Французска-беларуская вандроўка

Нядаўна наш раён наведалі госці з Францыі – мастачка і фатограф з беларускімі каранямі Алена Макарэвіч-Вантрыйён і журналіст Жан-Жак Кутро. Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама Аляксандр Амшэй цёпла прывітаў падарожнікаў і, будучы гісторыкам па адукацыі і цудоўным краязнаўцам па прызванні, ахвотна адказаў на пытанні, што тычацца турыстычнага патэнцыялу раёна. Удзельнікі прэс-туру загарэліся жаданнем перш-наперш накіравацца ў Жалудок і на свае вочы ўбачыць палац князёў Святаполк-Чацвярцінскіх, старажытны род якіх вядзе свой пачатак ад самых Рурыкаў.
Цікава, што госці не толькі палюбаваліся архітэктурай і арганізавалі цэлую фотасесію ў пакуль запусцелым палацы ў стылі неабарока, які ў 1908 годзе пабудаваў князь Уладзімір Чацвярцінскі, запрасіўшы італьянскага архітэктара Марконі, але і сустрэліся з новай уладальніцай гістарычнага збудавання Соф’яй Гаўрылавай. Справа ў тым, што сям’я масквічоў Гаўрылавых купіла з аўкцыёну гэты палацава-паркавы ансамбль з мэтай стварыць тут турыстычны комплекс. Гаўрылавы прафесійна займаюцца турызмам: яны валодаюць турыстычнай фірмай у Маскве і гатэлем у сталіцы Латвіі Рызе. Работы па расчыстцы і добраўпарадкаванні парка ўжо вядуцца. “А гэта толькі першапачатковы этап”, – сцвярджае Соф’я, якая вітала гасцей на французскай мове і без перакладчыка адказала на цікавячыя журналістаў пытанні. 
 Уразіла гасцей з Францыі і наша старажытная Маламажэйкаўская царква-крэпасць у Мураванцы. Яе веліч Жан-Жак Кутро здымаў з вышыні птушынага палёту з дапамогай дрона. Шыкоўныя панарамныя здымкі мы маглі адразу ж і ацаніць. Як патлумачылі госці, іх работы ў далейшым будуць размешчаны на выставе і ўвойдуць у прэзентацыйную кнігу, што будзе выдавацца пасольствам Рэспублікі Беларусь у Францыі. 

 
– Гэта не першы прэс-тур. Я прывозіла і раней французскіх журналістаў у Беларусь, але тады мы наведалі Віцебскую і Магілёўскую вобласці, а на гэты раз асвойваем заходні рэгіён, – расказвае Алена Макарэвіч-Вантрыйён. – Пабывалі ў Белавежскай пушчы, у Брэсцкай крэпасці-героі, наведалі гістарычныя мястэчкі Брэстчыны. Вялікае ўражанне і ад таго, што ўбачылі ў Гродне ды ўвогуле ў Прынёманскім краі, у вас на Шчучыншчыне. Наперадзе ў нас Мір, Нясвіж і Мінск. Прэс-туры праходзяць у рамках праекта, сумеснага з пасольствам Рэспублікі Беларусь у Францыі “Беларусь вачыма іншаземцаў”. Беларускія журналісты таксама наведваюць Францыю, і мы абменьваемся творчымі работамі для выставак. Гэта ўмацоўвае дружбу паміж нашымі народамі, раскручвае турыстычны патэнцыял Беларусі, даносіць да еўрапейскай супольнасці, наколькі гэта прыгожая, самабытная краіна з багатай культурай і духоўнай спадчынай.
Дарэчы, Алена, будучы членам “Асенняга салона” на Елісейскіх Палях у Парыжы, вельмі многае робіць і для абмену творчымі дасягненнямі беларускіх і французскіх мастакоў. 
А Жан-Жак Кутро на наша пытанне, што яго найбольш уразіла падчас візіту ў Беларусь, дастаў свой гаджэт і са словамі: “Вось гэта”, паказаў запіс. На відэа нашы землякі з натхненнем удзельнічалі ў майстар-класе, вывучаючы народны танец. Мы тут жа расказалі гасцям пра нашу славутую “Дэмбраўскую кадрылю”, якую па крупінках адрадзілі і як найвялікшы скарб захоўваюць у творчым калектыве “Скарбоначка”.
– Усё гэта надзвычай каштоўна, за гэта і цэняць нашу Беларусь іншаземцы, – падкрэсліла парыжская беларуска Алена Макарэвіч-Вантрыйён. – Далёка не ўсюды так, як у нас, збераглі народныя традыцыі і абрады, сваю аўтэнтычнасць. У Францыі вы не ўбачыце, каб проста так людзі апранулі народны строй, а, да прыкладу, у Гродне вышыванкі, лён, народныя матывы прысутнічаюць паўсюдна. Я і сама вельмі люблю нацыянальны касцюм, і мае сябры надзвычай цэняць усё, што звязана з народнай культурай.
… Мы развітваліся сапраўднымі сябрамі і аднадумцамі з усведамленнем, што шчучынская зямля ўжо стала блізкай і дарагой для гэтых крэатыўных падарожнікаў, што нашы архітэктурныя жамчужыны з палотнаў мастака і фотаздымкаў журналіста убачаць далёка за межамі Сінявокай. І самае галоўнае, нябачныя нітачкі ад сэрца да сэрца трывала звязваюць дзве краіны – Беларусь і Францыю.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!