Дыялог з уладай. Жыхары Дэмбрава з трывогай пра малую радзіму

Праблема ўсеагульная для сельскіх рэгіёнаў: моладзь з’язджае з родных мясцін у гарады, падае нараджальнасць, з-за дэмаграфічнай сітуацыі аптымізуецца работа сфер абслугоўвання, бо сёння ўсе лічаць грошы і зацікаўлены ў рэнтабельнасці сваёй дзейнасці. Здаецца, сацыяльныя стандарты не парушаны, аднак людзям хочацца бачыць свой аграгарадок менавіта гарадком і задавальняцца не мінімумам, а карыстацца такімі ж дабротамі, як і гараджане. Каб вырашыць гэту дылему, прадстаўнікі раённай улады і жыхары Дэмбрава нядаўна сабраліся разам у адной зале.
На сустрэчу да сяльчан прыехалі старшыня райвыканкама А.В. Садоўскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, намеснікі старшыні райвыканкама А.І. Тодрык і А.В. Пасюта, якая курыруе пытанні сацыяльнай сферы. Сярод прысутных – старшыня мясцовага сельвыканкама М.М. Жогла і дырэктар ААТ “Дэмбрава” А.В. Туля. Гатовы былі растлумачыць тую ці іншую сітуацыю прадстаўнікі ключавых служб раёна.

Аб банкаўскіх аперацыях

Адно з найбольш злабадзённых пытанняў для жыхароў аграгарадка – абнаяўліванне фінансавых сродкаў: банкамат адсутнічае, а банкаўскія паслугі па месцы жыхарства даступныя адзін раз на тыдзень, калі прыязджае спецыяліст са Шчучына. Такі рэжым работы намеснік кіраўніка шчучынскага цэнтра банкаўскіх паслуг “Беларусбанка” М.М. Бунько тлумачыць эканамічнай мэтазгоднасцю: каб зменшыць страты, пайшлі на аптымізацыю.
 – Маніторынг паказаў, што ў месяц дэмбраўцы ажыццяўляюць прыкладна 412-430 аперацый, – канстатуе Мікалай Мікалаевіч. – Так было і тады, калі гэта аддзяленне банка працавала 2-4 разы на тыдзень, так адбываецца і зараз. У любым выпадку гэта вельмі мала (усяго 2-3 наведвальнікі на працягу гадзіны), а таму стратна. Пік актыўнасці насельніцтва назіраецца выключна ў дні атрымання пенсій. Таму банк цесна супрацоўнічае з паштовым аддзяленнем, дзе можна атрымаць тыя ж банкаўскія паслугі.
Як было адзначана, у хуткім часе ў грамадзян з’явіцца магчымасць знімаць наяўнасць з банкаўскіх картак у магазінах – паралельна з ажыццяўленнем пакупак.


 – І ўсё ж мы просім, каб аддзяленне банка працавала ў нашым аграгарадку 2-3 дні ў тыдзень. На пошце не заўсёды ёсць патрэбныя сумы грошай, дый спектр запатрабаваных паслуг куды шырэй, чым там могуць аказаць, – гаворыць адна з прысутных у зале настаўніц. – У мяне ў сераду вельмі напружаны працоўны дзень, я ніяк не паспяваю ў аддзяленне банка. Тое ж могуць сказаць і нашы жывёлаводы, людзі іншых прафесій…
Прадстаўнікі раённай улады паабяцалі прадумаць, якім чынам знайсці здаровы кампраміс паміж эканамічнай эфектыўнасцю і інтарэсамі людзей.

