Дзесяць білетаў на ІІ Еўрапейскія гульні падарылі Васілішкаўскаму дому-інтэрнату шэфы з РУП “Гроднаэнерга”

Лепшыя спартсмены з ліку выхаванцаў змогуць адправіцца ў Мінск на ІІ Еўрапейскія гульні, каб стаць балельшчыкамі спартыўнага саперніцтва па настольным тэнісе.

 – Спорту і здароваму ладу жыцця ў нас удзяляецца вялікая ўвага, -- расказвае дырэктар дома-інтэрната З.І. Янкевіч. – Прычым менавіта настольны тэніс – адзін з любімых відаў спорту, які асвоілі дзясяткі рабят. Нашы выхаванцы перамагаюць у спаборніцтвах паміж дамамі-інтэрнатамі вобласці, удзельнічаюць у спартакіядах і, вядома, сочаць за спартыўным жыццём краіны, з нецярпеннем чакаюць ІІ Еўрапейскіх гульняў, што будуць праходзіць у сталіцы Беларусі з 21 па 30 чэрвеня. Гэта вельмі прыемная навіна ад шэфаў-энергетыкаў, якія паклапаціліся, каб не толькі па тэлевізары нашы рабяты мелі магчымасць сачыць за галоўнай спартыўнай падзеяй года. Сваімі ўражаннямі ад спаборніцтваў у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе, дзе пройдуць тэнісныя партыі ІІ Еўрапейскіх гульняў, нашы прадстаўнікі абавязкова падзеляцца з равеснікамі. 
Здзіслаў Іосіфавіч падкрэсліў, што калектыў дома-інтэрната робіць усё магчымае, каб выхаванцы не замыкаліся ў рамках спецыялізаванай установы, а глядзелі на свет як мага шырэй. З гэтай мэтай рэалізуюцца шматлікія сумесныя праекты з міжнароднымі грамадскімі аб’яднаннямі “Свет без межаў” і “Дапамажы людзям”. Цікавыя мерапрыемствы ладзяцца пад патранажам шэфаў.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!