Хроніка здарэнняў

“Родны кут” не ўберажэ…

Так атрымалася, што на ганку аднаго з магазінаў “Родны кут” у Шчучыне жанчына пакінула без нагляду мабільны тэлефон. І ў яго адразу ж знайшлася новая гаспадыня. Супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі, што апарат прыбрала да рук гараджанка-пенсіянерка, якая, дарэчы, да гэтага ў канфлікт з законам не ўступала. Пазбавіўся свайго мабільніка і жыхар аднаго з дамоў па вуліцы Будаўнікоў. І “дапамог” у гэтым сквапны госць.

Не з пустымі рукамі

выйшаў з дома жыхара Шчучына непрацуючы, раней судзімы грамадзянін. Ён прыхапіў з сабой 180 рублёў. Але пусціць грошы ў справу злодзей так і не паспеў. А вось раней судзімы жыхар Ліпічна выдраў шкло ў аконнай раме, прабраўся ў дом аднавяскоўкі і ўкраў адтуль ручнік, станок для галення, насценны гадзіннік і пэндзаль для малярных работ.

“Корманарыхтоўшчыкі” і іншыя

На полі каля Зенюкоў былі затрыманы тры жыхары вёскі Старынкі і два вяскоўцы з Ліпічна: талакой яны мелі намер украсці рулон сена вагой 500 кг. На хцівых “корманарыхтоўшчыкаў” складзены адміністрацыйныя пратаколы. Да адміністрацыйнай адказнасці будзе прыцягнуты і работнік “Першамайск-агра”, які выкраў восем літраў дызельнага паліва.

Выстрал ля Стралкоў

Раённы аддзел Следчага камітэта расследуе крымінальную справу па факце незаконнай здабычы адной асобіны аленя высакароднага. Мяркуецца, што невядомы пакуль зламыснік выстраліў у жывёліну на пустцы паблізу вёскі Стралкі. Навакольнаму асяроддзю нанесены страты ў памеры звыш 7000 рублёў.

Свая вінакурня

Непрацуючы гараджанін наладзіў самагонную “вытворчасць” на хутары паблізу вёскі Валянчыцы. У гаспадарчай пабудове перапрацоўкі чакала 140 літраў брагі, тут жа знаходзіўся і апарат для вырабу “самжанэ”.
Але гэтыя аб’ёмы нішто з вінакурняй, абсталяванай у гаспадарчай пабудове жыхара Астрыны: тут захоўвалася звыш 600 літраў брагі.

Нелегал – гэта не па-нашаму

У ходзе СКМ “Нелегал” устаноўлена некалькі парушальнікаў дзеючага заканадаўства. Так, пажылая кабета прадаставіла жыллё жанчыне – грамадзянцы іншай краіны, якая знаходзілася ў пагранічнай зоне без пропуску. Яшчэ некалькі замежнікаў пражывалі ў вёсках раёна без рэгістрацыі ці мелі несапраўдныя віды на жыхарства.

Таццяна ВІТАЛЬЕВА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!