Дакрануцца да сівой даўніны Ваўчкоў. Пра цікавыя факты з гісторыі роднай вёскі і з жыцця сваіх продкаў расказвае мясцовы жыхар Антон Антонавіч Юрэвіч

 

У вёску Ваўчкі Орлеўскага сельсавета мы трапілі не выпадкова. Гэту невялікую вёсачку з цікавай гісторыяй нам параіла наведаць Марыя Бярнацкая. Марыя Осіпаўна нарадзілася і вырасла ў гэтых прыгожых мясцінах каля Нёмана, і хоць ужо многа год жыве ў Гродне, але сваю малую радзіму не забывае і часта там бывае.

 

Вось і на гэты раз яна згадзілася быць нашым гідам і прыехала разам са сваім сынам.

 

-- Ёсць у Ваўчках людзі, якія цікавяцца гісторыяй нашай вёскі, якія многа ведаюць пра сваіх продкаў і шануюць свае карані, -- расказвае жанчына. – Мне таксама заўсёды хацелася больш даведацца пра свой род. Толькі вось расказаць штосьці пра маіх продкаў ужо няма каму, а дакументы не захаваліся. Ведаю толькі, што адносіліся мае прапрадзеды да шляхты. А вось жыхар Ваўчкоў Антон Антонавіч Юрэвіч ведае шмат цікавых фактаў і пра нашы мясціны, і пра свой род.  

 

Домік Антона Антонавіча “прытуліўся” да Ваўчкоў на ўcкрайку вёскі. Гаспадар быў дома, займаўся хатнімі справамі. Аднак адразу згадзіўся падзяліцца з намі вядомымі яму гістарычнымі фактамі.

 

-- Ведаеце, я лічу, калі ты хочаш чалавекам звацца, абавязкова павінен ведаць сваіх продкаў і свае карані, -- выказаў ён сваю думку. – Мне ўдалося скласці радаслоўнае дрэва да сёмага калена. Дапамагла ў гэтым старэйшая дачка Марына. Каб знайсці хоць якія звесткі, яна звярталася ў архівы ў Вільнюсе і Гродне. Напрыклад, захоўваюцца нават такія незвычайныя звесткі. Мой прапрапрапрадзед Мікалай адносіўся да шляхецкага роду і быў двойчы жанаты. Дык вось пасля яго смерці яго жонкі нават судзіліся за шляхецкую плашч-накідку кунтуш і шашку, якія яму належалі. Што тычыцца гісторыі нашай вёскі, яна даволі цікавая. Тут непадалёку, на самым беразе Нёмана, знаходзіўся маёнтак пана Карпінскага. Побач з маёнткам была пабудавана карчма. Туды заязджалі плытагоны, што сплаўлялі па Нёмане плыты, і бурлакі, якія цягалі баржы. Там нават месца засталося, дзе яны часова складзіравалі зерне. Многія сплаўляліся аж да Коўна, як яны раней называлі Каўнас. А назад пяшком вярталіся. Па дарозе знаёміліся з дзяўчатамі, жаніліся...

 

 

Бацька расказваў, што на адным баку Немана ў пана быў сенакос, а на другім ён даваў пашу для жывёлы вяскоўцаў. Дык вось, многія туды коней пасці ганялі. Загоняць і застаюцца там на ноч. А ў пана Карпінскага, па ўсім відаць, фартэпіяна было. Калі яго дочкі ігралі, музыка над вадою далёка разносілася, а хлопцы вясковыя слухалі. Сенакосы ў пана добрыя былі: па 60 вазоў сена касілі. Усю яго шматлікую жывёлу трэба было карміць. І, казалі, плаціў ён за работу нядрэнна. Хто з вяскоўцаў меў больш сваёй зямлі, працаваў на сваім надзеле. А ў каго было менш – ішоў да пана працаваць. У Карпінскага была яшчэ адна сядзіба ў Віцебскай вобласці. Бывала, ён наймаў людзей і пераганяў туды жывёлу. Так, перад самай вайной 1914 года мае два дзядзькі, яны зуcім маладыя былі, таксама ўдзельнічалі ў такім перагоне. І засталіся працаваць у пана на Віцебшчыне. Крыху адступаючы ад тэмы, раскажу, што адтуль іх і на вайну забралі. Адзін дзядзька ўдзельнічаў у баях пад Смаргонню. Вельмі доўга прыйшлося прастаяць у акопах па калена ў вадзе, і ён моцна захварэў. Лячэнню паддаваўся дрэнна, таму яго пераправілі ў Маскву. Па стане здароўя на фронт яго больш не накіроўвалі, а паслалі ў Петраград. Там ён аказаўся якраз у той час, калі пачыналася рэвалюцыя. Аднойчы на адным з мітынгаў слухаў розныя выступленні, і толькі пазней зразумеў, што знаходзіўся побач з Леніным. А ў той момант ён нават добра не ведаў, хто гэта. Вось як бывае! Пасля рэвалюцыі дзядзьку разам з братам забралі служыць у харчовую міліцыю. Яны стаялі ў горадзе Елабуга на рацэ Кама і змагаліся з кантрабандыстамі. Вярнуліся мае дзядзькі з вайны ўжо калі Польшча была. Як расказвалі вяскоўцы, людзі тут не галадалі. Працавалі многа. А вось што тычыцца пана Карпінскага, свае землі ён распрадаў і тут больш не паказваўся.

