Цёткінская бібліятэка сёння адзначыла 80-годдзе. Паглядзіце, у якой прыўзнятай атмасферы праходзіла ўрачыстасць

15 верасня, у Дзень бібліятэк, шчучынскія бібліятэкары ладзілі цудоўную імпрэзу не толькі з нагоды свайго прафесійнага свята, але і 80-годдзя ўтварэння бібліятэчнай сістэмы раёна. У прыгожа аформленай канферэнц-зале сабралася багата ганаровых гасцей, чытачоў і калег. Усе разам з настальгічнай асалодай перагарнулі старонкі летапісу культасветустановы.

 

 

 Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк і намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта перадалі прывітальны адрас калектыву раённай бібліятэкі імя Цёткі ад кіраўніка раёна Аляксея Садоўскага і Падзячны ліст, выказалі самыя цёплыя словы дырэктару культасветустановы Аляксандры Янкоўскай і ўсяму калектыву за плённую работу, выхаванне любові і павагі да кнігі ў самых маленькіх чытачоў і ўменне зацікаўлена працаваць з дарослай аўдыторыяй, за тое, што ў сценах бібліятэкі заўжды лунае дух творчасці.

 

 

-- Вы не спыніліся ў развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы пасля рэканструкцыі будынка бібліятэкі ў 2015 годзе, і працягваеце ісці ў нагу з часам, укараняеце інавацыі, рэалізуеце новыя праекты. За гэта таксама вялікі дзякуй вашай крэатыўнай камандзе, -- дадала Ганна Станіславаўна.

З кветкамі і падарункамі прыйшлі павіншаваць бібліятэку-юбілярку намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Цюсіна і галоўны спецыяліст аддзела Кацярына Дзенуць.

 

 

Аб высокай місіі храма кнігі і духоўным прадвызначэнні распавёў гутарку святар Ігар Каласоўскі, і перадаў у фонд райбібліятэкі некалькі тамоў праваслаўнай літаратуры.

Эмацыянальна кранальным было выступленне дырэктара дзяржаўнай установы культуры “Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі” Аляксандры Янкоўскай, якая ўручыла падарункі ветэранам бібліятэчнай справы і самым адданым чытачам. Усяго, як зазначыла Аляксандра Мікалаеўна, сёння 3,5 тысячы чытачоў самых розных узростаў і інтарэсаў цесна сябруюць з галоўнай бібліятэкай раёна.

 

 

 Успамінамі аб чытальнях свайго дзяцінства і юнацтва падзяліўся пісьменнік Іван Пяшко, падкрэсліўшы, што ён заўсёды знаходзіў разуменне і падтрымку ў шчучынскай райбібліятэцы. А паэт Рычард Бялячыц з натхненнем прачытаў спецыяльна напісаны да гэтага юбілею верш “Цётчын дом”. Па-сапраўднаму расчулілі прысутных відэавіншаванні ад чытачоў, сельскіх калег і ветэранаў бібліятэчнай справы.

А якое ж свята без песні? Свае музычныя падарункі падрыхтавалі ўдзельнікі народнага ансамбля народнай песні “Медуніцы” РЦКІНТ на чале з Генадзем Пановым і выхаванцы Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў.

 

 

Вядучая імпрэзы Юлія Міхайлава запрашала гасцей перагартаць віртуальныя старонкі “старога альбома”, па-добраму пажартаваць над прафесіяй бібліятэкара, паглядзець экспазіцыю, што ўтварылася з творчых работ і падарункаў чытачоў.

-- Няхай святло, якое выпраменьваюць добрыя і мудрыя кнігі, дапамагае вам ва ўсіх паўсядзённых справах і ўчынках, -- такое пажаданне гучала напрыканцы мерапрыемства. -- А багаты і ўнікальны вопыт, што накоплены ў гэтых сценах, будзе служыць усім нашым землякам.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!