Харчаванне школьнікаў у цэнтры ўвагі. Нядаўна прайшло пасяджэнне міжведамаснага савета па арганізацыі харчавання навучэнцаў устаноў адукацыі Шчучынскага раёна

 

Харчаванне з'яўляецца адным з асноўных фактараў, якія ўплываюць на здароўе і развіццё дзяцей. Менавіта таму на дзяржаўным узроўні вялікая ўвага пастаянна надаецца школьнаму харчаванню, якое павінна быць здаровым, разнастайным і збалансаваным. Як вырашыць актуальныя праблемы ў гэтай сферы, рацыяналізаваць працэс і павялічыць якасць страў, абмеркавалі нядаўна ў Шчучыне на пасяджэнні міжведамаснага савета па арганізацыі харчавання навучэнцаў устаноў адукацыі Шчучынскага раёна.

 

Акрамя членаў савета па арганізацыі харчавання і прадстаўнікоў устаноў адукацыі ўдзел у пасяджэнні ўзялі намеснік старшыні райвыканкама Яўгеній Вінча, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Павел Тарчынскі, начальнік фінансавага аддзела райвыканкама  Аліна Бібікава, кіраўнік ДУ “Шчучынскі раённы цэнтр для забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый і дзяржаўных органаў” Іван Гваздоўскі і галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Шчучынскага раёна Анастасія Круковіч.

 

 

На парадку дня стаялі пытанні ўкаранення новых падыходаў да арганізацыі школьнага харчавання і выканання плана работы міжведамаснага савета. Асобна абмеркавалі выкананне школамі асаблівых даручэнняў і рэагаванне імі на заўвагі, якія былі зроблены падчас праверачных рэйдаў.

 

 

Згодна з графікам аб паэтапным пераводзе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Шчучынскага раёна на новыя прынцыпы арганізацыі школьнага харчавання з 1 верасня 2023 на новыя прынцыпы харчавання перайшлі 8 устаноў адукацыі. Яшчэ 6 школ перайшлі з 4 сакавіка 2024 года. Чакаецца, што з 2 мая на новую сістэму пяройдуць гарадская гімназія і СШ № 2. Дзеля гэтага былі выкананы планы па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў школ. Таксама ва ўстановах адукацыі праводзіліся адмысловыя кансультацыі і семінары.

 

 

Разам з тым на пасяджэнні вялікая ўвага была звернута на недахопы і праблемы ў сферы дзіцячага харчавання. Так, у асобных школах раёна востра стаіць пытанне недахопу кваліфікаваных кадраў. Таксама шэрагу ўстаноў адукацыі трэба набыць новы посуд.

 

Такія пасяджэнні праводзяцца планава два разы на год. Аднак пры неабходнасці могуць адбывацца пазачарговыя пасяджэнні і нарады. Усё гэта зроблена для таго, каб трымаць на кантролі актуальныя пытанні дзіцячага харчавання ва ўстановах адукацыі нашага раёна.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!