Дачка Антона Антонавіча Марына, працуючы ў архівах, заадно збірала інфармацыю і пра сваіх аднавяскоўцаў і іх родных. Напрыклад, у родзе Марыі Осіпаўны Бярнацкай быў Вінцэнты Бярнацкі, які ў 1795 годзе прымаў удзел у пасяджэнні апошняга пры каралі Станіславе Панятоўскім сейме Рэчы Паспалітай. А па расказах вяскоўцаў, адзін з Бярнацкіх яшчэ пры цары быў паштальёнам. Ён вельмі шкадаваў свайго каня, таму хадзіў па пошту  пяшком аж у Гродна: дзень ідзе ў той бок, там начуе і вяртаецца на наступны. Шляхецкі род Бярнацкіх быў даволі заможны: казалі, на вяселлях яны дарылі толькі «залатнікамі». І ўсе многа працавалі на зямлі.

 

Прызнацца, размаўляючы з Антонам Антонавічам, шчыра здзіўлялася яго гістарычным ведам.

 

-- Не, у мяне няма гістарычнай адукацыі, -- адказаў ён на маё пытанне пра сваю прафесію. – Я працаваў у сельскай гаспадарцы, некаторы час быў старшынёю Орлеўскага сельвыканкама. Але ў мяне ёсць вялікае жаданне ведаць свае карані і гісторыю малой радзімы. Таму і стараўся запомніць усё, што расказвалі мае бацькі, аднавяскоўцы, штосьці запісваў. Складаў радаслоўныя дрэвы і для некаторых жыхароў Ваўчкоў паводле інфармацыі, якую ўдалося знайсці Марыне.   

 

А так, што тычыцца нашай вёскі, чуў такія меркаванні, што назву сваю яна атрымала ад землеўладальніка Ваўчкевіча, якому некалі належала гэта зямля. Побач з вёскай рэчка Дайнароўка цячэ. Раней яна была вялікая і паўнаводная, цяпер абмялела. Дык вось, нашы Ваўчкі называлі Дайнароўскія. Яшчэ дзесьці ў 1960 годзе ў вёсцы пражывала 220 чалавек. А ў гэтым годзе ўжо толькі 38. А цяпер і таго менш. На жаль, вымірае вёска…

 

Пакуль мы размаўлялі з Антонам Антонавічам, да нас далучыўся яшчэ адзін нераўнадушны жыхар Ваўчкоў, які таксама любіць сваю родную вёсачку і шмат помніць з яе гісторыі, Іван Іванавіч Бардоўскі.

 

-- Наш род тут пачаў мой дзед, калі, ажаніўшыся з бабуляй, прыйшоў сюды ў прымы, -- расказвае Іван Іванавіч.

 

-- Я тут нарадзіўся, тут вырас. Многае помню з таго, што адбывалася за гэтыя гады, штосьці ведаю з расказаў.

 

І Іван Іванавіч з Антонам Антонавічам пачалі ўспамінаць, што некалі ў Ваўчках быў млын, які належаў яўрэю.  Пра месца, дзе ён знаходзіўся, ведаюць многія ваўчкоўцы. Яшчэ ў вёсцы была ўніяцкая царква, якую потым зачынілі. А ў 1937 годзе ў Ваўчках пабудавалі вялікі клуб, фундамент якога быў пакладзены з чэсанага каменю. Яны помняць, як ствараліся калгасы, як адбывалася калектывізацыя, як жыла наша краіна ўсе гэтыя гады…

Ад’язджаючы з Ваўчкоў, мы заехалі на мясцовыя могілкі, дзе знайшлі свой апошні спачын прадстаўнікі роду Бярнацкіх. На многіх надмагільных плітах і камянях ужо немагчыма разабраць дату іх пахавання, але відавочна адно: некаторыя з іх хутчэй за ўсё пайшлі з жыцця не ў мінулым стагоддзі, а значна раней. Значыць, старажытны шляхецкі род Бярнацкіх жыў на гэтых землях некалькі соцень год.

 

Сустрэчы з такім людзьмі, як Антон Антонавіч Юрэвіч – гэта сапраўдны падарунак лёсу. Дзякуючы таму, што яны ведаюць і шануюць гісторыю свайго роднага краю, у іншых людзей таксама ёсць магчымасць даведацца пра ўнікальныя факты і падзеі, дакрануцца да сівой даўніны…

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!