Фестываль «Вытокі»: Навагрудак падхапіў эстафету ў Століна
Другі сезон спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокi. Крок да Алiмпу» набірае абароты і ўжо стаў прыкметнай падзеяй у Беларусі. Пасля стартавых этапаў у Рэчыцы і Століне яго чакаюць у Навагрудку, паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнага алімпійскага камітэта.
Свята ў першай сталіцы Вялікага княства Літоўскага пройдзе 17-18 чэрвеня. У Год гістарычнай памяці кожны горад у праграме фестывалю «Вытокі» зробіць акцэнт на сваёй культурнай спадчыне. У Навагрудку тэма свята — «Статуты Вялікага княства Літоўскага».
Ужо традыцыйна свята адкрыецца прэс-турам для прадстаўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ. У час двухгадзіннай праграмы запланаваны наведванні найбольш знакавых мясцін Навагрудка — дома-музея паэта Адама Міцкевіча і міні-музея макетаў «Страчаная спадчына». Удзельнікі прэс-туру таксама азнаёмяцца з асаблівасцямі навагрудскай выцінанкі-выбіванкі, наведаюць былую рэзідэнцыю удзельных князёў і князёў ВКЛ — Навагрудскі замак. Потым адбудзецца семінар «Актуальныя пытанні падрыхтоўкі спартсменаў і шляхі іх вырашэння» з удзелам спецыялістаў БДУФК і Вышэйшай школы трэнераў, а таксама спецыялістаў спартыўных арганізацый Гродзенскай вобласці. Беларуская алімпійская акадэмія правядзе семінар-практыкум, удзельнікі якога азнаёмяцца з алімпійскімі каштоўнасцямі і дасягненнямі беларускіх атлетаў на Алімпіядах розных гадоў.
У гарадскім Доме культуры адбудуцца майстар-класы па набіванцы «Маляванка. Вытокі самабытнага мастацтва», дзе наведвальнікі змогуць азнаёміцца з творчасцю майстроў гэтага віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі, а таксама стварыць памятны сувенір сваімі рукамі. Першы дзень фестывалю завершыцца канцэртам арганнай музыкі Валерыя Шмата.
Цэнтральным месцам другога дня фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу» стане плошча Леніна. Тут кожны жадаючы зможа прыняць удзел у алімпійскім квесце, паспрабаваць сябе ў спартыўных конкурсах, розных відах спорту, выканаць заданні і атрымаць каштоўныя прызы. Для ўдзельнікаў будуць працаваць фуд-корт, зона сямейнага адпачынку і выстаўка-продаж «Беларускія брэнды». Спартыўныя пляцоўкі будуць арганізаваны больш як па 20 відах спорту. Таксама будуць працаваць пляцоўкі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і генеральнага спонсара НАК — ААТ «Белаграпрамбанк».
Свой стэнд плануе таксама арганізаваць Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У Навагрудак прыедзе і гоначны грузавік каманды «МАЗ-СПОРТаўта» разам з пілотам Сяргеем Вязовічам. У ходзе алімпійскага квеста будуць працаваць пляцоўка Беларускай алімпійскай акадэміі, РНПЦ спорту і Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва. Пасля спартыўных баталій адбудзецца прэзентацыя калекцый адзення праекта «Роднае — моднае» ад беларускіх прадпрыемстваў, дызайнераў і прадпрымальнікаў. Прычым кожны жадаючы зможа набыць прадукцыю беларускіх брэндаў.
На галоўнай сцэне фестывалю пройдзе конкурс маладых выканаўцаў, лаўрэаты якога атрымаюць дыпломы і прызы, а таксама змогуць у далейшым прыняць удзел у майстар-класах вядучых настаўнікаў краіны. Фестывальная праграма ў Навагрудку завершыцца вячэрняй канцэртна-забаўляльнай праграмай з удзелам папулярных артыстаў беларускай эстрады і яркім феерверкам.
Пасля Навагрудка фестываль «Вытокі» прадоўжыцца ў Горках (22-23 ліпеня), Полацку (12-13 жніўня) і Капылі (26-27 жніўня). Галоўная мэта праекта — раскрыццё патэнцыялу рэгіёна праз спорт, культуру, навуку і адукацыю.
Арганізатары фестывалю — Нацыянальны алімпійскі камітэт, Федэрацыя прафсаюзаў, ТАА «АртХаос» і ТАА «БелБрэндАўдыт».