Два гады правяла на Нямеччыне Надзея Ельянаўна Малмыга. Што прыйшлося зведаць ёй, тады яшчэ 19-гадовай дзяўчыне… Пра гэта – наш аповед

 

– І як гэтыя гады праляцелі, калі я паспела пражыць амаль стагоддзе, а хто ж яго ведае, – нібыта сама з сабою разважае Надзея Eльянаўна Малмыга – старэйшая жыхарка вёскі Дамейкі Астрынскага сельсавета. – Усё жыццё – нібы адно імгненне…

 

Надзея Eльянаўна – жанчына з вельмі няпростым лёсам, чалавек, які зведаў жахі вайны. Яна была вывезена на Нямеччыну і два гады жыла без родных, нічога пра іх не ведаючы, цяжка працавала і марыла пра той дзень, калі зможа зноў пераступіць парог бацькоўскага дома…

 

– На шчасце, мне ўдалося вярнуцца на радзіму, – расказвае Надзея Eльянаўна. – Здарылася гэта толькі пасля Перамогі. А многія з нашых аднавяскоўцаў, якія так, як і я, былі вывезены ў Германію, да гэтага часу лічацца прапаўшымі без вестак…

 

У прасторным доме бабулі неяк па-вясковаму надзвычай утульна і акуратна. Мы са старшынёй Астрынскага сельвыканкама Наталляй Іванаўнай Лебядзевіч уважліва слухаем успаміны Надзеі Eльянаўны. Часам яна звяртаецца да такіх падзей, якія, здаецца, да гэтага моманту захоўваліся ў самых патаемных куточках яе памяці. Адчуваецца, як вельмі няпроста, ледзь стрымліваючы слёзы, гаварыць ёй пра сваё жыццё.

 

– Сям’я наша была вельмі бедная, і нам, чацвярым дзецям, прыходзілася з малых гадоў працаваць у чужых людзей, каб дапамагчы бацькам, – расказвае Надзея Eльянаўна. – Увогуле ў нашай вёсцы, а я нарадзілася і вырасла ў Дамейках, тут і замуж пайшла за мясцовага хлопца, былі толькі чатыры гаспадары, якія мелі якую-ніякую маёмасць. Мама мяне спачатку брала з сабою загоны ў пана жаць, а потым я ўжо хадзіла самастойна, разам з іншымі дзяўчатамі. З сямі гадкоў пасвіла кароў, а каб зарабіць толькі пуд зерня, карову трэба было пасці ўвесь сезон. Маю малодшую сястру мама аддала ў памочніцы свайму роднаму брату ў вёску Даўбенкі: у яго памерла жонка і засталося трое дзяцей. Ён іх вельмі шкадаваў, таму і не хацеў жаніцца, каб у іх была мачаха. А наша Маня ўсё ўмела, вось мама яе і адправіла. Мяне пакінула дома, таму што я была старэйшая і ад мяне ўсё ж было больш карысці і дапамогі. Дарэчы, мая Маня некалькі разоў ратавала мяне, калі зайшлі немцы і пачалі адпраўляць моладзь у Германію. У Першамайску іх стаяла даволі многа. Яны там трымалі вялікую гаспадарку, садзілі агароды, а Маня з іншымі дзяўчатамі працавала ў іх. Дык вось, як пачне памочнік солтыса складаць спісы дзяўчат, бацька ідзе і просіць яго, каб замест мяне напісаў Маню. Паколькі яна ўжо хадзіла на работу да немцаў, яе ніхто і не чапаў.

 

Толькі ўсё ж наступіў для Надзеі той ракавы момант, калі яна, 19-гадовае дзяўчо, разам з іншымі дзяўчатамі 1922-1924 гадоў нараджэння накіравалася ў ненавісную Нямеччыну.

 

– Адразу трапіць да якога-небудзь гаспадара мне не прыйшлося, – успамінае Надзея Eльянаўна. – Забралі на дзяржаўныя работы. Працавалі на нарыхтоўцы торфу, паколькі з дровамі ў немцаў былі вялікія праблемы. Кармілі нас дрэнна, а працаваць прыходзілася многа: ад васьмі раніцы аж да заходу сонца. Выдадуць на тыдзень адну буханку хлеба – і ўся яда. А хлеб, як гліна, з чаго яны яго толькі пяклі… Пра суп і гаварыць не хочацца… А ў верасні павезлі нас бульбу капаць. Як глянеш на тое поле – там, здаецца, тысячы гектараў засаджаны. Пасялілі у нейкім халодным памяшканні. Там была наладжана вытворчасць спірту. Усюды – медныя трубкі, столь і падлога – цэментныя. Прынеслі саломы, а потым усё ж печку ўстанавілі. Восень, холадна ўжо было. З ядою мы там крыху аджылі. Людзі з бліжэйшай вёскі прынеслі нам каструльку і патэльню. Немцы бульбу ў нас не адбіралі, таму кожны дзень ідзём з поля і нясём па штук дзесяць. Гатавалі па чарзе: варылі бульбу, пяклі аладкі. А кожную раніцу нам выдавалі лустачку хлеба з маргарынам. Так пратрымаліся цэлы месяц. А потым мяне перавялі да немца-гаспадара.

