не раз адзначалі, што марадзёрскія набегі на апусцелыя вясковыя сядзібы робяць не заезджыя “гастралёры” (хаця і такое бывае), а мясцовыя жыхары. У чарговай зводцы з міліцыі – пацвярджэнне гэтага. На гэты раз у ганебнай справе “засвяціліся” два жыхары вёскі Вялікія Пугачы. Раным-рана яны знялі з петляў дзверы ў гаспадарчую пабудову ў двары дома, які на правах спадчыны належыць жыхару райцэнтра, і выкралі конную барану, КПП да аўтамабіля, напольныя вагі, металічныя трубы.

 

Пракаціўся…

 

Усё пачыналася… з застолля. Маладыя мужчыны з Руткевічаў крыху пасядзелі, а затым адзін з іх, падабраўшы ключ, пракаціўся на легкавушцы другога да суседняй вёскі. Вядома ж, без дазволу аўтаўладальніка. Калі ж паставіў машыну на месца, напэўна, разлічваў, што гэты “манеўр” застанецца незаўважаным. І памыліўся. Закон расцэньвае такія дзеянні як угон.

 

За абразу – да адказу

 

Пракуратура раёна завяла крымінальную справу па ч. 1 арт. 368 КК Рэспублікі Беларусь у адносінах да жыхаркі Шчучына, якая, выкарыстаўшы мабільны тэлефон з выхадам у інтэрнэт, у адной з навасных суполак у месенджары “Тэлеграм”, як мяркуецца, наўмысна і публічна абразіла высокую службовую асобу. Цяпер за тыя злыя словы давядзецца адказваць.

 

Вышукваюцца “металісты”

 

Сышчыкі ўстанаўліваюць асобу зламысніка, які з пагрузачнага трала, што знаходзіўся паблізу вёскі Мілеўцы, выкраў 8 фіксуючых ланцугоў з крукамі і 300 кілаграмаў лому чорнага металу.

 

Заграбушчая “рука” з інтэрнэту

 

У выніку крымінальных дзеянняў зламысніка, які займаецца крадзяжом грашовых сродкаў з банкаўскіх картак, пацярпела нядаўна маладая шчучынка: з яе карт-рахунка знікла больш за 700 рублёў.

 

“Ліпа” пахне дрэнна

 

Супрацоўнікі АБЭЗ выявілі, што службовая асоба адной з ферм унесла хлуслівыя звесткі ў афіцыйныя дакументы. Такія незаконныя маніпуляцыі спатрэбіліся, каб схаваць факты ўтылізацыі вернутага малака. Заведзена крымінальная справа.

 

… І “клубнічка” таксама

 

Фігурантам крымінальнай справы па ч. 2 арт. 343 КК РБ стаў 20-гадовы жыхар раёна, які ў вольны час зацікавіўся “клубнічкай”: на асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы вырабляў і распаўсюджваў матэрыялы парнаграфічнага зместу.

 

Таццяна ВІТАЛЬЕВА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!