Хроніка здарэнняў
Махляр з інтэрнэту
У “сетку” махляра з Міншчыны патрапіла нядаўна жыхарка Шчучына. Выкарыстаўшы кам’ютарную тэхніку з выхадам у інтэрнэт, у сацыяльнай сетцы “Інстаграм” гэты непрацуючы, раней судзімы “дзялок” пад выглядам продажу рэчаў завалодаў грашыма нашай зямлячкі ў суме звыш 100 рублёў.
Іншы інтарэс
Уборачная кампанія патрабуе дысцыпліны і парадку на рабочых месцах. Аднак не ўсе яе ўдзельнікі гатовы выконваць устаноўленыя правілы. Так, на тэрыторыі збожжасклада ў аграгарадку Ражанка быў затрыманы механізатар, які спрабаваў украсці паўтоны зерня трыцікале. На яго складзены адміністрацыйны пратакол. Да адміністрацыйнай адказнасці будзе прыцягнуты і палявод, які знаходзіўся на тэрыторыі збожжасклада “Жалудоцкага агракомплексу” ў стане алкагольнага ап’янення. Да таго ж мужчыну патлумачылі, што для такіх “вольнасцей” – не час, і не месца.
Хто ж пайшоў на злачынства?
На гэты раз пад “прыцэлам” злодзея аказаўся нежылы, пакінуты ў спадчыну дом у вёсцы Нарчы. Невядомы пакуль злачынца зрабіў спробу выкрасці адтуль металічны посуд, пячныя прылады, пральную машыну, дамкрат і іншы гаспадарчы інвентар. Праўда, свае намеры давесці да канца не змог. Цяпер праваахоўнікі вышукваюць зламысніка, каб прыцягнуць да адказнасці і папярэдзіць аналагічныя набегі на іншыя апусцелыя сядзібы.
Не атрымалася спроба здабыць металалом на чужым падворку, што ў Вялікіх Герніках, і ў двух маладых “металістаў” – навучэнца каледжа з абласнога цэнтра і яго равесніка са Шчучына. На хлопцаў заведзена крымінальная справа.
Адчуў сілу…
Раённы аддзел Следчага камітэта завёў крымінальную справу на жыхара вёскі Казацкія. Мужчына знаходзіўся на ўліку як асоба, якая дапускае правапарушэнні ў стане алкагольнага ап’янення. Асабліва дрэнна паводзіў ён сябе ў адносінах да сужыцелькі – сістэматычна наносіў свае пабоі. За гэта сямейны дэбашыр цяпер будзе адказваць перад законам.
Фальшыўка ў кашальку
Жыхарка г.п. Астрына прынесла ў аддзеленне банка для абмену купюру вартасцю 5000 расійскіх рублёў. Высветлілася, што гэта фальшыўка. Па словах жанчыны, яе муж атрымаў банкноту ў якасці зарплаты ў Маскве.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.