Аб транспарце і дарогах

Па словах дырэктара аўтапарка № 12 Г.Г. Паўлюкевіча, на аптымізацыю накіравана і работа шчучынскага аўтапрадпрыемства, аднак пры гэтым сацыяльныя стандарты па колькасці рэйсаў выконваюцца. Маршрут Шчучын - Дэмбрава - Гродна адносіцца да ліку міжгародніх, а таму не субсідзіруецца, хоць страты складаюць істотны працэнт з-за невялікай колькасці пасажыраў.
Удзельнікі сельскага сходу пераканалі кіраўніка аўтапарка, што па пятніцах варта пусціць дадатковы рэйс Шчучын – Дэмбрава: ён абавязкова будзе запатрабаваны. У людзей раніцаю ёсць неабходнасць паехаць і на прыём да спецыяліста ў райбальніцу, і па розных справах у райцэнтр. Генадзій Генрыхавіч запэўніў, што такі аўтобус у хуткім часе стане курсіраваць і нават прапанаваў, каб дэмбраўцы самі парадзіліся і вызначылі зручны для большасці жыхароў расклад ранішняга руху.
Зразумела, усіх хвалюе якасць мясцовых дарог. Яны прыводзяцца ў парадак згодна з абласной праграмай за сродкі дарожнага фонду. Плануецца на тэрыторыі гаспадаркі штогод капітальна рамантаваць па некалькі кіламетраў дарожнага пакрыцця, і так паступова прывесці ў належны парадак траекторыі паміж населенымі пунктамі.

Ці быць аптэцы?

Гэта пытанне таксама вельмі хвалюе жыхароў аграгарадка. Аптэчны пункт пры Дэмбраўскай амбулаторыі, які адкрылі як альтэрнатыву, калі востра паўстала кадравая праблема, іх задавальняе не цалкам.
– Нам патрэбна паўнавартасная аптэка, якая б працавала хаця б 2-3 разы ў тыдзень, – агучвалі свае спадзяванні дэмбраўцы.
Загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі № 6 Н.М. Чайкоўская паабяцала прысутным, што ў бліжэйшы час вырашыць пытанне з карыстаннем картак для зніжак пры пакупцы лякарстваў у аптэчным пункце пры амбулаторыі, а аднавіць работу аптэкі ў Дэмбраве будзе магчыма, калі па размеркаванні прыбудзе фармацэўт. Адпаведная заяўка пададзена. Ніякі іншы спецыяліст, нават з медыцынскай адукацыяй, па заканадаўстве працаваць у стацыянарнай аптэцы не мае права.
– Зразумейце правільна: мы не зачынілі вашу аптэку, а часова спынілі яе дзейнасць да прыезду спецыяліста, які б пажадаў тут працаваць, – тлумачыла сітуацыю Наталля Міхайлаўна Чайкоўская.
– У гэтай сувязі хацелася б, каб нашы дзеці асвойвалі запатрабаваныя на сяле прафесіі і пасля вучобы вярталіся ў родныя мясціны, – выказаў сваё меркаванне старшыня райвыканкама А.В. Садоўскі. – Ужо сёння трэба наперад думаць, каму працаваць на гэтай зямлі, вучыць дзяцей, лячыць землякоў…
Аляксей Валянцінавіч, гаворачы аб замацаванні кадраў, падзяліўся ўпаўне канкрэтнымі планамі. Вядуцца перамовы з дзвюма прыватнымі кампаніямі аб будаўніцтве арэнднага жылля ў сельскай мясцовасці. Кіраўнік раёна падзякаваў дэмбраўцам, што яны ініцыіравалі гэту сустрэчу і займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, перажываюць за лёс сваёй малой радзімы.

Узнятыя пытанні ўзяты на аловак

Так, будзе прааналізавана сітуацыя з гандлёвымі “накруткамі” на некаторыя харчовыя тавары, бо, па словах выступаючых на сельскім сходзе, “гарадскія цэны” адрозніваюцца ад тых, што ў мясцовым магазіне.
А вось жаданне бачыць аграгарадок больш добраўпарадкаваным і зялёным, мець дзіцячую пляцоўку, лавачкі для адпачынку павінна рэалізавацца з дапамогай саміх дэмбраўцаў пры падтрымцы сельвыканкама і мясцовай гаспадаркі, лічыць намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта.
– У гэтай справе спатрэбіцца такая ж, як сёння, зацікаўленасць і актыўнасць усіх вас, – звярнулася да прысутных Алена Васільеўна, прапанаваўшы талакою па вясне закласці сквер у гонар 75-годдзя Перамогі, які стане і добрай памяццю пра слаўную дату, і падарункам маладому пакаленню ад нашых сённяшніх сучаснікаў.
А тое, што лёс малой радзімы ў руках саміх жыхароў аграгарадка, адчувалася ў неабыякавасці тутэйшых людзей, іх актыўнай жыццёвай пазіцыі.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.