Гімназістка Дар’я Філіпчык атрымала дыплом ІІІ ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове

 

Вучаніца 9 класа гімназіі г. Шчучына Дар’я Філіпчык стала прызёрам рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове – яна атрымала дыплом III ступені!

 

– Да гэтай перамогі мы з Дашай ішлі, пачынаючы з пятага класа, – расказвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Валянціна Рудая. – Менавіта тады я заўважыла гэту прыгожую сціплую дзяўчынку і прапанавала ёй заняцца паглыбленым вывучэннем мовы. Адразу зразумела, што Даша вельмі здольная, старанная, у яе ўсе заданні заўсёды выкананы на дзесяць з плюсам. Таму яна і перамагала, пачынаючы з пятага класа, на ўсіх раённых этапах рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. З’яўляючыся кіраўніком раённай школы “Інтэлект”, я зразумела, што ўжо ў восьмым класе Даша здольная спаборнічаць з дзевяцікласнікамі. У выніку ў мінулым годзе яна атрымала дыплом III ступені за дзявяты клас на абласным этапе, а сёлета – дыплом ІІ ступені, і была залічана ў састаў рэспубліканскай каманды.

 

Як лічаць Валянціна Здзіславаўна і Даша, галоўны сакрэт поспеху заключаецца толькі ў тым, што трэба многа працаваць, займацца мовай кожны дзень, нягледзячы на выхадныя і канікулы.
 

 

– Я забяспечвала Дашу ўсёй патрэбнай літаратурай, – працягвае Валянціна Здзіславаўна. – Мы набывалі кніжныя навінкі, карысталіся інтэрнэтам. Вялікі дзякуй хочацца сказаць і яе маме, якая падтрымлівала і дапамагала ва ўсім. Ганна Станіславаўна працуе настаўнікам у групе падоўжанага дня ў СШ № 3 г. Шчучына. Летась, нават калі была ў бабулі на канікулах, Даша ўставала кожную раніцу і займалася беларускай мовай. Ведаеце, такая вучаніца як Даша – гэта сапраўдны брыльянт, падарунак лёсу для настаўніка. Яна ўсё паспявае: вучыцца толькі на дзясяткі, а ў мінулым годзе закончыла музычнае аддзяленне школы мастацтваў па класе фартэпіяна.

 

 

Як лічыць сама Даша, кожны сапраўдны беларус павінен любіць і ведаць сваю родную мову.

 

– Менавіта беларускую мову я з дзяцінства чула ад сваёй бабулі, ад сваіх бацькоў, – гаворыць дзяўчынка. – Безумоўна, нават займаючыся пастаянна, спасцігнуць гэты прадмет цалкам немагчыма, аднак вельмі цікава кожны раз адкрываць штосьці новае. І беларускую літаратуру таксама чытаю з задавальненнем. З апошніх твораў найбольш спадабалася філасофскае апавяданне Кузьмы Чорнага “На пыльнай дарозе”. А ўвогуле заданні па літаратуры мне нават больш падабаецца выконваць, чым па мове.

 

Алімпіяда складалася з двух тураў: першы – лінгвістычны, ён уключае сем заданняў па мове. А другі – тры заданні па літаратуры. Акрамя гэтага, трэба падрыхтаваць водгук на верш.

 

– Самая складаная тэма для мяне – словазлучэнне, – гаворыць Даша. – А калі аналізаваць усё ўвогуле, не магу сказаць, што заданні былі вельмі цяжкімі. Канкурэнцыя была даволі сур’ёзная. Гродзеншчыну ў маёй групе прадстаўлялі 17 вучняў, а усіх з рэспублікі было каля сарака. Вынік залежаў нават ад дзясятай долі бала.

 

Дыплом трэцяй ступені – сур’ёзнае дасягненне. Аднак на гэтым Даша спыняцца не намерана. Яе мэта – яшчэ больш высокі рэзультат.

 

– Мы ўжо зрабілі работу над памылкамі, – гаворыць Валянціна Здзіславаўна. – І намецілі напрамкі, у якіх нам трэба рухацца і над чым працаваць. З 40 магчымых балаў за водгук Даша атрымала 34. Гэта добры рэзультат, аднак можна і лепш. Таму асноўныя нашы намаганні мы накіруем на тое, каб больш працаваць над водгукам. Увогуле я задаволена рэзультатам: мы паступова ўздымаемся на ўсё больш высокую прыступку. Дыплом, атрыманы Дашай, – гэта самы жаданы і выдатны падарунак мне як педагогу на мой юбілей, які я адзначыла нядаўна.

 

За ўсе намаганні, якія прыклала Дар’я падчас падрыхтоўкі, яна атрымала яшчэ адну ўзнагароду: працавітая, мэтанакіраваная дзяўчынка вызвалена ад экзамену па беларускай мове за курс базавай школы. Няхай ёй і далей спрыяе поспех і ў наступным годзе яна абавязкова атрымае дыплом першай ступені!

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!