Дзякуй за працу, сейбіты!

Намеснік качальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Васілій Вацлававіч Ашурок разам са старшынёй раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрыхам Феліксавічам Шандрохам аб’ехалі гаспадаркі раёна, каб уручыць перадавым сейбітам – пераможцам раённага спаборніцтва – заслужаныя ўзнагароды.

Сярод механізатараў, якія падчас пасяўной кампаніі працавалі на трактарах з навяснымі сеялкамі, ужо трэці год запар няма роўных механізатару ААТ “АграГЖС” С.В. Тумаху: на яго рахунку 496 засеяных гектараў.

– Майму трактару МТЗ-82 ідзе ўжо дзясяты сезон, што для сельскагаспадарчай тэхнікі, якая пастаянна ў эксплуатацыі, нямала, – зазначае Станіслаў Вацлававіч. – Але мой “жалезны конь” як след дагледжаны, таму не падводзіць: за зіму я перабраў усе вузлы да апошняй шрубкі. Пры дапамозе шасціметровай сеялкі СПУ-6 засяваў у дзень па 25-30 гектараў. Прызнацца, не імкнуўся перамагчы ў раённым спаборніцтве, проста добрасумленна выконваў свае абавязкі!

Васілій Вацлававіч Ашурок і Генрых Феліксавіч Шандроха падзякавалі перадавіку за працу і ўручылі заслужаныя ўзнагароды.

У той дзень Пісьмом-падзякай і каштоўным падарункам быў адзначаны таксама механізатар ААТ “Дэмбрава” Я.Л. Юрага. Ён прызнаны лепшым сярод сейбітаў, якія падчас пасяўной кампаніі працавалі на трактарах з шыроказахопнымі глебаапрацоўчымі пасяўнымі агрэгатамі.

– У гаспадарцы я працую ўсяго паўгода, і гэта мая першая ўзнагарода, – прызнаецца Яўгеній Леанідавіч. – Раней выконваў абавязкі механізатара ў ААТ “Васілішкі”. Калі пераехаў з сям’ёй у Дэмбрава, сельгаспрадпрыемства адразу забяспечыла жыллём. Мне даверылі магутны трактар “Джон Дзір”, на якім пры дапамозе пасяўнога агрэгата ў дзень засяваў да 40 га, дзякуючы чаму за працоўную змену зарабляў звыш 100 рублёў. Усяго на маім рахунку 714 засеяных гектараў зямлі.

– Менавіта на такіх прафесіяналах і трымаецца наша сельская гаспадарка! – выказаў цёплыя словы ў адрас перадавіка Васілій Вацлававіч Ашурок. – З такімі высокакваліфікаванымі спецыялістамі можна вырашаць нават самыя складаныя пытанні і дабівацца высокіх вытворчых паказчыкаў.

Падчас пасяўной кампаніі таксама вызначыліся працай механізатары Іван Іванавіч Дзятчык (ААТ “Орля”), Казімір Казіміравіч Куцэйка (ААТ “Дэмбрава”), Мікалай Мікалаевіч Дудкоўскі (ААТ “Дэмбрава”) і Аляксандр Янавіч Сурконта (ААТ “Васілішкі”). Усе яны былі ўзнагароджаны Пісьмамі-падзякамі і каштоўнымі падарункамі ад раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, якую ўзначальвае Генрых Феліксавіч Шандроха.

Аляксандр КАСПЯРЧУК. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!