Даведаліся, якімі відамі спорту захапляліся беларусы ў канцы ХІХ стагоддзя. У Шчучынскім ПТДіМ адкрылася цікавая выстава

Вам цікава даведацца, якія віды спорту былі найбольш папулярнымі ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў, і як выглядала адзенне спартсменаў? Тады вам абавязкова трэба наведаць выставу, якая дзейнічае ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі.

 

– Выстава, якая называецца “Къ спорту!” – гасцявая, – расказвае метадыст і экскурсавод Тарэса Казіміраўна Бялячыц. – Яе прадставіў нам Нацыянальны музей гісторыі Беларусі. Яна расказвае, як на Беларусі зарадзіўся і развіваўся спорт. У 1890 годзе на пасаду Мінскага гарадскога галавы быў абраны Караль Чапскі. Менавіта па яго ініцыятыве ў Мінску быў створаны шэраг грамадскіх і дабрачынных арганізацый, у тым ліку і Мінскае таварыства аматараў спорту, якое абрала яго сваім старшынёй. На тэрыторыі Губернатарскага саду – сёння гэта парк імя М. Горкага – быў пабудаваны комплекс спартыўных збудаванняў: велатрэк, зімовы каток і іншыя.

 

 

Якія віды спорту развіваліся ў той час? Адным з самых запатрабаваных сярод гарадскога насельніцтва быў кракет. Не саступалі яму ў папулярнасці і гарадкі. Гульнёй арыстакратаў доўгі час лічыўся тэніс, пляцоўкі для яго былі пабудаваны ў многіх дваранскіх сядзібах і гарадскіх парках. Адным з самых даступных відаў спорту лічылася гімнастыка. Яшчэ ў XIX стагоддзі ўрокі па гімнастыцы былі абавязковымі практычна ва ўсіх навучальных установах Еўропы.

 

 

У канцы ХІХ стагоддзя набывае папулярнасць актыўны адпачынак – катанне на каньках і лыжах. Паступова развіваецца і веласіпедны рух, але з-за высокай цаны веласіпедаў даступны яны былі ў пераважнай большасці толькі для людзей заможных. Заснавальнікам і капітанам першай на Беларусі футбольнай каманды стаў адзін з наймацнейшых футбалістаў Расійскай імперыі таго часу г-н Лібман. Пакуль у 1910 годзе ён не прыехаў на працу ў Гомель, пра гэты від спорту мала хто ведаў. Слых пра новую гульню вельмі хутка распаўсюдзіўся сярод моладзі, і праз некаторы час футбольныя каманды пачалі стварацца па ўсёй Беларусі.

 

 

Яшчэ многа цікавых фактаў можна даведацца, калі пабываць на выставе. А заадно і ўбачыць, як апраналіся аматары таго ці іншага віду спорту, паганяць мяч на інтэрактыўнай пляцоўцы “Настольны футбол (кікер)”.
На выставе арганізаваны таксама і тэматычныя фотазоны, дзе можна віртуальна перанесціся ў мінулае, адчуць сябе спартсменам XIX стагоддзя і зрабіць здымак на памяць.

 

Крэатыўныя педагогі Палаца творчасці дзяцей і моладзі вырашылі дапоўніць прапанаваную музеем выставу. Экспанатамі сталі кубкі і іншыя ўзнагароды, атрыманыя юнымі спартсменамі Шчучыншчыны – выхаванцамі клубаў і спартыўных аб’яднанняў. Сярод іх і кубкі, заваяваныя навучэнцамі педагога дадатковай адукацыі Уладзіміра Барысавіча Шурупава. Дарэчы, больш падрабязна  даведацца пра дасягненні юных спартсменаў Клуба спартыўных адзінаборстваў можна, калі паглядзець спецыяльна падрыхтаваны відэаролік.  

Выстава “Къ спорту!” затрымаецца ў нашым горадзе да 4 красавіка. Наведаць яе можна з панядзелка па суботу з 10.00 да 13.00 і з 14.00 да 18.00 па папярэднім запісе (74-0-52). Кошт экскурсіі – два рублі.
Пашырце свой кругагляд – пабывайце на выставе. Паверце, не пашкадуеце!

 

Ганна РУДСКАЯ. 

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!