Чым здзівіць рэспубліканскае купальскае свята «Александрыя збірае сяброў»
Крыху болей чым месяц застаецца да гэтай прыгожай падзеі з народным паходжаннем. Авеянае таямніцамі і легендамі, чаканнем нечага хвалюючага і абавязкова прыемнага, Купалле не перастае здзіўляць і радаваць. І адзначаць яго ўсёй нашай краінай у Шклоўскім раёне ў маляўнічым запаветным куточку на беразе Дняпра, на мяжы Магілёўскай і Віцебскай абласцей, стала ўжо добрай традыцыяй. Бо што можа быць лепей, чым сабрацца ў самы разгар лета вялікай дружнай сям'ёй на стракатым ад разнатраўя купальскім лузе, паназіраць за гульнямі гарэзлівых матылькоў, паслухаць спевы галасістых птушак? А разам з тым пасмакаваць беларускія стравы, замілавацца народнымі спевамі і танцамі, павадзіць карагод, прымераць купальскі вяночак.
Аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») паклапаціўся стварыць для гэтага ўсе ўмовы. На гэтым тыдні ў Александрыі прайшло яго чарговае пасяджэнне, у якім прынялі ўдзел намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, міністры культуры Анатоль Маркевіч і інфармацыі Уладзімір Пярцоў. Была яшчэ раз прааналізавана падрыхтоўчая работа і дадзена ацэнка ступені гатоўнасці свята па ўсіх кірунках.
Сёлета, улічваючы складаную эпідэміялагічную абстаноўку, фестываль будзе доўжыцца ўсяго адзін дзень замест двух — 10 ліпеня. Намеснік прэм'ер-міністра звярнуў увагу на стварэнне і выкананне ўсіх неабходных санітарна-эпідэмічных умоў, якія актуальныя падчас пандэміі. Што датычыцца праграмы і месца дзеяння, то тут таксама ўсё павінна быць адшліфавана і даведзена да дасканаласці. Мясцовыя ўлады і Магілёўскі аблвыканкам папярэджаны аб неабходнасці прымаць аператыўныя рашэнні ў арганізацыі маштабнага фестывалю.
— Гэта свята — брэнд для ўсёй краіны, — падкрэсліў важнасць мерапрыемства Ігар Петрышэнка. — Засталося зусім мала часу да яго пачатку, і вельмі важна яшчэ раз прапрацаваць усе пытанні. Трэба дадаць навізны ў фестывальную праграму, захоўваючы пры гэтым яе нацыянальны каларыт.
Праграма фестывалю абяцае быць як заўсёды насычанай і разнастайнай. Акрамя традыцыйных пляцовак, якія карыстаюцца папулярнасцю ў гасцей — «Свята кнігі», «Кірмашовых забаў», рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар вёскі», дзе традыцыйна выбіраюць найлепшую сельскую сям'ю Беларусі, будуць і навінкі. Сярод іх — незвычайны канцэрт-караоке.
Купалле ў стылі беларускага ручніка
— У яго праграме прагучаць музычныя творы беларускіх выканаўцаў і калектываў, песні, якія спадабаліся людзям і засталіся ў іх памяці, — звярнуў увагу намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.
Упершыню на свята ў Александрыю прыедзе трупа Купалаўскага тэатра. «Гэта будзе ўнікальная магчымасць для жыхароў аграгарадка і гасцей фестывалю ў камернай абстаноўцы паглядзець спектакль аднаго з найлепшых тэатраў», — падкрэсліў Ігар Петрышэнка.
Напярэдадні Купалля ў Александрыі тэатр выступіць на сцэнах Магілёўскага і Бабруйскага драмтэатраў. Гэта будзе своеасаблівай рэпетыцыяй перад Александрыяй.
Галоўная падзея свята — гала-канцэрт, на якім традыцыйна прысутнічае Прэзідэнт краіны. Сёлета ён пройдзе пад назвай «Песні маёй краіны». Білеты на гала-канцэрт ужо ў продажы, іх можна набыць на сайце kvіtkі.by. «Яго праграма складзена па заяўках жыхароў Александрыі», — падкрэсліў міністр культуры Анатоль МАРКЕВІЧ.
Гледача ўразяць і тэхнічныя магчымасці сцэны, якая будзе круціцца. Гэта дазволіць хутка мяняць дэкарацыі пад кожны нумар і рабіць цікавыя сцэнічныя замалёўкі. У канцэрце будуць задзейнічаны зоркі не толькі беларускай эстрады.
