Даведайцеся, як правялі канікулы ў лагеры “Кветкавы горад” вучні СШ №2 г. Шчучына
Шэсць цікавых і насычаных самымі рознымі падзеямі дзён правялі ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Кветкавы горад” вучні СШ №2 г. Шчучына.
Рабяты не проста адпачывалі, яны вучыліся быць сапраўднымі сябрамі прыроды: нездарма ж у лагеры быў абраны эколага-біялагічны профіль. 48 вучняў ва ўзросце ад шасці да трынаццаці год аб’ядналіся ў чатыры атрады – “Пчолкі”, “Мурашкі”, “Кузнечыкі” і “Юныя эколагі”.
Ужо ў першы дзень адпачынку ў лагеры была аб’яўлена экалагічная акцыя “Людзі разам – смецце асобна!”, вынікі якой падводзіліся кожны дзень. Рабяты вучыліся правільна раздзяляць бытавыя адходы. Кожны дзень у “Кветкавым горадзе” абавязкова праходзіла мінутка бяспекі, калі хлопчыкі і дзяўчынкі глядзелі відэаролікі, падрыхтаваныя МНС, сустракаліся с супрацоўнікамі Шчучынскага РАНС, а таксама пабывалі ў дзіцячым пакоі бяспекі “ПлЮС” і на экскурсіі ў пажарнай часці раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Творчая майстэрня “Кветкі і пчолы”, экалагічная віктарына “Знаўцы прыроды”, дзень аховы Зямлі “Энергазберажэнне – не эканомія, а разумнае спажыванне”, эка-акцыя “Дапаможам прыродзе разам!”, конкурс экалагічных лістовак, флаераў “Мы за эканомію і беражлівасць!”, гульня “Яе Вялікасць – Электрычнасць”, круглы стол “Берагоша ў гасцях у рабят”, дзень эка-майстра “Зрабі планету чыстай!” – ды хіба пералічыш усе цікавыя мерапрыемствы, што падрыхтавалі для дзяцей дарослыя? Разам з тым хлопчыкі і дзяўчынкі наведвалі заняткі па інтарэсах, удзельнічалі ў спартыўных мерапрыемствах, у акцыях, пабывалі на дыстанцыйнай экскурсіі ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны…
– Спадзяюся, рабятам спадабаўся такі адпачынак у лагеры, – гаворыць педагог-арганізатар Алена Роўбуць. – Складаючы план работы, мы стараліся ўлічыць самыя розныя інтарэсы рабят, каб кожны мог знайсці сабе занятак па душы, абавязкова даведаўся штосьці новае, пашырыў свой кругагляд і, канечне, навучыўся берагчы прыроду.
У дзень закрыцця лагера рабяты прынялі ўдзел у квэст-гульні “Мой горад!”, прадэманстравалі свае глыбокія веды ў турніры знаўцаў прыроды “Экалагічнае асарці”, прадставілі свае малюнкі на конкурс “Зямля наш агульны дом”… Цікавы адпачынак даў ім магчымасць карысна правесці вольны час.
– З задавальненнем прыходзіла ў лагер кожны дзень, – гаворыць Іаланта Каспярчук. – Мне ўвогуле вельмі падабаецца біялогія, таму было ўсё цікава. Тут было шмат магчымасцей, каб прымяніць свае веды, а таксама выдатна адпачыць, паўдзельнічаць у розных мерапрыемствах. Здорава, што канікулы прайшлі з карысцю!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота Алены РОЎБУЦЬ.