Галоўны прынцып – вяршэнства права. У Шчучынскім раёне прайшоў адзіны дзень інфармавання

Сёння ў Шчучынскім раёне прайшоў адзіны дзень інфармавання. Абласная інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрыя Разянкова сумесна з раённай інфармацыйнай групай на чале з намеснікам старшыні Шчучынскага райвыканкама Таццянай Цюсінай сустрэліся з работнікамі культуры Шчучыншчыны ў актавай зале дзіцячай школы мастацтваў.
Таксама ў мерапрыемстве ўзялі ўдзел начальнік РАУС Сяргей Адамчук, начальнік РАНС Аляксандр Малюгін і намеснік дэкана юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Авак Вартанян.
Галоўная тэма чарговага дня інфармавання – “Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – прававы падмурак адзінства і росквіту беларускага народа”. З дакладам па тэме выступіў Авак Вартанян:
– Гісторыя падрыхтоўкі і прыняцця Канстытуцыі звязана з тым, што з’яўленню Асноўнага Закона ў 1994 годзе папярэднічалі яшчэ беларускія канстытуцыі савецкай эпохі. Іх было чатыры: 1919, 1927, 1937 і 1978 года. Яны заклалі аснову беларускай дзяржаўнасці, зацвердзілі сістэму дзяржаўных органаў, замацавалі асноўныя правы і абавязкі грамадзян. Да таго моманту, як СССР афіцыйна спыніў сваё існаванне, ў Беларусі ўжо дзейнічала Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. Гэта дэкларацыя і стала прататыпам нашай сённяшняй Канстытуцыі. Дакумент абвяшчаў самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторый, правамоцнасць законаў і незалежнасць у знешніх адносінах. Над праектам Канстытуцыі 1994 года праводзілася маштабная работа. 15 сакавіка было адной з ключавых дат у гісторыі нашай краіны, бо менавіта ў гэты дзень была прынята дзейсная Канстытуцыя, якая ўпершыню ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці замацавала статус рэспублікі як унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы і ўстанавіла прынцып дэмакратычнага строю, прыярытэт правоў і свабод чалавека.
Таксама Авак Вартанян расказаў прысутным аб рэферэндумах, якія праводзіліся з мэтай мадэрнізацыі галоўнага дакумента краіны і ўнясення ў яго неабходных зменаў.
Сярод іншых тэм, якія абмяркоўваліся падчас адзінага дня інфармавання, была пажарная бяспека.
Вялікую цікавасць і абмеркаванне ў прысутных выклікаў даклад пра злачынствы ў сферы інфармацыйных тэхналогій. 90% такіх парушэнняў закона звязаны з крадзяжом грошай. Летась у нашай вобласці зарэгістравалі больш за 1050 махлярстваў у інтэрнэце, яшчэ 600 злачынстваў сталі вынікам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі. Таксама праваахоўнікамі было зарэгістравана 66 вымагальніцтваў у інтэрнэце. Супрацоўнікі міліцыі ў чарговы раз заклікалі не паведамляць асабістыя даныя незнаёмым людзям, асабліва свае пашпартныя даныя.
Таксама праваахоўнікі закранулі такую непрыемную тэму, як абарот наркотыкаў. Згодна са статыстыкай, летась у нашай вобласці было выяўлена больш за 300 злачынстваў па гэтай лініі. А за два месяцы бягучага года выяўлена ўжо 60 такіх злачынстваў. Факты такіх злачынстваў рэгістраваліся і ў нашым раёне.
– Органы ўнутраных спраў ажыццяўляюць сваю дзейнасць на падставе заканадаўства Рэспублікі Беларусь, – адзначыў Дзмітрый Разянкоў. – Кожнае злачынства – гэта забароненае законам дзеянне. Па выніках 2024 года мы дабіліся таго, што злачыннасць на Гродзеншчыне знізілася на дваццаць працэнтаў. Лічу, што гэта добры вынік. Сёння наша задача не толькі раскрыць, але і не дапусціць здзяйснення злачынстваў, спрацаваць на апярэджанне і праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.