“А дзверы мы падперлі ломікам”, або Анатомія кватэрных крадзяжоў у Шчучыне

Крадзяжы – самы распаўсюджаны від злачынстваў. Часам, каб разжыцца чужым дабром, зламыснікі доўга рыхтуюцца да “справы”: падбіраюць адмычкі да замкоў, вывучаюць распарадак дня гаспадароў, складаюць шматхадовыя схемы... Між тым ёсць выпадкі, калі ажыццявіць злачынныя намеры зладзеям “дапамагаюць”… самі ўладальнікі жылля. Па прычыне сваёй неабачлівасці і даверлівасці. 
Вось і ў гісторыях, якія мы вам сёння раскажам, зладзейка ціхенька ўваходзіла ў памяшканне і прыбірала да рук усё, што на вочы трапляла, – каштоўнасці, рэчы, грошы, прадукты і г.д. А ўсё таму, што дзверы ў дамах і кватэрах або былі незамкнёнымі, або… падпёрты ломікам. Апошняе мела месца ў адной з вёсак раёна. Пацярпелымі сталі гаспадары кватэры з двума ўваходамі. Адзін, парадны, быў пастаянна закрыты. А ў другім, з тыльнага боку, сапсаваўся ўразны замок, таму, ад’язджаючы ненадоўга з дому, жыльцы, як яны потым патлумачылі, “гэтыя дзверы проста падперлі ломікам”. У той дзень муж і жонка вярнуліся дамоў позна, а назаўтра раніцай заўважылі, што з маразільнай камеры зніклі ўсе мясныя прадукты – больш за 5 кілаграмаў, з тумбачкі пад кухонным сталом – тры пакеты з цукрам, а з ваннай – пачатая бутэлька з шампунем… 
А прыкладна праз тыдзень у міліцыю паступіла паведамленне, што ў абедзенны час хтосьці “праінспектаваў” кватэру жыхаркі Шчучына: прыбраў да рук 480 рублёў, якія ляжалі ў пакоі на бачным месцы. Трэба сказаць, гаспадыня перашкодзіць няпрошанай госці не магла, бо цяжка хварэла. А суседка, якая даглядала яе, на некалькі хвілін адлучылася. Праўда, павярнуць ключ у замку, выходзячы, чамусьці забылася. 
Яшчэ адна гараджанка з-за неабачлівасці дачкі (тая пайшла на вуліцу, не закрыўшы на ключ уваходныя дзверы) пазбавілася рэчаў на суму каля паўтары тысячы рублёў. Зладзюжка не ўпусціла момант: прыхапіла ўпрыгажэнні з золата, а таксама тое-сёе з касметыкі, а яшчэ кінула ў сваю сумачку… два пачкі тварагу і ўпакоўку сыру. 
Цікава, што чарговая пацярпелая ад зладзейкі шчыра прызналася следчым: незамкнёныя ўваходныя дзверы ў інтэрнацкім пакоі – норма ў іх сям’і. Такая “адкрытасць” і падвяла: калі жанчына знаходзілася на кухні, у прыхожай “гаспадарыла” зламысніца. Здабычай стаў кашалёк, а ў ім – звыш 300 рублёў.
Не менш павучальны для ўсіх нас і пяты эпізод. Шчучынка накіравалася прымаць ванну, але не стала замыкаць уваходныя дзверы, бо з хвіліны на хвіліну павінен быў прыйсці муж. Потым жанчына скажа: чула стук дзвярэй, але падумала – гаспадар вярнуўся. А калі праз паўгадзіны зайшла на кухню, убачыла адчынены кухонны шкафчык, перастаўленыя сумкі. Не было і кашалька... Зніклі грошы ў суме 800 рублёў, а яшчэ запасы прадуктаў – рыба, паляндвіца, курыная грудка і іншыя мясныя далікатэсы. Злодзей прыхапіў нават пакецік прыпраў і таблеткі для паляпшэння працэсу стрававання…
Дзякуючы таму, што гараджанка аператыўна паведаміла ў міліцыю, зладзюжку затрымалі. На той момант яна паспела на чужыя грошы “па-багатаму” атаварыцца ў суседнім магазіне і напрасілася ў госці да знаёмых, дзе мела намер добра правесці час, разгарнуўшы “настольніцу-самабранку” з украдзенымі і набытымі прадуктамі.
Зламысніца выкручвалася як магла. Маўляў, крадзяжы, а іх за месяц учыніла ажно пяць, не планавала. У адну кватэру заглядвала, каб пазычыць цыгарэт, у другія – бо шукала здымнае жыллё. І гаспадароў голасна аклікала… Проста не змагла ўстрымацца ад спакусы ўкрасці, калі дабро само ў рукі ішло. А смеласці паддавалі алкагольныя напіткі, ужытыя перад “рэйдамі”.
 Спытаеце, што за асоба так нахабна арудавала ў чужых дамах і кватэрах? Сапраўдная “профі” – пяць разоў судзімая жыхарка прыгараднага аграгарадка, якой крыху больш за 30 год. Цяпер яна па прыгаворы суда адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, лечыцца ад алкагалізму. Але, не агледзімся, вернецца ў родныя мясціны і наўрад “закапае” свой крымінальны талент. Ды й ці мала такіх “спецыялістаў” ходзіць па нашых вуліцах…
Так што, шаноўныя гаспадары і гаспадыні, не падпірайце дзверы ні ломікам, ні рыдлёўкай, ні іншымі падручнымі сродкамі, а замыкайце на ключ – і выйшаўшы са сваіх дамоў-кватэр і зайшоўшы ў іх.
Вікторыя АЎСЕЙЧЫК, памочнік пракурора раёна.
Максім Галубовіч, суддзя.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.

Фото из открытых интернет-источников.
 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!