Генеральная ўборка. Даведаліся, хто і з якім настроем сёння выйшаў на суботнік у гарадскі парк
Цудоўную традыцыю – пакідаць на зіму толькі чыстую тэрыторыю – на Шчучыншчыне падтрымліваюць вельмі многія арганізацыі ды прадпрыемствы і, безумоўна, звычайныя жыхары нашых населеных пунктаў. Вось і гарадскі парк, любімае месца адпачынку многіх гараджан і гасцей Шчучына, сёння выйшлі прыбраць дзясяткі людзей самага рознага ўзросту, якіх аб’ядноўвае актыўная жыццёвая пазіцыя, любоў да сваёй малой радзімы, жаданне ўнесці асабісты ўклад у навядзенне парадку на зямлі.
-- На нашу прапанову паўдзельнічаць у гэтай акцыі адгукнуліся маладыя спецыялісты, настаўнікі, актывісты БРСМ, далучыліся таксама старшакласнікі – і вось ужо наш працоўны дэсант дзейнічае дружна і зладжана, -- гаворыць дырэктар СШ №2 г. Шчучына Уладзімір Жданко. – Поплеч з намі працуюць прадстаўнікі іншых гарадскіх школ, гімназіі, сельскагаспадарчага ліцэя…
Гледзячы, як бойка ўпраўляюцца з апалай лістотай удзельнікі суботніка, як маладыя людзі загружаюць у бункер спецыялізаванай машыны сабранае ў агромністыя “кулькі” смецце, а тэрыторыя набывае акуратны і дагледжаны выгляд, мы не можам не пацікавіцца настроем энтузіястаў.
-- Заўсёды з задавальненнем прымаю ўдзел у такіх добрых справах. Мясціны тут прыгожыя, дзякуй прадстаўнікам старэйшага пакалення, якія ў свой час пасадзілі гэты цудоўны парк, -- дзеліцца сваімі думкамі маладая настаўніца англійскай мовы Анастасія Талочка. -- У густой засені дрэў вельмі прыемна ратавацца ад летняй спёкі, а зараз ужо наша чарга аддзячыць парку за прытулак і прывесці яго на зіму ў належны парадак.
Прыемна здзіўляла, што на гэты раз у парку амаль не траплялася бытавое смецце. Значыць, на вачах павышаецца наша экалагічная культура. Дае плён і тое, што беларусы навучыліся ператвараць адходы ў даходы, і другасную сыравіну ахвотна прымаюць у пунктах яе збору, пускаюць на перапрацоўку. Дарэчы, такая сартыравальная лінія эфектыўна працуе і ў Шчучынскім РУП ЖКГ.
Ад вадзіцеля спецыялізаванага МАЗа Аляксандра Сыча мы даведаліся, што неверагодныя аб’ёмы апалай лістоты, якую валанцёры адпраўляюць у бункер, механізмы спрасоўваюць у шчыльныя кубы.
-- Мяркую, што ўсё лісце з парка змесціцца ў машыне за адзін раз, -- лічыць Аляксандр. -- Умяшчальнасць майго МАЗа – 25 кубоў, а па вазе гэта – 6 тон.
У другім сектары парка працавалі работнікі Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства. Яны прыбылі са сваёй тэхнікай. Талака атрымалася што трэба!
-- Нягледзячы на пахмурнае надвор’е, мы атрымалі задавальненне ад калектыўнай працы на свежым паветры, -- дзяліліся ўражаннямі ўдзельнікі акцыі. – Да таго ж ўражвае вынік. Паглядзіце наўкола, як стала прыгожа! Не сорамна ў госці і зіму запрасіць.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.