Голас Немэна лунае над радзімай …

 

Постаць нашага знакамітага спевака і кампазітара Чэслава Немэна натхняе ўжо не адно пакаленне аматараў музыкі. Штогод на малую радзіму таленавітага музыканта – васілішкаўскую зямлю – з усяго свету з’язджаюцца прыхільнікі яго творчасці. Нядаўна тут ладзілася імпрэза ў гонар славутага музыканта. 

 

Дзверы сціплай сялянскай хаты, якую некалі будаваў дзед Чэслава Немэна ў далёкім 1918 годзе, як заўжды, былі адкрыты для гасцей. Тут па-ранейшаму гучаў унікальны голас Чэслава, хай сабе і з экрана тэлевізара. Яго наватарская музыка не губляе папулярнасці і сёння. Аб гэтым сведчаць і запісы ў Кнізе водгукаў, удзячнасці ад турыстаў з Кітая, Камеруна, ЗША, Польшчы, Літвы і многіх іншых краін свету. На праслаўленую васілішкаўскую зямлю з’язджаюцца людзі, якія цэняць аўтэнтычнасць і атмасфернасць фэсту, магчымасць сустрэцца са сваімі аднадумцамі і аднавяскоўцамі Чэслава. Дзіўна, але кожны, хто наведвае музей, зноў і зноў адкрывае для сябе і спасцігае штосьці новае… 

 

 

Гасцей вітаў загадчык клуба-музея Уладзімір Сянюта. Былі доўгія аповеды пра сям’ю Выджыцкіх, вёску, дзе вырас таленавіты музыка, станаўленне Чэслава, яго жыццё. Чэслаў Немэн быў сапраўды адметнай асобай. Ён не толькі спяваў у касцельным хоры і пісаў музыку, але і цудоўна маляваў, пісаў вершы і фатаграфаваў… 

 

У той дзень з задавальненнем завіталі на свята ў Старыя Васілішкі госці з Мінска, Гродна, Шчучына і іншых гарадоў. Многія пабывалі на святочнай імшы ў касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла. Пасля іх чакалі інтэрактыўная экскурсія і шыкоўны канцэрт народнага хору польскай песні “Промень”. Чулі б вы, як хораша і натхнёна спявалі нашы таленавітыя артысты! Цяжка было стрымацца і не заспяваць разам з імі. Прыгожыя строі, цудоўныя галасы і бадзёры настрой – вось тры кіты, на якіх моцна трымаецца ў музычным моры “Промень”. 

 

У той дзень свята музыкі перанесла гасцей і ў аграгарадок Васілішкі. На свяце актыўна працаваў выязны гандаль, атракцыёны для дзяцей, свае работы прапаноўвалі таленавітыя народныя ўмельцы. Была арганізавана дэгустацыя страў, прыгатаваных гаспадынямі слыннай васілішкаўскай старонкі. Печыва разышлося ў імгненне вока! 

 

 

Са святам музыкі Чэслава Немэна ўсіх павіншавала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама Таццяна Цюсіна і пажадала, каб васілішкаўская зямля і далей расквечвалася талентамі і свята не страчвала сваёй папулярнасці. Са сцэны гучалі песні ў выкананні васілішкаўскіх артыстаў. Увечары іх змяніў лідскі рок-гурт “Прэмія”. 

 

Сярод ганаровых гасцей свята была і заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, старшыня папячыцельскага савета клуба-музея, аўтар сцэнарыя фільма “Чэслаў Немэн. Дзіўны гэты свет” Вера Савіна. У яе нават ёсць фатаздымак з Чэславам Немэнам, які быў зроблены падчас інтэрв’ю з ім у Мінскім Палацы спорту. 

 

 

– Як дакументалісту мне вельмі цікава асоба Чэслава, яго лёс - выдатны сюжэт для дакументальнага кіно, – гаворыць Вера Савіна. – Мне здаецца, што Чэслаў Немэн усё ж такі не цалкам ацэнены музыкант. Напрыканцы свайго жыцця ён пісаў вельмі складаную, глыбокую музыку, якая чакае свайго тлумачэння і слухача. Немэн – яскравы прыклад таго, што Бог “раздае” таленты не толькі ў палацы, але і ў простыя сялянскія хаты. Яго поспех – своеасаблівы зварот да моладзі, які даказвае, што пры жаданні, нават нарадзіўшыся ў невялічкай вёсцы, можна дасягнуць сапраўды вялікіх вышынь. Радуе, што свята не страчвае сваёй папулярнасці, што ў творчасці Чэслава Немэна з’яўляюцца новыя прыхільнікі. Я стаяла ля вытокаў стварэння адзінага ў свеце клуба-музея рок-музыканта ў яго родным доме і сёння разам з сябрамі стараюся дапамагаць яму.

 

 

Разам з Верай Савінай на свята завітала творчая інтэлігенцыя з Мінска – кінасцэнарыст Аляксандр Нілаў, таленавіты фатограф Галіна Ламака і тэхнічны дырэктар “Славянскага базару”, былы пілот грамадзянскай авіяцыі, дырэктар клуба HOG Minsk Chapter Belarus Аляксей Адаранка. 

 

– Заўсёды з задавальненнем прыязджаю ў Васілішкі, бо з’яўляюся сапраўдным аматарам музыкі Чэслава Немэна, – шчыра прызнаўся Аляксей Адаранка. – Сустрэцца з вядомым спеваком і музыкантам мне не пашчасціла, аднак калі працаваў на тэлебачанні над арганізацыяй канцэрта памяці Уладзіміра Мулявіна, размаўляў з Немэнам і яго дачкой па тэлефоне. Запрашаў музыку далучыцца да імпрэзы, аднак ён не змог прыехаць з-за дрэннага самаадчування. Музыка Чэслава Немэна аўтэнтычная, і яна мне даспадобы. 
 Даспадобы музыка Чэслава Немэна і яго землякам. Яны не губляюць патаемную сувязь з таленавітым артыстам: наведваюць клуб-музей, слухаюць яго песні і спяваюць іх хай сабе на сціплай васілішкаўскай сцэне, але ад душы!

 

Ганна КАСПЕР. 
Фота аўтара. 

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!