Да свята – узнагароды і пашана. На Шчучыншчыне ўрачыста адзначылі Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці

 

Урачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, прайшло ў сераду ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі. На свяце па добрай традыцыі падвялі вынікі сельскагаспадарчага года, падзякавалі аграрыям за добрасумленную працу і ўручылі заслужаныя ўзнагароды.

 

У актавай зале сабраліся лепшыя работнікі галіны, кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак і прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці, ветэраны працы, госці. Павіншаваць аграрыяў прыехалі старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Міхалюк.

 

 

 

Адкрылася ўрачыстасць тэатралізаваным пралогам, гаспадару раёна -- старшыні райвыканкама Аляксею Садоўскаму ўручылі каравай духмянага хлеба сёлетняга ўраджаю, як сімвал дастатку і працвітання.

 

-- Па добрай традыцыі мы кожны год збіраем такі прадстаўнічы форум, каб падвесці вынікі вельмі важнай і ганаровай працы, парадавацца нашым поспехам, уручыць заслужаныя ўзнагароды самым лепшым, -- сказаў кіраўнік раёна. – Дасягненні аграпрамысловага комплексу Шчучыншчыны -- гэта вынік напружанай, паўсядзённай працы людзей, якія працуюць у гэтай галіне. Працаваць у сельскай гаспадарцы -- значыць аддаваць зямлі цяпло сваіх рук, свой клопат, укладваць душу і талент у любімую справу. І трэба сказаць, такіх людзей у нас нямала. Яны -- наш гонар!

 

Кіраўнік раёна падзякаваў усім работнікам аграпрамысловага комплексу за неацэнны ўклад у развіццё эканомікі раёна і выказаў упэўненасць у тым, што яны і надалей будуць працаваць з поўнай аддачай на карысць роднай Шчучыншчыны.

 

 

Лепшыя працаўнікі аграпрамысловага комплексу, паднімаючыся на сцэну, атрымалі з рук старшыні райвыканкама і старшыні раённага Савета дэпутатаў Ганны Хвядзюк Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы. Сярод узнагароджаных -- загадчыца склада Шчучынскага філіяла ААТ “Малочны Мір” Алеся Радзько, лабарант Марыя Радзівон і машыніст Алена Гульцяева з гэтага прадпрыемства, аграхімік УКПВП “Гроднааблаграхімізацыя” Алена Лейка, галоўны заатэхнік-селекцыянер аддзялення “Цэнтр селекцыі і генетыкі ў свінагадоўлі” Валянціна Асцюкевіч, аператар машыннага даення ААТ “Орля” Антаніна Скерсь, вадзіцель Шчучынскай ветстанцыі Ягор Шулейка, намеснік брыгадзіра СВУ “Пратасаўшчына” Сяргей Гулько, аператар ААТ “Шчучынская птушкафабрыка” Іван Сільвановіч, вадзіцель ААТ “Шчучынаграхімсэрвіс” Валерый Сарока, кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Ліпнішкі-агра” Валерый Адашчык, галоўны спецыяліст Шчучынскага філіяла Гродзенскага племпрадпрыемства Аляксандр Куроўскі,  токар ААТ “Шчучынскі рамонтны завод” Аляксандр Васько, брыгадзір вытворчай брыгады ТАА “ЛОГАЛ-БІЯ” Таццяна Пракаповіч, трактарыст-машыніст ААТ “АграГЖС” Дзмітрый Караеў, начальнік вытворчасці ТАА “Праймілк” Андрэй Садоўскі, галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віктар Дзядовіч.

        

 

Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта таксама павіншавала працаўнікоў АПК раёна, тых, хто ад зары да зары працуе на зямлі, вырошчвае хлеб, пастаўляе на нашы сталы малако і мяса, а таксама ветэранаў, працай якіх ствараліся вытворчыя магутнасці, і якія сёння перадаюць веды і вопыт моладзі: “Складаная і ганаровая праца аграрыяў заўсёды заслугоўвала прызнання і павагу і яшчэ доўга будзе запатрабавана. Стан спраў у аграрным сектары напрамую закранае інтарэсы практычна кожнага грамадзяніна і ў вырашальнай ступені вызначае харчовую бяспеку краіны. Я ганаруся дасягненнямі ўсіх працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Шчучынскага раёна. Дзякуй вам вялікі за сумленную працу, за надзейнасць, адданасць сваёй справе”.  

 

 

Са святам шчучынцаў павіншаваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Міхалюк, які адзначыў, што ў свеце шануюць высакаякасныя беларускія прадукты харчавання, і ў гэтым вялікая заслуга працаўнікоў вёскі: “Дзякуй за працавітасць і адказнае стаўленне да справы, вытрымку і высокую самааддачу. Жадаю ўсім новых поспехаў на карысць роднай Беларусі., добрага надвор'я і багатых ураджаяў.

 

 

Першы намеснік старшыні - начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ігар Аверка, звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстасці, падкрэсліў, што гэты сельскагаспадарчы год прынёс Шчучынскаму раёну добрыя вынікі. Працаўнікі раёна намалацілі больш за 130 тысяч тон збожжа. Шчучынскі раён заняў другое месца ў вобласці ў спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы травяных кармоў. Нарыхтавана больш за 161 тыс. тон кармавых адзінак. ААТ "Дэмбрава" займае другое ганаровае месца па нарыхтоўцы травяных кармоў сярод усіх сельскагаспадарчых арганізацый вобласці. Трэцяе месца ў Гродзенскай вобласці раён займае па надоі малака на карову, валавая вытворчасць якога склала 119 тыс. тон.

 

Цэнтральным момантам свята стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў раённага спаборніцтва на нарыхтоўцы травяных кармоў у 2022 годзе. Пераможцамі сталі працоўныя калектывы ААТ “Дэмбрава”,  СВУ “Пратасаўшчына” і ААТ “Шчучынаграпрадукт”. Узнагароды і грашовыя прэміі атрымалі таксама лепшыя камбайнеры кормаўборачных комплексаў і вадзіцелі аўтамашын.

 

 

Падчас свята старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі і яго першы намеснік Ігар Аверка за добрасумленную працу і высокія дасягненні ўзнагародзілі і многіх іншых працаўнікоў галіны: механізатараў і жывёлаводаў, аператараў і рабочых, спецыялістаў прадпрыемстваў АПК Шчучыншчыны. Магчымасцю ў чарговы раз адзначыць працу работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці скарысталіся старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Юрэвіч і старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Юрый Пашук.

 

 

Ні адно свята не абыходзіцца без добрага настрою і, вядома ж, без шчырай песні і танца. Сваю творчасць працаўнікам сельскай гаспадаркі дарылі артысты раённага цэнтра культуры і народный творчасці і выхаванцы Палаца творчасці дзяцей і моладзі.

 

 

Дарэчы, дзяржаўныя і ганаровыя ўзнагароды напярэдадні прафесійнага свята ўжо былі ўручаны. Так, медалём "За працоўныя заслугі" і нагрудным знакам "За заслугі ў сельскай гаспадарцы" ўзнагароджаны дырэктар СВУ "Пратасаўшчына" Віктар Семяновіч. Падзяка прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь аб'яўлена трактарысту-машыністу гэтага прадпрыемства Андрэю Вербалю.

 

17 і 18 лістапада ў Гродне і Мінску адбудуцца мерапрыемствы, прысвечаныя Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, у якіх прымуць удзел і дэлегацыі нашага раёна. На ўрачыстасцях прадстаўнікі Шчучыншчыны таксама будуць адзначаны заслужанымі ўзнагародамі.

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!