Энэргія атрада: у Шчучыне прайшоў раённы злёт студэнцкіх атрадаў

 

24 верасня ў Шчучыне прайшоў першы раённы злёт студэнцкіх атрадаў “Энэргія атрада”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел школьнікі старэйшых класаў, якія гэтым летам працавалі ў складзе студэнцкіх атрадаў. Хлопцы і дзяўчаты вызначалі лепшую каманду ў спартыўнай, інтэлектуальнай і артыстычнай намінацыях.

 

Мерапрыемства праводзілася пры падтрымцы Шчучынскага райвыканкама і Шчучынскага раённага камітэта БРСМ. Злёт прайшоў у некалькі этапаў на тэрыторыі сш №1 Шчучына і кінатэатра “Беларусь”. Падчас інтэрактыву “Знаёмка” ўсе ўдзельнікі мелі магчымасць пазнаёміцца праз цікавыя гульні.

 

 

Далей каманды вызначалі самых моцных і жвавых. У спартзале сш №1 прайшла спартакіяда “Змагайся! Імкніся! Перамагай!”. Лепшыя ў гэтай катэгорыі вызначаліся ў эстафеце. Камандны бег з абручом, перакідванне мяча, а таксама запаўненне дакументаў на хуткасць – вось такія на першы погляд несумяшчальныя элементы атрымалася ўпісаць у спартыўную праграму дня. 

 

Пасля спартакіяды прадстаўнікоў студэнцкіх атрадаў чакала інтэлектуальная гульня. Розныя пытанні ў фармаце віктарыны не давалі засумаваць нікому. Для таго, каб набраць максімальныя балы, удзельнікам трэба было мець шырокі кругагляд. Пытанні былі на розныя тэмы: навукі, музыкі, культуры, спорту, геаграфіі. Да таго ж для роздуму над кожным пытаннем адводзілася не больш за дзесяць секунд.

 

 

Завяршаў злёт конкурс візітовак, у якіх камандам трэба было творча расказаць аб гісторыі свайго атрада і яго працоўнай дзейнасці на летніх канікулах. Хлопцы і дзяўчаты спявалі песні, чыталі вершы, а таксама паказвалі загадзя падрыхтаваныя сцэнкі. На гэтым этапе ўдзельнікам трэба было прадэманстраваць членам журы ўсе свае самыя лепшыя навыкі ў галіне акцёрства.

 

Лепшых у кожнай намінацыі адзначылі каштоўнымі прызамі. Перамогу ў спартакіядзе атрымала каманда Жалудоцкай сш імя В. Урублеўскага. Лепшымі ў інтэлектуальным турніры былі навучэнцы гімназіі Шчучына. А перамогу ў конкурсе візітовак атрымала каманда Каменскай сш імя П. Кузміна.

 

 

Варта адзначыць, што праводзіць злёт дапамагалі хлопцы і дзяўчаты з будаўнічага студэнцкага атрада “Эўрыка”, які неаднаразова прызнаваўся лепшым у нашай краіне. Байцы падзяліліся досведам з малодшым пакаленнем, расказалі пра свае традыцыі і правялі міні-канцэрт для ўдзельнікаў злёту.

 

Аб мэтах і задачах правядзення злёту нам расказала першы сакратар Шчучынскага раённага камітэта БРСМ Віталія Селівончык:

 

– Асноўнай мэтай правядзення такіх мерапрыемстваў мы бачым захаванне і памнажэнне традыцый студэнцкіх атрадаў у нашым раёне, а таксама развіццё творчага і культурнага патэнцыялу ўдзельнікаў студатрадаўскага руху. Хоць гэты злёт і быў першым для нашага раёна, але мы ўжо ўпэўнены, што ён стане традыцыйным.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!