Галоўныя пасажыры – у поўнай бяспецы

У апошнія тыдні перад пачаткам навучальнага года галоўнымі ўдзельнікамі дарожнага руху з’яўляюцца дзеці. Яны самыя важныя пасажыры і пешаходы. За лета хлопчыкі і дзяўчынкі, адпачываючы ў дзядуль і бабуляў, у лагерах, забываюць, як правільна паводзіць сябе на дарогах. Пра гэта павінны пастаянна помніць вадзіцелі, а бацькам трэба клапаціцца пра бяспеку сваіх дзетак і абавязкова нагадаць ім правілы дарожнага руху.

 

На мінулым тыдні ў рамках правядзення акцыі “Маленькі пасажыр – вялікая адказнасць” мы накіраваліся ў рэйд разам з супрацоўнікамі ДАІ Шчучынскага РАУС: старшым інспектарам ДПС Андрэем Аляксандравічам Антановічам і інспектарам ДПС Юрыем Георгіевічам Межвай. Аднак супрацоўнікі ДАІ не толькі правяралі выкананне правілаў перавозкі дзяцей, але і стан вадзіцеляў, наяўнасць у іх вадзіцельскага пасведчання і нагадвалі, што 25 жніўня пачынаецца акцыя “Увага – дзеці!”

 

Што вельмі абрадавала супрацоўнікаў ДАІ – усе бацькі, якія кіравалі аўтамабілямі і перавозілі дзяцей, думалі пра іх бяспеку. Дзеці знаходзіліся ў спецыяльных утрымліваючых прыстасаваннях, прышпіленыя рамянямі.
У аўтамабілі Вольгі Іванаўны – жыхаркі вёскі Фарны Канец, ехалі два сыночкі: Ягорка, якому два з паловаю гадкі, і гадавалы Арцём. Мама за сваіх дзяцей была спакойна – яны перавозіліся згодна з усімі патрабаваннямі правілаў дарожнага руху. Тое ж можна сказаць і пра жыхарку г. Мінска Анастасію Генадзьеўну. Яна прыязджала да сваіх бацькоў у Жалудок, а яе маленькая дачка Паліна і пляменнік Максім таксама ехалі ў дзіцячых крэслах прышпіленымі. Заўсёды клапоціцца пра бяспеку сваіх дзяцей і Уладзімір – жыхар Ражанкі: сын Арцём быў прышпілены.

 

Пакуль толькі папярэджанне атрымала ад дзяржаўтаінспектараў Ганна Міхайлаўна. Жанчына ехала на мапедзе без уключанага святла фары. Супрацоўнікі ДАІ нагадалі ёй, што падчас руху яна павінна абавязкова ўключаць святло ў любы час сутак. 

 

Два пратаколы аб парушэннях правілаў дарожнага руху былі складзены падчас рэйду і абодва за тое, што вадзіцелі ехалі не прышпіленымі. Першы атрымаў штраф у памеры дзвюх базавых велічынь, паколькі крыху больш чым паўгода таму ўжо затрымліваўся за такое ж парушэнне, а другі – 0,5 базавай велічыні. 

 

Варта адзначаць, што многія вадзіцелі бездакорна выконваюць правілы дарожнага руху і ўтрымліваюць свой транспартны сродак у належным стане, своечасова праходзяць тэхагляд. Некаторыя падчас рэйду атрымалі папярэджанні. Галоўнае – што мы не сустрэлі вадзіцеляў, якія селі за руль у стане алкагольнага ап’янення і без права на кіраванне. Хочацца верыць, што адбылося так не таму, што яны проста не трапілі ў поле зроку супрацоўнікаў ДАІ, а таму, што людзі разумеюць, наколькі небяспечна кіраваць аўтамабілем нападпітку і рызыкаваць не толькі сваім жыццём, а і іншых удзельнікаў дарожнага руху. У тым ліку дзяцей. 

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!