Героям вайны паклонімся нізка

Блакада Ленінграда – адна з самых трагічных старонак у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яна доўжылася каля 900 страшных дзён – з 8 верасня 1941 года па 27 студзеня 1944 года. 
Наша зямлячка – Вера Мікалаеўна Кузьміна – адна з тых, хто не па чутках ведае пра тую трагедыю. Блакадніцы давялося зведаць голад, холад, адчай і страты родных людзей. Ад голаду памерла ў блакадным Ленінградзе яе маці, з фронту не вярнуўся бацька. Рана Вера Мікалаеўна і яе сястра засталіся без бацькоў. Іх разам з астатнімі дзецьмі ў 1942 годзе пераправілі праз Ладажскае возера ў дзіцячы дом, што знаходзіўся ў Яраслаўлі. 
Шмат выпрабаванняў выпала на долю Веры Мікалаеўны. Так склаўся лёс, што Шчучыншчына стала для яе другой радзімай. Каля дваццаці гадоў аддана працавала яна на заводзе “Аўтапровад”.
Сёння Веры Мікалаеўне цяжка расказваць аб тым, што давялося перажыць – здароўе падводзіць. Яно і не дзіўна – лёс не песціў. Зараз жанчыну даглядае дачка – Ірына Валянцінаўна Альшэўская. 
Гасцям у доме заўсёды рады. Днямі сюды завіталі прадстаўнікі райвыканкама, Шчучынскага ваенкамата і грамадскіх аб’яднанняў. Шмат добрых слоў прагучала ў адрас Веры Мікалаеўны з вуснаў начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т.В. Ганчарук і старшыні раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Святланы Уладзіміраўны Шанчук. Падзякавалі за мірнае неба зямлячцы і актывісты СШ №2 г. Шчучына. Ад усёй душы пажадалі госці Веры Мікалаеўне моцнага здароўя, уручылі кветкі і падарунак. 
Ганна КАСПЕР.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!