 

Разам з Надзеяй Eльянаўнай у яго працавалі два бельгійцы: адзін даглядаў коней, а другі даіў кароў. А яна мыла посуд на кухні, карміла жывёлу. А спачатку і кароў даіла. Толькі аднойчы рукі ў яе распухлі так, што ні за якую хатнюю справу яна ўвогуле ўзяцца не магла: ёй даручылі падаіць карову, якая давала адразу тры вядры малака.

 

– Праўда, гаспадар тады ўзяў яшчэ аднаго работніка – 15-гадовага хлопчыка, які ў такім узросце ўжо ўмеў усё рабіць: як потым сам расказваў, у яго цяжка хварэла матуля, і ён ёй ва ўсім дапамагаў, – працягвае свае ўспаміны Надзея Eльянаўна. – Работы было многа, але адно хоць было добра, што кармілі як людзей.
Доўгім было вяртанне дамоў. З польскай сям’ёй Надзея дабралася да Беластока. Цэлы тыдзень правяла ў Гродне, пакуль ёй аформілі ўсе неабходныя дакументы. Да Прудзян ехала са сваімі новымі знаёмымі: дачкой, якая таксама вярнулася з Нямеччыны, і яе матуляй. Надзея стала сведкай іх радаснай сустрэчы. У бок родных Дамейкаў рухалася на “папутцы” – шафёр згадзіўся падвезці дзяўчат.

 

– Мама вельмі моцна плакала, калі ўбачыла мяне жывою, і сказала, што заўсёды верыла, што я вярнуся: яна нават лён толькі часала і пачысціла, а не прала, і палатно не ткала – мяне чакала, – гаворыць Надзея Eльянаўна.

 

Паступова жыццё наладжвалася. Праз год Надзея выйшла замуж. Разам з мужам працавалі ў калгасе. Уладзімір Рыгоравіч быў вельмі масцеравым, усё сваімі рукамі рабіў, і дом сам пабудаваў. І чалавекам добрым быў. Разам яны выхавалі дачку і сына. Дачка – журналіст, жыве ў Мінску, а сын у свой час атрымаў спецыяльнасць электрыка, працаваў на прадпрыемстве “Азот” і жыве з сям’ёй у Гродне. У Надзеі Eльянаўны – дзве ўнучкі і два праўнучкі.

 

У адной вёсцы з Надзеяй Eльянаўнай усё жыццё пражыла і яе сястра Валянціна. У Дамейках яна праводзіць толькі вясну і лета, а на зіму едзе да сваёй дачкі. Марыя некалі выйшла замуж і так і засталася ў Даўбенках. А іх брат асталяваўся ў Верцялішках. Цяпер Марыі і іх брата ўжо няма на гэтым свеце.

 

Чым жа ў такім паважаным узросце любіць займацца Надзея Eльянаўна?

 

– Радуюся жыццю, хоць і засталося мне не так многа, – кажа бабуля-доўгажыхарка. – Цяпер у мяне ўсё ёсць і я не мару ўвесь час пра кавалачак хлеба, як гэта было ў дзяцінстве. Таму вельмі ўдзячна за гэта дзяржаве, падтрымку якой я добра адчуваю. Люблю паглядзець тэлевізар, толькі той канал, дзе трансліруюцца службы з храмаў. А яшчэ сама палю свой агародчык. Пакрысе, наколькі хапае сіл. Ёсць у мяне і надзейны памочнік – сацыяльны работнік Данута Міхайлаўна Ушкевіч.

 

Развітваючыся з намі на сваім падворачку, Надзея Eльянаўна ад усяго сэрца пажадала ўсім нам заўсёды жыць у міры, каб ніхто не зведаў страшнага гора вайны. Яе словы, здаецца, краналі за жывое – настолькі шчыра і пранікнёна яны гучалі…

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!