Дакапацца да праўды: у Шчучынскім раёне вядзе працу 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Міністэрства абароны

 

У аўторак, 13 верасня, на тэрыторыі Шчучынскага раёна пачаў працу 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Міністэрства абароны. Гэтае ўнікальнае падраздзяленне адзінае ў краіне займаецца пошукам і ідэнтыфікацыяй астанкаў загінулых вайскоўцаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

 

Мэта батальёна ў нашым раёне – знайсці месца расстрэлу яўрэяў нацыстамі на полі каля вёскі Еўлашы Дэмбраўскага сельсавета. Дзякуючы сведчанням старажылаў вядома, што ў 1941-1942 гадах на гэтым месцы было расстраляна прыблізна ад 6 да 15 чалавек. Пасля вайны жанчыны баяліся тут жаць жыта і называлі гэтую зямлю “гарачай”.

 

У гады акупацыі ў вёсцы Еўлашы знаходзілася нямецкая камендатура, тут жа, у старой кузні, згодна са сведчаннямі, утрымліваліся ахвяры.

 

Па інфармацыі пракурора Шчучынскага раёна Аляксандра Дзямідава, на меркаваным месцы расстрэлу з дапамогай металашукальнікаў былі знойдзены нямецкія патроны і планка для іх. Аднак баёў у гэтай мясцовасці не было, таму хутчэй за ўсё арсенал належаў карнікам.

 

Аляксандр Дзямідаў расказаў, як збіраліся сведчанні аб расстрэле яўрэяў пад Еўлашамі:

 

– Сведкаў тых жудасных падзей ужо не засталося, але мы мелі гутарку амаль з усімі старажыламі Еўлашоў і навакольных вёсак Чапаеўка, Кухары, Барысаўка і Вайкалы. Гэтым людзям яшчэ бацькі расказвалі пра расстрэл. Дзесяць чалавек мелі канкрэтныя звесткі і таму сталі сведкамі ў крымінальнай справе па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.   

 

Байцы 52-га асобнага батальёна вядуць пошукі шчупавым метадам. Гэта значыць, што зямля ў перыметры прыблізнага месца расстрэлу пратыкаецца доўгімі металічнымі шчупамі, якімі можна вызначыць, дзе ў мінулым магла быць выкапана яма. Пошукавая праца на полі мае шэраг складанасцей, бо ўгнаенні, якія выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, могуць раз’есці патэнцыйныя знаходкі.

 

Весці раскопкі на месцы расстрэлаў мірнага насельніцтва цяжэй, чым там, дзе былі баі. Справа ў тым, што салдаты мелі пры сабе каскі, медальёны, зброю, якія лёгка знаходзяцца металашукальнікам. У звычайных людзей перад расстрэлам рэчы, у тым ліку з металу, забіралі. Таму сёння, каб дакапацца да праўды, байцам 52-га батальёна трэба з дапамогай доўгіх шчупаў і рыдлёвак абследаваць метр за метрам меркаванай тэрыторыі, на якой восем дзясяткаў гадоў таму адбылася жудасная трагедыя.

 

Пошукі гэтыя нялёгкія, аднак вельмі важныя для нас, тых, хто сёння жыве на беларускай зямлі. Памятаць аб балючых падзеях гісторыі – наш святы абавязак, бо толькі тыя людзі, якія не забываюць пра зверствы мінулага, не дапусцяць іх у будучым. Ніколі зноў.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!