Купалле ў Александрыі заўсёды ўражвае ўдзельнікаў і гасцей вялікімі гандлёвымі радамі, дзе можна знайсці ўсё, што душы патрэбна. Як паведаміў карэспандэнту «Звязды» старшыня Александрыйскага сельвыканкама Мікалай Стаякоў, на купальскай лугавіне прадпрыемствы і арганізацыі раёна ўжо вядуць падрыхтоўку для будаўніцтва асобных пляцовак для кожнай вобласці. Гэта, дарэчы, таксама навінка сезона. Гасцям будзе вельмі зручна азнаёміцца з дасягненнямі кожнага рэгіёна. Тут можна будзе набыць як прамысловыя, так і харчовыя тавары на любы густ.
Абяцае ўразіць і інтэрактыўная выстава навінак буйнога беларускага вытворцы Мінскага трактарнага завода. Кожны жадаючы зможа не толькі сфатаграфавацца на фоне перадавой тэхнікі, але і нават пасядзець за рулём. Завод плануе пазнаёміць усіх, хто цікавіцца гісторыяй машынабудавання, з асаблівасцямі свайго развіцця. Дэманстрацыя навінак адбудзецца пад маркай «Зроблена ў Беларусі».
Будзе чым захапіцца і аматарам кнігі. Найлепшыя літаратурныя творы, навінкі, прэзентацыі запланаваны на пляцоўцы «Свята кнігі». Гасцей тут будуць сустракаць пісьменнікі і творчая інтэлігенцыя. Яны ўжо гатовыя абмеркаваць новыя тэндэнцыі ў літаратуры.
На свята запрошана болей чым 60 майстроў з Расіі і Украіны. Пра гэта карэспандэнту «Звязды» паведаміў старшыня Рэспубліканскага савета па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь Алег Хмялькоў.
— Гэта нашы даўнія партнёры, і ніякія знешнія змяненні не могуць паўплываць на нашы з імі адносіны, — падкрэсліў ён.
Усё, што будзе адбывацца на купальскай лугавіне, звязана з тэмай беларускага ручніка. А народныя ўмельцы і майстры прадэманструюць «ручнік народнага адзінства».
— Гэта повязь часоў, сімвал культуры, сямейных стасункаў, — кажа Алег Хмялькоў. — Спрадвечна ўсё жыццё чалавека было звязана з ручніком — ад нараджэння да апошняга ўздыху. Таму і тэма выбрана такая. Яна пройдзе чырвонай ніткай праз увесь фестываль, па ўсім сцэнарыі свята.
Адпаведна, і адкрыццё фестывалю будзе звязана з тэматыкай ткацтва. Усе вобласці, дарэчы, ткуць да Купалля ў Александрыі свае ручнікі, яны потым будуць прадстаўлены ў агульным варыянце.
Да радасці дзяцей запланаваны цыркавыя выступленні, гурманаў парадуюць майстры кухарскай справы, аматараў народных твораў — рамеснікі і майстры, а паказытаць нервы дапамогуць авіятары, якія пакажуць захапляльнае паветранае шоу. Завершыць вялікую праграму традыцыйнае купальскае вогнішча, пасля якога да дзвюх гадзін раніцы будзе грымець вясёлая маладзёжная дыскатэка.
Намеснік старшыні Шклоўскага райвыканкама Аляксандр Іваненка адзначыў, што, акрамя вялікай праграмы на асноўнай пляцоўцы, у рамках купальскага свята будзе адзначацца яшчэ адно свята — 85-годдзе ўтварэння беларускай Дзяржаўтаінспекцыі. Яго пляцоўка будзе знаходзіцца насупраць спарткомплексу «Александрыя», якраз па ходу аўтамабільнага руху гасцей Купалля.
— І там таксама запланавана шмат чаго цікавага і для дзяцей, і для дарослых, — абяцае Аляксандр Іваненка. — Адбудзецца канцэрт зорак беларускай эстрады, будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі, забяспечым відэасувязь з усімі рэгіёнамі Беларусі.
Да ведама тых, хто збіраецца наведаць купальскае свята: прадугледжаны дадатковыя рэйсы чыгуначнага і аўтобуснага транспарту. Расклад іх руху ўжо размешчаны на сайце KUPALLE.BY.
Летась свята наведала каля 60 тысяч чалавек (яно ўпершыню праходзіла пад патранатам ЮНЕСКА), у лепшыя гады гэта лічба даходзіла да 100 тысяч. «У любым выпадку мы гатовы прыняць любую колькасць людзей, — запэўніў Аляксандр Іваненка. — У тым ліку з суседніх нам краін. Некаторыя замежныя калектывы і рамеснікі ўжо пацвердзілі свой прыезд. Калі нічога за гэты месяц не зменіцца, мы будзем рады сустрэць іх на гасціннай беларускай зямлі. Наша свята гатова аб'яднаць не толькі наш народ, але і ўсіх, хто блізкі нам па духу і агульных каранях».