Хадзіла Троіца каля аконца…

 

З такіх радкоў народнай абрадавай песні пачалося свята “Сёмуха” ў аграгарадку Ракавічы. Традыцыйна, у гэты дзень ладзілі свята ў гонар царкоўнага свята Пяцідзесятніцы, пераплеценае народнымі традыцыямі і абрадавымі дзеямі ушаноўвання культу продкаў і расліннасці. Адметна тое, што і сёння жыхары нашага рэгіёна рыхтуюцца да гэтага свята загаддзя.

 

 

Напярэдадні, пад вечар, па даўняму звычаю пачыналася ўпрыгожванне вуліц, дамоў і ўсіх гаспадарчых пабудоў зелянінай – маладымі дрэўцамі, галінкамі бярозы, клёна ці дуба, як сімвал сыходу Святога Духа і адраджэння новага жыцця. Гатуецца традыцыйная ежа, смажыцца яешня, дбайныя гаспадыні пяклі пірагі і частаваліся ўсёй ваколіцай.

 

 

 

А колькі добрых слоў прагучала! “Сёмуха прыйшла – шчасце прынесла, шчасце добрым людзям”, “Жадаем вам жыці – быці, Богу маліцца, дабра нажываці і гора не знаці, “Каб у вас усяго было багата і каб вы другога году дачакалі” -- з такімі пажаданнямі дзяўчаты ды і замужнія маладыя жанчыны ішлі ад хаты да хаты ў Ракавічах з выбранай самай прыгожай, працавітай і здольнай дзяўчынай – “Бярозкай”. Яе зялёны вянок аздобіў скроні, бярозавыя галінкі ўпрыгожылі дзявочы стан.

 

 

Нашы продкі верылі ў магічную сілу бярозы і хацелі перадаць яе іншым раслінам, каб забяспечыць добры ўраджай і моцнае здароўе. Да каго Бярозка зайшла, –дабрабыт прынесла, а ўсё нядобрае забрала ў бярозавыя лісточкі. У некаторых мясцінах нашага раёна захаваўся звычай спальваць бярозавыя галінкі, выкарыстаныя ў абрадавых дзеяннях, на адкрытай мясцовасці за вёскай. Такім чынам, жыхары ачышчаліся ад уплыву цемных сіл. Усе ведалі, калі трэба памірыцца з суседам альбо дараваць нейкую крыўду, то прайшоўшы праз бярозавы вянок (арку), сяброўства будзе самым моцным і даўгавечным.

 

 

Удзельнікі аматарскага аб’яднання “Весялуха” Ракавіцкага Дома культуры пад кіраўніцтвам Жаны Рыбак правялі абрад кумавання. Павязалі стужкі на бярозавых галінках на добрае лета, на багаты ўраджай, на шчаслівую долю і на добрае замужжа. Дзяўчыны плялі вянкі з маладых галінак дрэў, апраналі на галовы сваім выбраннікам падчас агульных гулянняў. Весяліліся жыхары і госці аграгарадка на імправізаванай пляцоўцы ў карагодзе побытавых танцаў, якія ладзяцца у рамках абласнога праекта “ЭтнаБУМ”. Парадавылі ўсіх прысутных сваім выступленнем салісты Ракавіцкага Дома культуры і Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

 

 

Галіна ПЕТУШОК, загадчык аддзел арганізацыйна-метадычнай работы Шчучынскага РЦКіНТ.    

 

                  

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!