Дзень падпісчыка ў будынку раённага вузла паштовай сувязі праходзіў акурат напярэдадні 80-годдзя Шчучынскай раённай газеты
Чытачы шчыра віншавалі нас з гэтай падзеяй, жадалі калектыву рэдакцыі здароўя, энергіі, творчых поспехаў. Першай, хто “адкрыў” Дзень падпісчыка, была Людміла Пятроўна Вількевіч.
– Пытаеце, што падабаецца ў газеце? Ды ўсё падабаецца! Чытаю ад першай старонкі да апошняй, – усміхаецца добразычлівая жанчына, якая сябруе з “Дзянніцай” ужо не адзін дзясятак гадоў.
Адчувалася непадробная зацікаўленасць у выніках падпісной кампаніі і ў інструктара па падпісцы Святланы Іванаўны Зубік. Яна й сама вялікая прыхільніца нашага выдання, ведае ўсіх аўтараў пайменна, цэніць газету за аб’ектыўную і разнастайную мясцовую інфармацыю.
– Свая ж газета, родная, нібы добрая сваячка. Без яе, як без рук, – неяк па-асабліваму даверліва пераконвала наведвальнікаў нераўнадушная супрацоўніца РВПС.
Ці ні на яе заклік адрэагаваў мужчына з электроннай чаргі, які прыйшоў на пошту, здавалася б, з зусім з іншай мэтай?
– Ды вось заскочыў аплаціць за афармленне тэхнічнага пашпарта на дом. Сваімі сіламі ўзводзіў. Пакуль будаваўся, не было часу чытаць, а цяпер няхай у новы дом прыходзіць “Дзянніца”, – падзяліўся радасцю Станіслаў Станіслававіч Арашкевіч, а мы ад душы павіншавалі з наваселлем нашага новага чытача.
Сярод падпісчыкаў сустракаем шмат знаёмых людзей. Генадзь Аляксеевіч Паноў як самабытны музыкант зусім нядаўна быў героем нашай публікацыі, а сёння прыйшоў выпісаць “раёнку”, пры гэтым раскрыў сакрэт, што напісаў у гонар “Дзянніцы”-юбіляркі новую песню. Вось гэта сюрпрыз!
Калісь мы бралі інтэрв’ю ў цудоўнага выхавацеля і майстрыцы на ўсе рукі Марыі Станіславаўны Ткачук. Зараз яна на заслужаным адпачынку, спецыяльна завітала на Дзень падпісчыка, бо не ўяўляе сваё жыццё без раённай газеты. Любіць чытаць пра хобі людзей залатога ўзросту, дый сама па-ранейшаму захапляецца прыкладнымі відамі мастацтва, фларыстычнымі кампазіцыямі, вырошчвае мноства кветак.
Вельмі знаёмае прозвішча і ў наступнай падпісчыцы – Галіны Уладзіміраўны Чарняўка. Так і ёсць: яе муж і сыны дастойна працуюць у МПМК-167, не раз іх партрэты як лепшых работнікаў упрыгожвалі газетныя старонкі “Дзянніцы”. Людзям працы ў нас – пачэснае месца.
Увогуле было вельмі прыемна пазнаёміцца з усімі ўдзельнікамі Дня падпісчыка. Чакаем вас, сябры, на нашым свяце з нагоды 80-годдзя “Дзянніцы”. А падпіска яшчэ працягваецца. Так што далучайцеся да кагорты пастаянных чытачоў!
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.