Гучыць над полем РАПСодыя

З кожным днём уборка азімага рапсу ў нашым раёне набірае абароты. У ААТ “Дэмбрава” яна ўвогуле пераваліла за экватар: сёлета ў гаспадарцы пасевы гэтай маслічнай культуры займаюць 700 гектараў, з якіх больш за 50% ужо абмалочаны.

Каб убраць рапс у тэрмін, дэмбраўскія аграрыі задзейнічалі пяць камбайнаў, за штурвалы якіх селі самыя вопытныя механізатары. Сярод тых, хто з раніцы і да позняга вечара працуе ў полі, перадавы камбайнер В.Р. Вейка.

– Гэта маё трынаццатае рапсавае жніво, – зазначае Валерый Раманавіч. – Арганізавана яно, як і заўжды, выдатна. Гаспадарка забяспечыла нас, механізатараў, усім неабходным: спецадзеннем, аптэчкамі, вогнетушыцелямі, пітной вадой. Да ўсяго ўсе, занятыя на ўборцы, атрымліваюць двухразовае гарачае харчаванне. Яно і зразумела, бо ў полі праца не спыняецца ўвесь светлавы дзень. Пакуль мой асабісты рэкорд – 100 намалочаных тон рапсу за дзень. І я прыкладу ўсе намаганні, каб яго пабіць!

Разам з Валерыем Раманавічам жнуць рапс камбайнеры Віталій Мар’янавіч Медушэўскі і Леанід Вячаслававіч Ціцяк – сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, чыёй жалезнай вытрымцы можна толькі пазайздросціць.

Аператыўна дастаўляюць свежаўбраны ўраджай да сушылак вадзіцелі Валянцін Аляксандравіч Тронін і Васілій Іванавіч Малейка.

– Я працую ў гаспадарцы ўсяго тры месяцы, аднак мой вадзіцельскі стаж значна большы, – падкрэслівае малады вадзіцель В.А. Тронін. – Пэўны час кіраваў грузавіком у аўтапарку №12, таму з тэхнікай на “ты”. На сваім 20-тонным МАЗе накручваю да 200 кіламетраў у дзень. Перад адпраўкай у рэйс свежаабмалочаны рапс абавязкова накрываю спецыяльным тэнтам, каб пазбегнуць страт. У кабіне няма кандыцыянера, таму ў гарачы дзень унутры тэмпература паветра награваецца да звыш 30 градусаў. У такіх умовах працаваць няпроста, але хто сказаў, што прафесія хлебароба лёгкая?

У гаспадарцы паклапаціліся аб бяспецы працы. На кожным полі абавязкова дзяжурыць пажарная машына або стаіць бочка з вадой.

Кіпіць работа і “ў тыле” гаспадаркі. Свежаўбраны рапс падвозяць на сушылкі ў Мураўёўку і Стараўшчыну, дзе прасушваюць, пакуль утрыманне вільгаці не знізіцца да 8-9%. Затым масланасенне дастаўляюць на перапрацоўку ў спецыяльны цэх, які працуе кругласутачна.

– Летась мы купілі прэс украінскай вытворчасці і пачалі самі перапрацоўваць рапс – да 30 тон у суткі, – расказвае брыгадзір участка №2 “Багушы” Віктар Віктаравіч Гардзейчык. – І адразу адчулі розніцу! Адна справа – прадаваць масланасенне перапрацоўчым прадпрыемствам, а потым выкупаць у іх жа жмых для кармлення буйной рагатай жывёлы. Зусім другое, калі мы самі наладзілі вытворчасць і зарабляем на гэтым грошы. Толькі ў мінулым сезоне адціснулі 1100 тон рапсу і атрымалі істотны прыбытак. Сёлета, каб павялічыць эканамічны эфект, набылі яшчэ адзін прэс чэшскай вытворчасці. Яго мантаж ужо амаль завершаны. Калі запусцім яго ў эксплуатацыю, то зможам значна павысіць якасць і аб’ёмы атрымліваемага алею!

Дарэчы, азімы рапс – не адзіная культура, якую ўбіраюць у ААТ “Дэмбрава”. Мясцовыя хлебаробы паралельна пачалі абмалочваць азімую пшаніцу і гібрыднае жыта.

– Зерневыя выдатна перазімавалі, але нядаўняя анамальная спёка негатыўна адбілася на росце раслін, – зазначае галоўны аграном ААТ “Дэмбрава” Дзмітрый Станіслававіч Скорб. – Дзякуючы ўнясенню ў поўнай меры мінеральных угнаенняў і правядзенню неабходнай колькасці хімпраполак нам удалося мінімалізаваць страты. Зараз убіраем найбольш праблемныя палеткі, таму ўраджайнасць адносна невысокая.

Трэба адзначыць, што і іншыя гаспадаркі раёна прыступілі да масавай уборкі зерневых і зернебабовых культур. Па даных на 13 ліпеня ўжо намалочана амаль 9000 тон зерня новага ўраджаю.

Аляксандр КАСПЯРЧУК. 

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!