Дзе высокая культура земляробства – там дастойны ўраджай

Гаспадаркі раёна амаль завяршылі ўборку зерневых культур, і ўжо можна падвесці пэўныя вынікі жніва. Якой ураджайнасці ўдалося дасягнуць шчучынскім аграрыям на хлебнай ніве? Наколькі высокім аказаўся атрыманы намалот? Аб гэтым і многім іншым мы пагутарылі з начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Г.Б. Хомічам. 

– Генадзій Баляслававіч, наколькі паспяхова спрацавалі нашы хлебаробы на жніве? 
– Наш раён займае другое месца ў вобласці па валавым зборы зерня. Дзякуючы паўнавартаснай падкормцы пасеваў мінеральнымі ўгнаеннямі, праведзеным хімпраполкам для аховы раслін і строгаму выкананню ўсіх тэхналогій мы вырасцілі дастойны ўраджай. Асабліва парадаваў рапс, якога сёлета атрымалі 14330 тон, што ў два разы больш, чым летась. І гэта нягледзячы на анамальна халодную вясну і дажджлівае лета. Крыху падвялі па ўраджайнасці яравыя ячмень і пшаніца.
Як толькі ўсталявалася цёплае і сухое надвор’е, камбайнеры Шчучыншчыны выйшлі ў поле жаць, каб убраць хлеб своечасова і без страт. І ім гэта ўдалося! Аднак з-за высокага ўтрымання вільгаці амаль усё намалочанае зерне давялося “дапрацоўваць” на зернесушыльных комплексах. Разам з тым пры сярэдняй ураджайнасці зерневых 44 цэнтнеры з гектара мы атрымаем каля 107 тысяч тон зерня, што прыкладна на 15 тысяч больш, чым у мінулым годзе.
– Як удалося не дапусціць збояў і страт на ўборцы хлебнай нівы?
– Жніво было арганізавана на высокім узроўні: уся зерне­ўборачная тэхніка была перабрана і прыведзена ў “баявую” гатоўнасць, як і зернесушыльныя комплексы. Больш за палову неабходнага для камбайнаў і грузавікоў паліва выдзеліла дзяржава. Ды і самі хлебаробы не падвялі: працавалі ў полі з поўнай аддачай і амаль увесь светлавы дзень. Як вынік, 39 нашых камбайнераў перакрочылі “тысячны” рубеж. Лідарам на ўборцы хлебнай нівы стаў камбайнер ААТ “Васілішкі” Віктар Зянонавіч Зневяроўскі, які намалаціў рэкордныя ў раёне 2260 умоўных тон зерня. Амаль перакрочыў двухтысячны рубеж камбайнер гэтай жа гаспадаркі Юрый Іосіфавіч Жолік. Вызначыўся працай на хлебнай ніве і камбайнер ААТ “Дэмбрава” Валерый Раманавіч Вейка. Лепшым на адвозцы зерня прызнаны вадзіцель ААТ “Васілішкі” Алег Тадэвушавіч Карпінец: на яго рахунку 2563 тоны перавезенага залатога грузу. Усяго на 8 тон адстаў ад яго вадзіцель гэтай жа гаспадаркі Віктар Раманавіч Мацецкі. 
Сярод гаспадарак па ўраджайнасці зерневых традыцыйна лідзіруе СВУ “Пратасаўшчына”, дзе з кожнага гектара мясцовыя хлебаробы сабралі ў сярэднім па 80 цэнтнераў зерня. Рэкорднага намалоту сярод гаспадарак раёна дабіліся ў ААТ “Васілішкі”: валавы збор зерня тут дасягнуў 31 тысячы тон, што складае 131% да ўзроўню мінулага года. 
– Як няўстойлівае надвор’е паўплывала на рост і развіццё іншых культур?
– Дажджлівы ліпень прынёс нямала клопатаў хлебаробам, затое станоўча паўплываў на рост шматгадовых траў. Па даных на 22 жніўня ў раёне ўжо закладзена 7,5 тысячы тон сена і 189 тысяч тон сенажу і зернефуражу, што складае 90% да плана. На адну ўмоўную галаву нарыхтавана 13 цэнтнераў травяных кармавых адзінак.
Даволі халодныя чэрвень і ліпень негатыўна адбіліся на росце кукурузы, аднак падчас жнівеньскай спякоты гэтая культура значна прыбавіла ў росце. Дарэчы, пад “царыцу палёў” сёлета ў раёне адведзена 10820 гектараў: убранае з 3360 гектараў пойдзе на зерне, а астатняе – на сілас. Такім чынам, мы цалкам забяспечым пагалоўе буйной рагатай жывёлы, якое ўтрымліваецца ў гаспадарках раёна, якаснымі кармамі. 
– Жніво амаль скончылася, аднак праца ў полі працягваецца?
– Безумоўна! Мы ўжо прыступілі да сяўбы азімага рапсу, пад які ў раёне адведзена 5250 гектараў. Акрамя таго, убіраем салому і ўзворваем палеткі. Не за гарамі ўборка кукурузы і цукровых буракоў, таму прыводзім у парадак цукраўборачныя камбайны, якіх у раёне налічваецца 7. Адным словам, работа ў гаспадарках Шчучыншчыны кіпіць!
Гутарыў Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!