“Для мяне нашы людзі як радня” Дэпутат і стараста аграгарадка Дэмбрава Святлана Медушэўская падзялілася, чаму ёй цікава займацца грамадскай работай

 

Мабыць, яе лідарскія якасці бяруць свае вытокі ў сям’і. Святлана – старэйшая з сямі дзяцей, і калі бацькоў не стала, малодшым за маці была. Прывыкла адказваць за ўсіх, клапаціцца, перажываць. І гэта не толькі ў адносінах да самых блізкіх.

 

Менавіта за неабыякавасць, актыўную жыццёвую пазіцыю, уменне даводзіць да канца любую справу і паважаюць землякі Святлану Медушэўскую, аказваюць ёй высокі давер. Яна – дэпутат Дэмбраўскага сельскага Савета дэпутатаў.

 

Да ўсяго чацвёрты тэрмін запар Святлану Уладзіміраўну вяскоўцы выбіраюць старастай аграгарадка Дэмбрава, бо дакладна ведаюць – гэта энергічная, неабыякавая жанчына справіцца з нялёгкімі грамадскімі абавязкамі і будзе працаваць без фармалізму.

 

С.У. Медушэўская – бібліятэкар Дэмбраўскай інтэграванай бібліятэкі: і школьнікам кнігі выдае, і дарослым. Прафесія нібы падштурхоўвае зазірнуць людзям у самую душу, дакладна ведаць кола інтарэсаў кожнага з чытачоў.  Дый увогуле ўсе аднавяскоўцы ў полі зроку старасты, як кажуць, і старыя, і малыя. Дзякуючы агульным з сельвыканкамам намаганням у дамах, каб пазбегнуць пажараў, лічы, паўсюдна (на 99 %) устаноўлены прыборы АПА. Святлана Уладзіміраўна актыўны член агляднай камісіі, часта бывае ў сем’ях, дзе пасяліўся недабрабыт, і з уласцівай ёй праматой можа так пагаварыць з гора-бацькамі, такія аргументы прывесці, што сітуацыя мяняецца да лепшага.

 

– Вельмі дапамагае ў вырашэнні злабадзённых пытанняў старшыня сельвыканкама Міхаіл Міхайлавіч Жогла. Я часта звяртаюся да яго за падтрымкай і парадай. Заўжды знаходжу паразуменне, – кажа Святлана Медушэўская.

 

Звярталіся людзі да старасты наконт запасных газавых балонаў, і Святлана тут жа звязалася з раённай газавай службай, даведалася пра ўсе ўмовы і патрабаванні, данесла інфармацыю да сваіх аднавяскоўцаў.

 

– А цяпер ведаеце якая патрэба наспела? – дзеліцца ініцыятыўная стараста. – Проста неабходна, каб РУП ЖКГ на лета стварала мабільныя брыгады па скошванні травы на сядзібах вяскоўцаў. Заказаў было б мноства! Людзі сталага ўзросту шукаюць касцоў і гатовы аплаціць работы. Ці не лепей, калі гэта зробяць камунальнікі ды атрымае прыбытак ЖКГ? Гэткая паслуга будзе вельмі запатрабаванай і ўзаемавыгаднай. Прычым не толькі ў вёсках нашага сельсавета.

 

Жыць грамадскімі інтарэсамі – гэта норма для Святланы Уладзіміраўны. Пры гэтым яна клапатлівая жонка і цудоўная маці, узорная гаспадыня з вельмі высокімі патрабаваннямі да сябе. Пераканана, калі дэпутатам і старастай цябе людзі абралі – значыць, ты павінен служыць прыкладам для іншых. А таму ў Святланы і Віталія Медушэўскіх і сядзіба вока радуе, і кветкі сваёй экзотыкай здзіўляюць, і ў сям’і лад пануе.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!