“Горда ж узвіся ў ясныя высі, Сцяг пераможны -- радасці сцяг!”
Ёсць даты, якія аб’ядноўваюць усіх, хто ўшаноўвае сваю гісторыю, шматнацыянальную культуру, векавыя традыцыі, верыць у светлую будучыню. Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь – адзін з іх.
Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што герб і сцяг сталі нашымі духоўнымі святынямі, якія адлюстроўваюць нашы векавыя традыцыі і каштоўнасці, лепшыя якасці і рысы характару беларусаў. Свята дзяржаўных сімвалаў аб’яднала ўсе пакаленні грамадзян. Яно дае магчымасць кожнаму з нас з асаблівым пачуццём гонару і адказнасці ўсвядоміць сваю прыналежнасць да роднай Беларусі.
Шчучынцы разам з суайчыннікамі ўносяць дастойны ўклад ва ўмацаванне магутнасці нашай краіны. Сёння, у Дзень Дзяржаўнага герба і сцяга Рэспублікі Беларусь, на плошчы сабраліся шчучынцы самых розных узростаў. Артысты ў нацыянальных строях, беларускія песні -- усё гэта надавала святу асаблівую ўрачыстасць.
З роллю вядучых цудоўна справіліся артысты РЦКіНТ Вольга Аброшка і Алена Барэль.
Са святам землякоў павіншаваў старшыня Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Васільевіч Ложэчнік.
Гучыць гімн у выкананні зводнага хору Шчучынскага РЦКіНТ. Ганаровае права падняць яго сёлета атрымалі шчучынцы Я.У. Белаводская, У.М. Макара і наша таленавітая моладзь – гімназістка Алена Чарняк і капітан орлеўскай хакейнай каманды “Арляняты” Аляксей Рымко. Хвіліна, і над плошчай горда развяваецца наш сцяг.
У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі творчых ініцыятыў, развіцця навуковых школ, падтрымкі маладых, дынамічных і крэатыўных людзей. Шчучынцы смела заяўляюць пра сябе на ўсю краіну, рыхтуюць моцныя крылы для палёту. Апладысментамі на плошчы віталі моладзь Шчучыншчыны і яе лідара -- першага сакратара РК БРСМ Алену Богдзель. Гэты дзень надоўга запомніцца васьмі актыўным і ініцыятыўным юнакам і дзяўчатам, якія папоўнілі рады БРСМ. Членскія білеты юным патрыётам уручыў старшыня Шчучынскага райвыканкама С.В. Ложэчнік.
Горача сустракалі ўсе і пераможцаў рэспубліканскай школьнай лігі 2016 года і абласнога этапу школьнай лігі 2017 года ў намінацыі “чырлідзінг-шоў” каманду па чырлідзінгу «X-team» СШ №2 горада Шчучына. Дзяўчынкі, як заўсёды здзівілі сваімі “жывымі” пірамідамі. Яны паказалі сапраўднае акрабатычнае шоу і не інакш!
Усе ажывіліся, калі на плошчы з’явіліся выдатнік вучобы, фіналіст рэспубліканскага конкурсу “Сто ідэй для Беларусі” гімназіст Антоній Мархоцкі і стыпендыят Фонду міру ліцэіст Аляксандр Кіжук, а таксама пераможцы рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакею “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у малодшай групе хакейная каманда “Арляняты”. Рабяты прадэманстравалі галоўныя сімвалы нашай краіны – Дзяржаўныя герб і сцяг.
Цудоўны музычны падарунак падрыхтавала для землякоў пераможца раённага конкурсу патрыятычнай песні, салістка студыі эстрадных спеваў “Элегія” ПТДіМ Вераніка Івашка. Сваімі музычнымі кампазіцыямі парадавалі ўсіх Юрый Барысевіч, Дзмітрый Паноў, Ілона Танкевіч, Галіна і Ігар Будзько і іншыя.
Адметна, што ў Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь РК БРСМ і аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама арганізавалі святочны велапрабег па памятным гістарычным месцам Шчучына. Старт велапрабегу даў старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Васільевіч Ложэчнік, які ўручыць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь юнакам і дзяўчатам.
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.