Дзе новы асфальт – там камфорт

Па шматлікіх просьбах гараджан і па ініцыятыве камунальнай службы работнікі ДРБУ-161 прыступілі да добраўпарадкавання прыдамавой тэрыторыі ля дзевяціпавярховак па вуліцы 17 Верасня і прылеглых пад’ездаў і аўтастаянкі.

Гэты невялічкі “пятачок” у цэнтры горада даўно выклікаў занепакоенасць у шчучынцаў. Менавіта праз яго пралягае шлях у дзіцячы садок №6, раённую аптэку, цырульню і крамы. Аднак дарожнае пакрыццё тут вельмі зношанае, што стварае сур’ёзныя нязручнасці для руху вадзіцеляў і пешаходаў. За вырашэнне гэтай праблемы ўзяліся работнікі РУП ЖКГ і ДРБУ-161.

-- Стары асфальт увесь у выбоінах, таму спачатку мы пакладзём выроўніваючы слой, -- гаворыць старшы майстар ДРБУ-161 Алег Людвігавіч Ціцяк. – Затым, як таго патрабуюць тэхналогіі, “закатаем” фінішны таўшчынёй тры сантыметры. Камунальнікі выставяць пад узровень новага асфальтавага пакрыцця каналізацыйныя люкі, ліўнёўкі і бардзюры. Усяго на гэтым участку вуліцы 17 Верасня адновім звыш 170 метраў дарогі.

Пасля дарожнікі працягнуць добраўпарадкаванне гарадскіх двароў. На чарзе прыдамавыя тэрыторыі па вуліцах Авіятараў і Маладзёжнай у Шчучыне.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.