Дэпутат Вольга Патапчык прыняла асабісты ўдзел у акцыі “Сабяром дзяцей у школу”
Дырэктар ААТ “Шчучынаграпрадукт”, дэпутат Гродзенскага абласнога і Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Вольга Патапчык з той кагорты, хто і ў дарослым жыцці добра памятае хвалюючую атмасферу наконадні першавераснёўскага школьнага свята. А як чалавек не адарваны ад рэчаіснасці, разумее, што затраты на збор вучняў да новага навучальнага года выліваюцца ў досыць кругленькую суму – асабліва гэта адчувальна ў мнагадзетных сем’ях.
– Мы ніколі не застаёмся ў баку ад рэспубліканскай акцыі “Сабяром дзяцей у школу”, – гаворыць Вольга Браніславаўна. – Вось і сёлета на гэтыя мэты аграпрадпрыемства накіравала амаль 26 тысяч рублёў. Матэрыяльную дапамогу атрымалі 119 сем’яў, дзе ёсць школьнікі.
На кожнага вучня прыйшліся выплаты ў суме 30 працэнтаў пражытачнага мінімуму – без малога 130 рублёў. Дарэчы, у ААТ “Шчучынаграпрадукт” працуюць 38 мнагадзетных бацькоў. У шасці сем’ях увогуле выхоўваюць пяцёра і больш дзетак.
Дэпутат Вольга Патапчык да ўсяго прыняла і асабісты ўдзел у дабрачыннай акцыі. Яна ўручыла падарункі будучаму першакласніку Ільі Захарчуку. Цалкам “экіпіраваны” школьнымі прыладамі партфель і цукеркі для сямейнага чаяпіцця хлопчык прымаў з задавальненнем, абяцаючы добра вучыцца. А яго тата, вадзіцель МАЗа Андрэй Захарчук, расказаў нам, што ў гаспадарцы працуе пяць год, атрымаў добраўпарадкаваную кватэру ў аграгарадку Ражанка, разам з жонкай Вікторыяй яны выхоўваюць трое дзетак. Дарэчы, Андрэй Захарчук падчас жніва перавёз больш за 2 тысячы тон зерня, а зараз працуе на ўборцы кукурузы. За ўвагу да сваёй сям’і шчыра ўдзячны, а для маленькага Ільі гэты дзень, калі хлопчык пазнаёміўся з Вольгай Браніславаўнай і атрымаў падарункі, стане памятным.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.