Дырэктар са званнем дацэнта. Кіраўніку ААТ “Васілішкі” Антону Бурносу прысвоена вучонае званне

 

Нешэраговая падзея адбылася на мінулым тыдні ў ААТ “Васілішкі”. Дырэктару прадпрыемства Антону Бурносу было прысвоена вучонае званне дацэнта. З гэтай нагоды кіраўніка гаспадаркі віншавалі калектыў прадпрыемства і госці з навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па жывёлагадоўлі.

 

Навуковая кар’ера Антона Бурноса непарыўна звязана з РУП “Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па жывёлагадоўлі”. У сферу навуковых інтарэсаў новаспечанага дацэнта ўваходзіць тэма селекцыі і ўдасканалення парод свіней. Ступень кандыдата навук Антон Бурнос атрымаў за дысертацыю “Выкарыстанне імпартных мясных генатыпаў свіней у разнастайных варыянтах міжпароднага скрыжавання і гібрыдызацыі”.

 

Работа была выканана на базе свінакомплексу “Збражкі” ААТ “Васілішкі”. Усе напрацоўкі дысертацыі выкарыстоўваюцца зараз у рабоце гаспадаркі. І гэта дае добры вынік: рэнтабельнасць свінагадоўлі ў ААТ “Васілішкі” летась склала 12,5%, што з’яўляецца выдатным паказчыкам для гэтай галіны сельскай гаспадаркі. Пры вырошчванні новых парод свіней атрымалася павялічыць сярэднясутачную прывагу і знізіць канверсію кармоў, што ў сваю чаргу дало спрыяльны эканамічны эфект.

 

 

Атэстат дацэнта Антону Бурносу ўручыў ягоны навуковы кіраўнік, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Іван Шэйко.

 

– Мне пашчаслівілася быць кіраўніком кандыдацкай дысертацыі Антона Часлававіча, – кажа Іван Паўлавіч. – Скажу сумленна, з першых дзён, як ён прыйшоў у аспірантуру, я заўважыў, што гэта вельмі адказны і дальнабачны чалавек. Спадзяваемся на далейшую плённую працу з Антонам Часлававічам, бо нас чакае грунтоўная работа. У 2027 годзе мы павінны зацвердзіць у Беларусі новую канкурэнтную пароду свіней.

 

Шчырыя словы віншаванняў у той дзень гучалі ад калектыву ААТ “Васілішкі” у адрас свайго кіраўніка.

 

 

– Атрыманне звання дацэнта для мяне не стала сюрпрызам, – адзначыў Антон Бурнос. – Да яго я ішоў мэтанакіравана і планамерна. Ужо працую амаль 10 гадоў на аграрным прадпрыемстве і працаваў у навукова-практычным цэнтры. Вядома, вынік не выпадковы, і важна адзначыць не мае заслугі, а людзей, якія сустракаюцца мне на кар’ерным шляху, выказваю вам вялікую падзяку. Мне прыемна, што ў такую хвіліну калектыў нашага прадпрыемства не застаўся ў баку.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!